Падзяліцца:
«Вердыкт. На шляху да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
11 снежня 2019
«Вердыкт. На шляху да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Беларусь ушчыльную наблізілася да заключнай стадыі перамоўнага працэсу па ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Што можна чакаць ад гэтага сур’ёзнага кроку? Пакуль мы не з’яўляемся членам гэтага міжнароднага клуба, пры жаданні кожная са 164 краін, якія ў яго ўваходзяць, можа лёгка дыскрымінаваць наш экспарт рознымі спосабамі, каб абараніць свайго вытворцу. Ёсць такі прыклад. Крычаўскі цэментна-шыферны камбінат пастаўляе прадукцыю ва Украіну. Калі ўзніклі спрэчкі са спажыўцамі, украінскі бок павёў да іх вырашэння па сваім нацыянальным заканадаўстве. І нашы пастаўшчыкі аказаліся ў пройгрышы. Калі ж мы ўвойдзем у склад арганізацыі, гэта зрабіць будзе немагчыма, бо галоўны прынцып, на якім засноўваецца яе дзейнасць, – недыскрымінацыя. Яшчэ ў 1999 годзе Указам Прэзідэнта была створана Міжведамасная камісія па пытаннях далучэння Рэспублікі Беларусь да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Гэты працэс расцягнуўся на два дзесяцігоддзі. Зараз ён актывізаваўся. Пачынаючы з 2017 года, падпісаны пратаколы з такімі краінамі-членамі, як Рэспубліка Карэя, Японія, Нарвегія, Эквадор, Гватэмала, Сальвадор, Ісландыя, Аргенціна, Швейцарыя. Чакаецца падпісанне пратакола аб завяршэнні двухбаковых перамоў з Аўстраліяй. Працягваюцца перамовы з шэрагам ключавых членаў: ЕС, ЗША, Канадай, Бразіліяй. Прычым перагаворы па ўступленні вядуцца такім чынам, каб пры ўваходжанні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю былі захаваны нацыянальныя інтарэсы. У межах Праекта Праграмы развіцця ААН «Садзейнічанне ўраду Рэспублікі Беларусь пры ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю праз узмацненне экспертнага і інстытуцыйнага патэнцыялу (5-я фаза)», праведзены адмысловыя мерапрыемствы ва ўсіх абласцях краіны. За круглым сталом для бізнес-супольнасці абмеркаваны найбольш актуальныя пытанні аб працэсе, статусе і наступствах для прадпрыемстваў і галін, а таксама аб правілах. Сёння вялікая работа вядзецца, каб пазнаёміць вытворцаў з прынцыпамі і ўмовамі працы Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Сотні семінараў правялі нацыяынальныя і міжнародныя эксперты. Не менш іх будзе яшчэ праведзена. Прычым, гэта вучоба не павінна перапыняцца і пасля ўступлення. Прадпрыемствы самі шмат зрабілі, каб іх прадукцыя адпавядала неабходным патрабаванням. Членства Беларусі ў ЕАЭС дае таму падставу. Патрабаванні да прадукцыі, якая пастаўляецца ў краіны Саюза, такія ж. Членства Беларусі ў арганізацыі ўмацуе нашы пазіцыі ў перамовах з міжнароднымі эканамічнымі арганізацыямі, такімі як МВФ і Сусветны банк, павысіць яе інвестыцыйную прывабнасць і стане дадатковым важкім фактарам для павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, развіцця малога і сярэдняга бізнесу, бо інвестары і партнёры па бізнесе сёння звяртаюць увагу на тое, ці ўваходзіць краіна ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Зараз ПРААН сумесна з нашымі дзяржаўнымі органамі рыхтуе новую краінавую праграму для Беларусі на 2021-2025 гады, у якой будуць улічаны нацыянальныя прыярытэты на гэты перыяд. Амаль паўгода застаецца да мяркуемага ўступлення нашай краіны. З падпісаннем пратакола аб завяршэнні двухбаковых перамоў з Аўстраліяй, ЕС, ЗША, Канадай, Бразіліяй адпаведнае пытанне будзе вырашацца 12-й міністэрскай канферэнцыяй у Нур-султане ў чэрвені 2020 года. Станоўчае рашэнне пазбавіць нашых экспарцёраў дыскрымінацыі з боку 164 краін- членаў СГА і значна пашырыць рынкі для беларускіх тавараў.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: