Падзяліцца:
«Вердыкт. Навацыі ў адукацыі» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
4 Верасня 2018
«Вердыкт. Навацыі ў адукацыі» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Пачаўся новы вучэбны год для школьнікаў, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў. Напярэдадні радаснай навіной стала пастанова Савета Міністраў "Аб устанаўленні памеру тарыфнай стаўкі першага разраду і павышэнні заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў». Гэта мера, безумоўна, матывуе педагогаў да павышэння якасці адукацыі, да пошукаў і эксперыментаў. Ролю адукацыі ў эканоміцы краіны цяжка пераацаніць. Пераход эканомікі на інавацыйны шлях развіцця могуць забяспечыць толькі высокакваліфікаваныя спецыялісты. Таму важная задача – удасканаленне сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі і з улікам патрэб грамадства і дзяржавы. Рост узроўню адукацыі, безумоўна, паспрыяе больш хуткаму ўкараненню новых тэхналогій і з'яўляецца важнейшым фактарам прагрэсу. Істотныя змены у нацыянальнай палітыцы адукацыі адбываюцца ў сувязі з пераходам на пазіцыі асобасна-арыентаванай педагогікі. Адной з задач сучаснай школы становіцца раскрыццё патэнцыялу ўсіх ўдзельнікаў педагагічнага працэсу, прадастаўленне ім магчымасцей для праяўлення творчых здольнасцей. Вырашэнне гэтых задач немагчыма без удасканалення адукацыйных працэсаў на аснове глыбокага навуковага і практычнага асэнсавання, укаранення эксперыментальна апрабаваных мадэляў, якія б былі найбольш эфектыўнымі, патрабавалі меншых затрат часу, матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў. Інавацыі, альбо новаўвядзенні – гэта ўкараненне новых форм, спосабаў у сферы навучання, адукацыі і навукі. У прынцыпе, любое сацыяльна-эканамічнае новаўвядзенне, пакуль яно яшчэ не атрымала масавага распаўсюджвання, лічыцца інавацыяй. Да апошняга часу інавацыйная дзейнасць ва ўстановах адукацыі не была такой мэтанакіраванай, як сёння. Я ўпэўнена гэта сцвярджаю, бо пазнаёміўся з дакументамі Міністэрства адукацыі. І хачу на прыкладах паказаць, як вядзецца сёння суправаджэнне эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі. Напярэдадні новага навучальнага года Міністр адукацыі выдаў Загад аб эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. У ім пералічаны установы, на базе якіх ажыццяўляецца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць. Рацыянальныя праекты будуць рэалізаваны па прапанове навукова-метадычных устаноў – Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Я пацікавіўся, чаму прысвечаны эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. У сістэме дашкольнай адукацыі будуць апрабаваны методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзіцячым узросце. База эксперымента – яслі-сад №24 горада Полацка. У гімназіі №7 Віцебска апрабуюць мадэль дапрафесійнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. А ў сярэдняй школе №2 Карэлічаў Гродзенскай вобласці – тэхналогія фарміравання канфлікталагічнай кампетэнтнасці суб’ектаў адукацыйных адносін у рамках дзейнасці школьных служб медыяцыі. У 22-й сярэдняй школе Барысава апрабуюцца вучэбна-наглядныя сродкі на аснове віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. У дзевяці мінскіх гімназіях апрабуюцца дыягнастычныя сродкі даследавання пазнавальных здольнасцей навучэнцаў профільных класаў. У 10-й і 53-й сярэдніх школах Мінска распачата апрабаванне рэгіянальнага рэсурснага цэнтра прафілактыкі дэвіянтных паводзін. У дваццаці установах адукацыі і цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі апрабуюцца адукацыйныя праграмы ва ўмовах інклюзіі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізіялагічнага развіцця. Акрамя таго, тэмамі эксперыментаў і інавацыйных праектаў з’яўляюцца развіццё прафесійнага самавызначэння навучэнцаў; развіццё электронных сервісаў для павышэння якасці паслуг ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых; фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых спецыялістаў з выкарыстаннем віртуальнага музея; мадэль прафарыентацыі “Прафарыенцір” і іншыя. Завяршэнне эксперыментаў і праектаў – у 2019 годзе. Адобраныя неўзабаве стануць масавай практыкай навучання і выхавання.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: