Падзяліцца:
14 Лютага 2017
Правільны арыенцір школы – падрыхтоўка да працы і жыцця. А ці ўсё наша школа для гэтага робіць? Вопыт савецкай школы якраз і спатрэбіцца, яго і трэба выкарыстоўваць больш поўна. У ёй давалі практычныя веды, якія дапамагалі правільна абыходзіцца з электрычнасцю. Школьнікі мелі ўяўленне, як бяспечна адрамантаваць той ці іншы прыбор, разетку, умелі абыходзіцца з цяслярнымі інструментамі, трымаць у руках напільнік і сякеру. Элементарные рэчы ўмелі рабіць. А сельскія школьнікі тым, што дапамагалі бацькам па гаспадарцы, гэта ўсё выкарыстоўвалі амаль штодня. Ведалі, як даглядаць жывёлу і ніколі не зблытаюць серп з касой і казу з авечкай. І касілі, і нарыхтоўвалі сена. Дзеці механізатараў на сезон станавіліся памочнікамі камбайнераў. Былі прыстасаваны да жыцця. І жаніліся ўмелымі, і ў арміі былі запатрабаваны іх уменні. Зараз паўстае пытанне пра суботні дзень у школе. Субота якраз павінна стаць для вучняў спартыўным днём, днём працоўнага навучання, а іншы раз і рэпетытарства для тых, хто ў гэтым адчувае патрэбу і хоча падцягнуцца ў вучобе. Шосты школьны дзень разумеецца, як адказ на запатрабаванне дзяцей і бацькоў – навучыць жыць. Мне па журналісцкіх справах давялося размаўляць з міністрам адукацыі на гэту тэму. Ён дзяліўся назіраннямі, якія вынес з гутарак у 1-й Жабінкаўскай школе. Бацькі за тое, каб шосты дзень быў у школе. Гэта магчымасць сустрэцца з настаўнікамі, абмеркаваць поспехі ці няўдачы дзяцей. Ну і заняцца карыснай справай. Для хлопцаў гэта магла быць сапраўды работа ў майстэрнях, для дзяўчат – дамаводства, прыгатаванне ежы, сервіроўка стала ці іншае. Міністэрства ж не абмяжоўвае творчасць педагагічных калектываў, на што звярнуць увагу і як арганізаваць школьны дзень у суботу. Будзе перадавы вопыт, - яго пасля абагульнення парэкамендуюць іншым. Я ўспамінаю сваю школу. Ужо да чацвёртага класа мы былі знаёмы з большасцю інструментаў дрэваапрацоўкі, бо наш Чырвоны Бераг быў лесаўчасткам Гомельскага леспрамгаса. Мы хадзілі на вытворчасць, дзе працавалі бацькі маіх аднагодкаў. Цацкі на ёлку рабілі самі. І ёлку везлі на санках самі і ставілі яе. Нешта выпільвалі лобзікам. І выпальвалі карцінкі. Кошыкі плесці і многае іншае ўжо ў пачатковай школе нас навучыў настаўнік Аляксандр Васільевіч Вольскі. Лепшыя атрымліваліся ў Валодзі Надтачэева. Уявіце сабе: ён зараз - галоўны суднабудаўнік “Адміралцейскіх верфяў” у Санкт-Пецярбургу. А некалі мы з ім і аднагодкамі першыя грошы зарабілі ў падлеткавым ўзросце, калі стругам карылі баланс – паўтараметровыя асінавыя круглякі для адпраўкі на Гомельскі фанера-запалкавы камбінат. А пачынаў Уладзімір прафесійную дзейнасць пасля тэхнічнага вучылішча зваршчыкам на тым жа Адміралцейскім заводзе. Вось вам і падрыхтоўка да жыцця. Бясспрэчна адно: дзеці ў школе перагружаны. Ім некалі займацца спортам. А гэта вельмі патрэбна для здароўя, нармальнага, развіцця. А калі нехта здольны да музыкі, жывапісу, спеваў-танцаў, дзе ўзять на гэта час? Шосты дзень у школе і дасць магчымасць дзецям займацца тым, што ім цікава. Калі да гэтага падысці творча, па-чалавечы, - паўтары-дзве гадзіны факультатыва не перагрузяць дзяцей. А карысць будзе. Міністр адукацыі Ігар Карпенка патлумачыў, што ўдасканаленне вучэбных праграм ідзе пастаянна. Звернута ўвага, што ў школе с 5-га па 9-ы клас на працоўнае навучанне выдзяляецца толькі адна гадзіна на тыдзень. Як жа маладым людзям сфарміраваць уменні, неабходныя ў паўсядзённым жыцці? Гэтаму і можа быць прысвечаны шосты школьны день. А заадно трэба фарміраваць добрасумленныя адносіны да працы, заахвочваць творчасць, ініцытыву і імкненне дасягаць дасканаласці ў любой дзейнасці.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: