Падзяліцца:
«Вердыкт. Навука – вытворчая сіла!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
21 лістапада 2018
«Вердыкт. Навука – вытворчая сіла!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Сёння мы пагаворым пра навуковую сферу, і нагода для таго ёсць – Нацыянальная акадэмія навук Беларусі святкуе 90-годдзе з дня заснавання. Беларуская навука сёння – гонар нацыі. Неад'емнай прыкметай любой развітой краіны з’яўляецца ўласная навука. Яна – адна з важнейшых частак культуры народа, шмат у чым вызначае духоўную і інтэлектуальную атмасферу ў грамадстве. Выдатныя адкрыцці і вынаходствы – не меншы прадмет гонару, чым шэдэўры мастацтва або спартыўныя рэкорды. Беларусь выбрала інавацыйны шлях развіцця, у краіне робіцца ўсё магчымае для падтрымкі вучоных, развіваюцца беларускія навуковыя школы і напрамкі, маральна і матэрыяльна заахвочваюцца лепшыя даследчыкі. Ад вучоных у Беларусі чакаюць інавацый, якія пры злучэнні з фінансамі, пры эфектыўным укараненні ў вытворчасць і іншыя сферы, здольны даць значны эканамічны і сацыяльны эфект. Дзяржава зацікаўлена ў развіцці навукі, бо авалоданне новымі ведамі і тэхналогіямі ператвараецца ў найважнейшую крыніцу сілы і незалежнасці Беларусі. За 90 гадоў акадэмічная навука прайшла шлях ад Інбелкульта да Нацыянальнай акадэміі, адкрыццё якой адбылося 1 студзеня 1929 года. Зараз яна ўяўляе сабой сетку спецыялізаваных навуковых інстытутаў і цэнтраў па розных галінах ведаў, дзе занята больш за 15 тысяч чалавек. Штогод вучоныя даводзяць да завяршэння дзве сотні навукова-тэхнічных распрацовак. Усе яны прадстаўлены на юбілейнай выставе вынікаў інавацыйнай дзейнасці вучоных НАН Беларусі. Як адзначыў Старшыня Прэзідыўма Акадэміі Уладзімір Гусакоў, па выніках 2018 года ўсе распрацоўкі будуць укаранёны ў вытворчасць. Для гэтага наладжана супрацоўніцтва з шэрагам прамысловых, сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў. Кожны ўкладзены рубель дае ад пяці да 100 рублёў прыбытку. Бюджэтныя сродкі – гэта адна пятая частка ад патрэбнасцей акадэміі, астатняе навука зарабляе сама. Укладанне грошай у яе – высокарэнтабельнае, прыбытковае і эфектыўнае, як і ва ўсім свеце. У якасці прыярытэту дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі да 2020 года вызначана развіццё высокатэхналагічных напрамкаў нацыянальнай эканомікі, заснаваных на выкарыстанні бія- і нанатэхналогій, інфармацыйных тэхналогій, новых матэрыялаў. Беларускія вучоныя маюць дасягненні ў космасе, у галіне машынабудавання завяршаюць распрацоўку электрамабіляў. Стварылі суперкамп’ютар, які выконвае 20 трлн. аперацый за секунду. Наладжана вытворчасць 47 медыцынскіх прэпаратаў, на ўзроўні лепшых замежных узораў. Вялікія поспехі дасягнуты ў галіне біятэхналогій. З савецкіх часоў нам знаёмы слоган «Навука – вытворчая сіла». Яно так. У Беларусі сённяшняй ён напаўняецца зместам. Беларуская навука гатова прапанаваць айчынным і замежным вытворцам шэраг найноўшых распрацовак у атамнай галіне, сферы біятэхналогій, інфармацыйных тэхналогій, робататэхнікі, дыстанцыйнага кіравання, зандзіравання тэрыторыі з дапамогай спадарожніка... Зараз НАН Беларусі вырашае задачы інтэгравацца ў эканоміку, працаваць на дасягненне высокіх эканамічных паказчыкаў, забяспечваць інавацыйнае развіццё краіны, навукова-тэхнічны прагрэс. Гэтаму спрыяе ўзросшы прэстыж прафесіі вучонага, штогадовы прыток у 320-350 таленавітых маладых навукоўцаў. Дасягненні беларускіх вучоных запатрабаваны як на радзіме, так і за мяжой. У распрацоўках беларускіх інстытутаў зацікаўлены міжнародныя заказчыкі. Напрыклад, Інстытут цепла- і масаабмену вырабляе люстэркі для касмічнай галіны Кітая. Ёсць заказы з Саудаўскай Аравіі, ЗША. Амерыканскія вучоныя зацікавіліся беларускімі распрацоўкамі ў галіне ядзерных даследаванняў і нанатэхналогій. НАН Беларусі падтрымлівае стасункі з супольнасцямі і арганізацыямі 90 краін. Навука інтэрнацыянальная па сваёй сутнасці, і чым больш будзе праектаў з удзелам замежных калег, тым больш стымулаў для стварэння аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, для эфектыўнай працы, матывацыі навукоўцаў. Зараз надаецца ўвага фарміраванню сістэмы венчурнага фінансавання для прыцягнення пазабюджэтных крыніц фінансавання і ўкараненню новых для Беларусі форм інтэграцыі навукі, адукацыі і вытворчасці на базе арганізацый усіх форм уласнасці (кластары і тэхналагічныя платформы). Гэта пашырыць магчымасці арганізацыі буйных даследаванняў, распрацовак сусветнага ўзроўню і ўмацавання навукова-тэхналагічнага іміджу беларускай дзяржавы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: