Дзве даты супалі па часе і святкуюцца, адна дапаўняючы другую: 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання і 95-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Прайшлі юбілейныя ўрачыстасці, і мне хацелася б паразважаць пра ролю кнігі ў нашым жыцці і веліч справы Францыска Скарыны, якую прадаўжаюць цяперашнія кнігавыдаўцы і прапагандысты кніжнага багацця.
Шматтомнае факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” мы, журналісты, упершыню бачылі на пасяджэнні аргкамітэта па святкаванні юбілею яшчэ ў пачатку года. Да юбілейных урачыстасцей выйшаў з друку апошні, 21-ы, том выдання. На ўрачыстасцях і прэзентацыях я з заміраннем сэрца гартаў найдаражэйшыя фаліянты. Вось яны, цяжка чытальныя, на старабеларускай мове, знакамітыя прадмовы і пасляслоўі, у якія Скарына ўклаў даступную яму мудрасць, патрыятызм, любоў да свайго народа і яскравае жаданне яму аддана служыць. Усё гэта кніжнае багацце займела не толькі Нацыянальная бібліятэка, але і бібліятэкі вну. Перададзены яны і прадстаўнікам дыпламатычных місій, каб у розных краінах пазнаёміліся са спадчынай нашага славутага земляка.
Факсімільнае перавыданне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны стала міжнародным навуковым праектам, які стартаваў у 2013 годзе, калі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Банк БелВЭБ падпісалі пагадненне аб рэалізацыі праграмы, разлічанай на 5 гадоў. Ініцыятары праекта, аб'яднаўшы свой патэнцыял і магчымасці, дасягнулі агульнай мэты – сабраць электронныя копіі асобнікаў кніг Францыска Скарыны з бібліятэк і музеяў свету і ўзнавіць іх у выглядзе шматтомнага факсімільнага выдання. У адным выданні ўдалося прадставіць збор кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе (1517-1519 гады) і Вільні (1522-1525 гады). Праект завершаны да знамянальнай даты для Беларусі і ўсёй сусветнай супольнасці – 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
Юбілей мае асаблівую значнасць у кантэксце сусветнай культуры, у сувязі з чым уключаны ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА. Другі бок скарыніяны – мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею: Міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання", міжнародны выставачны праект "Францыск Скарына і яго эпоха", якія прайшлі днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы.
І яшчэ адзін бок скарыніяны: тэхналогіі вытворчасці паперы і друкавання кніг. Няўмольны час знішчыў друкарскія прылады Скарыны. Узнавіў тагачасную тэхналогію вытворчасці паперы “чарпак” і стварыў цалкам драўляны друкарскі станок гісторык і збіральнік даўніх рэчаў Уладзімір Ліхадзедаў. Такіх станкоў адзінкі ў музеях свету. Да таго ж, наш разборны і прыдатны для дэманстрацыі. Я прысутнічаў на дэманстрацыі вырабу паперы і друкавання на гэтым станку ўзора 16 стагоддзя. Назіраючы за тым, які працаёмкі тагачасны працэс стварэння кнігі, лепш уяўляеш тытанічны подзвіг Францыска Скарыны ў імя свайго народа.
Традыцыі першадрукара працягваюць сённяшнія кнігавыдаўцы. Яны маюць шмат дасягненняў, за што атрымалі ўзнагароды на міжнародных выставах. Тысячы кніг штогод папаўняюць бібліятэкі, пашыраецца кола чытачоў і карыстальнікаў электронных фондаў.
Нацыянальная бібліятэка 11 гадоў таму атрымала сучасны дом у выглядзе брыльянта, напоўнены найноўшымі тэхналогіямі абслугоўвання. Стваральнікі аддалі даніну павагі першадрукару. Перад галоўным уваходам у бібліятэку ўзвышаецца помнік вялікаму беларускаму асветніку Францыску Скарыну, аднаму з тых, хто нёс свет ведаў для нацыі. І сам уваход у бібліятэку выкананы ў выглядзе разгорнутай кнігі з цытатамі на тэму развіцця сусветнай і славянскай пісьменнасці, а таксама словамі з Бібліі Францыска Скарыны “Каб быў дасканалым Божы чалавек” – на 19 мовах свету. Нездарма Фонд культуры Беларусі пашырае ініцыятыву прысвоіць Нацыянальнай бібліятэцы імя выдатнага асветніка зямлі беларускай.