Падзяліцца:
28 Сакавіка 2017
Не перашкаджаць бізнесу развівацца, не стрымліваць ініцыятыву, не кантраляваць яго без меры, дапамагаць людзям ініцыятыўным самарэалізавацца, бо яны даюць працу астатнім, папаўняюць бюджэт. Такія думкі зараз часта гучаць з высокіх трыбун у розных варыянтах. Адзін з апошніх – дасягаць вынікаў не колькасцю, а ўменнем. Усведамленне гэтых думак на вышэйшым узроўні – надзея на палёгку бізнесу. У той жа час бізнес папярэджваюць: вы хацелі менш кантролю – будзе так. А разам з тым будзе ўзмоцнена адказнасць кіраўнікоў за наступствы пры адсутнасці першапачатковага кантролю на стадыі адкрыцця бізнесу. Паводле статыстыкі, ініцыятыўных, прадпрымальных людзей, здольных генерыраваць ідэі, іх ажыццяўляць, кіраваць і арганізоўваць справу, не больш за 5%. Астатнія – выканаўцы, схільныя падпарадкоўвацца. А ініцыятыўныя здольны зрабіць шмат, толькі б ім не перашкаджалі. У савецкі час збольшага ініцыятыва скоўвалася рамкамі сістэмы, існуючай рэгламентацыяй. Мы ведаем заахвочаную актыўнасць некаторых гаспадарнікаў, якая ўпісвалася ў рэчышча калектыўнага гаспадарання, сацыялістычнай ідэі. Прыклад Кірылы Арлоўскага і некаторых іншых дэманстраваў неверагодныя вынікі, адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі. Кірыла Арлоўскі, узнагароджаны Зоркай Героя Савецкага Саюза за ўдзел у грамадзянскай вайне ў Іспаніі, арганізаваў справы ў калгасе “Рассвет” Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці такім чынам, што стаў Героем Сацыялістычнай Працы. Такая актыўнасць заахвочвалася. Але ж рамкі, у якіх апынуліся ініцыятыўныя людзі ў той час, абмяжоўвалі актыўнасць. Безумоўна, стымулам павінна быць матэрыяльнае заахвочванне. Але ж на поўную сілу рычагі матэрыяльнага стымулявання прымяніць было немагчыма. Калі кіраўнік арганізуе інтэнсіўную працу і заплаціць за яе адпаведныя грошы, можа трымаць адказ перад фінансавымі органамі. Я назіраў у 80-я гады мінулага стагоддзя цікавы прыклад у калгасе “Дружба” Старадарожскага раёна Мінскай вобласі, дзе старшынёй быў Адам Ільюшчэня. Ён паабяцаў механізатарам, якіх падрадзіў на затарванне сенажнай траншэі ў кароткі тэрмін, добра заплаціць. А эканамістам загадаў падлічыць усе страты і набыткі пры гэтым. Хлопцы згадзіліся. Калі ж дайшло да аплаты, аказалася, што занятым гэтай справай трэба заплаціць учацвёра больш, чым звычайна: за тыдзень яны зарабілі б тое, што раней атрымлівалі за месяц. Затое ж справу зрабілі, а за астатні час маглі затарыць яшчэ некалькі сенажных траншэй. Старшыня забаяўся столькі плаціць. І тым самым ініцыятыву пагасіў. Праверкі, якія маглі выявіць гэты факт, вымусілі б адказваць за перарасход фонду аплаты працы. Хіба ж камісіі патлумачыш, што зроблена ўчацвёра больш. Ніхто не пойдзе раскопваць траншэі. Так выдатная справа была загублена. Механізатары атрымалі крыху больш, чым звычайна, але энтузіязм згас. І ўжо ўдзень і ўначы, як раней, не працавала тэхніка. Пазней Адам Фёдаравіч стаў кіраўніком Старадарожскага РАПА. Але не думаю, што маючы пэўную ўладу, змог бы ў маштабе раёна рэалізаваць сваю выдатную ідэю. Савецкая сістэма гаспадарання перашкаджала. Што ні кажы, тых, хто выбіваўся з агульнага шэрагу, маглі не толькі заахвоціць, але і пакараць. Забыты ўжо такі прыклад. Пра яго нам, студэнтам журфака, распавёў у свой час дацэнт Мікалай Юшкевіч на занятках па эканоміцы. Іван Худзенка быў таленавітым арганізатарам сельскагаспадарчай вытворчасці ў Казахстане. Наш выкладчык інтрыгаваў сваім расповедам: "Дванаццатага лістапада 1974 года ў адной з турэмных бальніц Казахскай ССР паміраў незвычайны зняволены. Доктар канстатаваў сардэчна-лёгачную недастатковасць. Гэта быў Іван Худзенка. У 1960-я гады ён паспрабаваў укараніць у савецкай сельскай гаспадарцы капіталістычныя метады вядзення спраў, дамогся 20-разовага павышэння прадукцыйнасці працы, але скончыў свае дні ў турме як раскрадальнік сацыялістычнай уласнасці". Я знайшоў матэрыялы, у якіх апісваецца вопыт Івана Нічыпаравіча. У пачатку 1960-х клапатліваму эканамісту далі кіраваць саўгасам "Ілійскі" Алма-Ацінскай вобласці. Тут ён паставіў эксперымент па ўкараненні "безнарадна-звеннявой сістэмы арганізацыі і аплаты працы". А проста кажучы, Худзенка перавёў свой саўгас на поўны гаспадарчы разлік, падмацаваны прамым матэрыяльным стымуляваннем работнікаў. Аплачваліся дасягнутыя вынікі, а не затрачаныя намаганні. Замест грувасткай сістэмы з трох комплексных аддзяленняў і дзевяці паляводчых брыгад з велізарнай колькасцю працаўнікоў і агульнай тэхнікай было створана 17 звёнаў па 4-5 чалавек з замацаванай за імі тэхнікай (камбайнамі, трактарамі і г.д.). Кожнае звяно мела строга акрэсленыя функцыі і фонд выдаткаў на іх выкананне. На дзевяці таках раней працавала не менш за 500 чалавек. Пасля рэарганізацыі было створана тры механізаваныя такі, а іх абслугоўвала ўсяго 12 чалавек. Колькасць адміністрацыйнага персаналу ў саўгасе была скарочана са 132 да двух чалавек - засталіся кіраўнік (ён жа галоўны аграном) і эканаміст-бухгалтар збожжавага аддзялення. Цэнтральная прэса адгукнулася хвалебнымі публікацыямі, казахскія дакументалісты знялі пра Худзенку фільм "Чалавек на зямлі", а кіраўнікі рэспублікі ў канцы сельгассезона прыпынілі эксперымент. Маскоўскім эканамістам, якія прыехалі абараняць наватара, сказалі шчыра: Худзенка "парушае сацыяльны мір". Справа ў тым, што колькасць занятых у саўгасе работнікаў па сістэме Івана Худзенкі скарацілася амаль у 10 разоў. Аўтар эксперыменту прапанаваў рашыць праблему працаўладкавання вызваленых будаўніцтвам плодаагародніннага камбіната, але на гэта патрэбны былі дадатковыя асігнаванні. Худзенка прапаноўваў распаўсюдзіць яго вопыт на ўсе сельскія гаспадаркі краіны. У такім выпадку працаўладкоўваць нанава прыйшлося б 33 мільёны з 40 мільёнаў занятых у сельскай гаспадарцы. У канцы 1964 года фільм "Чалавек на зямлі" паказалі новаму першаму сакратару ЦК КПСС Леаніду Брэжневу. Ён і завяршыў дыскусію: "Гэта справа заўчасная". Урокі гісторыі прымушаюць нас задумацца, як сёння нам рэалізаваць прынцып "не колькасцю, а ўменнем"...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: