У чэрвені, калі прачынаюся на досвітку, у гэты час ноч пераходзіць у ранак, не магу пазбавіцца асацыяцый: вось у такую пару мірны сон савецкіх людзей быў парушаны вераломным нападам нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз.
Па-рознаму зараз інтэрпрэтуюць пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Адны лічаць нечаканасцю парушэнне Германіяй Пакта Молатава-Рыбентропа. Іншыя схільны вініць Сталіна за тое, што не верыў разведданым. Дакладна дату называлі многія крыніцы, у тым ліку савецкі разведчык Рыхард Зорге (Рамзай), які першым і з дакладнасцю да дня і гадзіны папярэдзіў пра напад гітлераўскай Германіі на СССР і якому толькі ў 1964 годзе (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
А паведамленне, перададзенае з велізарнай рызыкай радыстам Максам Клаўзенам за пяць дзён да вайны, выклікала выбух гневу ў Сталіна: "Панікёр!" Наўрад ці ўспомніў правадыр аб папярэджанні Зорге і іншых, калі ў 3 гадзіны 15 хвілін 22 чэрвеня Георгій Жукаў патэлефанаваў яму на блізкую дачу ў Кунцава і паведаміў: “Немцы бамбяць савецкія гарады”. Залішняя даверлівасць: маўляў, ёсць дагавор і Гітлер яго не парушыць, самаўпэўненасць: выдаючы жаданае за сапраўднае, Сталін будаваў планы вайны на чужой тэрыторыі і ашукаўся, не паверыўшы, што Гітлер рашыцца на бліц-крыг.
22 чэрвеня 1941 года над еўрапейскай часткай вялікай краіны віднела, як у гэтыя чэрвеньскія дні. Людзі не ведалі, што велізарнае няшчасце нясе новы дзень. Германія без аб'яўлення вайны, парушыўшы дагавор, сваімі войскамі ўварвалася на нашу тэрыторыю, пачала бамбіць гарады.
Цярпелі ўсе. І на маёй малой радзіме таксама. 13 ліпеня 1941 года нямецкія самалёты ўпершыню бамбілі Чачэрск. Фашысты скінулі на гарадскі пасёлак 43 бомбы. Большасць дамоў была разбурана і спалена. У ацалелых будынках не засталося ніводнага шкла ў вокнах. 42 чалавекі былі забіты, шмат паранена. У ноч з 13 на 14 жніўня часці Чырвонай арміі пакінулі Чачэрск. У 8 гадзін раніцы па вуліцах горада пранесліся нямецкія матацыклы. Нацысты акупіравалі раён. Пачалося навядзенне фашысцкага "новага парадку", які суправаджаўся масавымі рабаваннямі і расстрэламі мірнага насельніцтва. Расстрэльвалі па падазрэнні, ілжывым даносе. У снежні 1941 года фашысты расстралялі ў супрацьтанкавым рове 432 чалавекі. Рэпрэсіямі яны запалохвалі людзей. Але супраціўленне расло.
Левабярэжжа Сожа заставалася першы год вайны па-за акупацыяй. На маёй малой радзіме паблізу вёскі Палессе працавалі Чачэрскі падпольны райкам КП (б) Б і размяшчалася 1-я Гомельская партызанская брыгада. Пачыналася ўсё ў 1941 годзе з партызанскага атрада, якім кіраваў дырэктар Нісімкавіцкай МТС Пётр Балыкоў, ён пазней і ўзначаліў 1-ю Гомельскую партызанскую брыгаду. На левым беразе Сожа была партызанская зона, адкуль партызаны выбілі фашыстаў і ў Засажэўе іх не пускалі. Былі адноўлены сельсаветы, пэўная вытворчасць.
Мала якую савецкую сям'ю абышло гора. Больш за паўтары сотні мужчын прызыўнога ўзросту з нашага Палескага сельсавета Чачэрскага раёна 24 чэрвеня пешшу адправіліся да месца збору ў Навабеліцу. Сярод іх быў мой бацька Новікаў Іван Міхайлавіч, яго брат Пётр і чацвёра зяцёў маіх дзеда з бабкай па бацькоўскай лініі. Нялёгка было тым, хто застаўся ў Палессі ў гады вайны. Калі пачалася масіраваная карная аперацыя, у красавіку 1942 года, фашысты спалілі 135 двароў, забілі 11 жыхароў. Тады людзі сем'ямі сыходзілі ў лясы і жылі там, прыстасоўваючыся да новых умоў, пакуль партызаны не разграмілі створаны акупантамі апорны пункт у Палессі. Мае дзед Міхайла з бабкай Марыяй па бацькавай лініі і маці з трыма дзецьмі ў такіх умовах перажылі акупацыю. Майму брату Васілю тады было пяць, сястры Марыі - чатыры. Старэйшая сястра Таццяна - у той час ёй было 12 гадоў, - і цяпер выразна памятае той жудасны час, калі на роднай зямлі даводзілася так хавацца ад ворагаў.
На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 178 жыхароў Палескага сельсавета. У памяць аб загінуўшых ўсталяваны абеліск у цэнтры вёскі Палессе. З маіх родных з вайны вярнуліся толькі бацька і дзядзька Пятро. Мае цёткі - Анастасія, Еўдакія і Паладзя заўдавелі. Імёны іх мужоў на тым абеліску. Падзеі адлюстраваны ў кнізе "Памяць" Чачэрскага раёна.
“Не – вайне” – папулярны ў сённяшнім свеце лозунг Беларусь падтрымлівае сваёй міратворчай дзейнасцю, умацаваннем узброеных сіл і іх баявой вывучкай. Сумесныя з братняй Расіяй вучэнні – таму пацвярджэнне. “Трымаць порах сухім” – актуальны дэвіз сёння, каб не паўтарыўся чэрвень 1941 года.