
У школьнікаў, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, настаўнікаў і выкладчыкаў сёння пачаўся новы навучальны год. Напярэдадні па абласцях прайшлі вялікія педагагічныя саветы, дзе абмяркоўваліся не толькі навацыі, якія будуць укараняцца ў педагагічны працэс, але радасная навіна, агучаная Прэзідэнтам краіны, што чакаецца павышэнне заробкаў педагогаў. Асаблівая ўвага звернута на педагагічны персанал дзіцячых садкоў. Гэта мера, як і тое, што павышана стаўка першага разраду, адаб’ецца на зарплаце ўсіх бюджэтнікаў, безумоўна, матывуе педагогаў да павышэння якасці адукацыі, да пошукаў і эксперыментаў.
Цяжка пераацаніць ролю адукацыі ў эканоміцы краіны. Пераход Беларусі на інавацыйны шлях развіцця, які прадугледжвае лічбавізацыю эканомікі, могуць забяспечыць толькі высокакваліфікаваныя спецыялісты. Таму важная задача – удасканаленне сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі і з улікам патрэб грамадства і дзяржавы. Рост узроўню адукацыі, безумоўна, паспрыяе больш хуткаму ўкараненню новых тэхналогій і з'яўляецца важнейшым фактарам прагрэсу.
На працягу мінулага навучальнага года выконваўся Загад Міністра адукацыі аб эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. У ім пералічаны установы, на базе якіх ажыццяўляецца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць. Ужо завяршыліся эксперыментальныя праекты. У сістэме дашкольнай адукацыі апрабаваны методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзіцячым узросце. Апрабоўвалася мадэль дапрафесійнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Апрабавана тэхналогія фарміравання канфлікталагічнай кампетэнтнасці суб’ектаў адукацыйных адносін у рамках дзейнасці школьных служб медыяцыі. Адпрацоўвалася прымяненне вучэбна-наглядных сродкаў на аснове віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. Апрабоўваліся дыягнастычныя сродкі даследавання пазнавальных здольнасцей навучэнцаў профільных класаў. Апрабаваны адукацыйныя праграмы ва ўмовах інклюзіі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізіялагічнага развіцця. Акрамя таго, тэмамі эксперыментаў і інавацыйных праектаў былі развіццё прафесійнага самавызначэння навучэнцаў; дыягнастычныя сродкі даследавання пазнавальных здольнасцей навучэнцаў профільных класаў; развіццё электронных сервісаў для павышэння якасці паслуг ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых; фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых спецыялістаў з выкарыстаннем віртуальнага музея; мадэль прафарыентацыі «Прафарыенцір» і іншыя. Частка праектаў у новым навучальным годзе стане масавай практыкай навучання і выхавання.
Істотныя змены ў нацыянальнай палітыцы адукацыі адбываюцца ў сувязі з пераходам на пазіцыі асобасна арыентаванай педагогікі і практыка-арыентаванага навучальнага працэсу. Другі год навучэнцы 10-11 класаў на занятках па прафесійнай падрыхтоўцы асвойваюць рабочыя прафесіі. Сёлета іх пералік дапоўніцца новымі дваццаццю. Усяго іх будзе 100. Такая прафесійная падрыхтоўка старшакласнікаў арыентаваная на развіццё першасных навыкаў у школьнікаў для выканання пэўных задач на працоўным месцы. Не толькі ў жыцці могуць спатрэбіцца такія навыкі. Пры выбары ліцэя ці каледжа гэта таксама спатрэбіцца. Напрыклад, атрымаўшы ў школе першасныя навыкі тынкоўшчыка на занятках па прафпадрыхтоўцы, навучэнец у каледжы павысіць разрад і атрымае яшчэ прафесію абліцоўшчыка-плітачніка або маляра. Прафесійная падрыхтоўка старшакласнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, дзе ўсе прадметы вывучаюцца на базавым узроўні, праходзіць у рамках працоўнага навучання. На асваенне рабочых спецыяльнасцей адведзена 6 гадзін у тыдзень.
З разраду эксперыментаў у практыку ўвайшлі педагагічныя класы, профільнае навучанне ў якіх не толькі робіць арыентаванымі на прафесію педагога тых, хто ёю захапіўся яшчэ ў школе, але адкрывае магчымасці для паступлення ў педВНУ па пэўных спецыяльнасцях. За тое, што старшакласнік годны да паступлення ў педкаледжы і ВНУ, адказвае педагагічны калектыў сваёй рэкамендацыяй. Гэты вопыт сёлета даў дадатковы прыток у педагагічныя навучальныя ўстановы.
Практыка-арыентаванасць навучання, асобасны падыход да навучэнцаў, укараненне лепшага, эксперыментальна праверанага вопыту дае безумоўны плён. Дадам, педагагічнаму пошуку, удасканаленню форм і зместу адукацыі няма мяжы, і вынікі навучання залежаць ад творчага патэнцыялу педагогаў.