Падзяліцца:
«Вердыкт. Пачынаем жыць разумна!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
26 лютага 2018
«Вердыкт. Пачынаем жыць разумна!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) На тыдні ў Мінску прайшоў рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця – гэта і натхніла мяне паразважаць на тэму, якую можна лічыць актуальным трэндам апошніх дзесяцігоддзяў. У 1987 годзе ў рэзалюцыі 42-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН сфармулявана паняцце ўстойлівага развіцця чалавецтва. Пад ім разумеецца “развіццё, якое задавальняе патрэбы цяперашняга часу, але не ставіць пад пагрозу магчымасцей будучых пакаленняў задавальняць свае ўласныя патрэбы”. Выразную практычную накіраванасць гэта тэарэтычная канцэпцыя атрымала, як вядома, у 1992 годзе на Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці, што падкрэслівала яе перш за ўсё экалагічную накіраванасць і відавочны прыярытэт вырашэння праблем аховы навакольнага асяроддзя на планетарным узроўні. У Беларусі ўзмацняецца супрацоўніцтва ў гэтай сферы паміж грамадскасцю, дзяржавай, бізнесам і насельніцтвам краіны. На гэтым шляху вызначаны канкрэтныя праекты, якія ўлічваюць усе складнікі ўстойлівага развіцця – эканамічны, экалагічны і сацыяльны. У Беларусі рэалізуецца Стратэгія ўстойлівага развіцця да 2030 года, рыхтуецца аналагічны дакумент з арыенцірам на 2035 год. Асноўная ўвага надаецца гарманізацыі сацыяльнага, эканамічнага і экалагічнага развіцця як раўнацэнных узаемадапаўняльных складнікаў у адзіным збалансаваным комплексе «чалавек – навакольнае асяроддзе – эканоміка». У сучасным разуменні ідэі ўстойлівага развіцця важнае месца адводзіцца рэгіянальнаму развіццю праз павышэнне эфектыўнасці і структурныя пераўтварэнні эканомікі на аснове рацыянальнага выкарыстання вытворчага і рэсурснага патэнцыялаў абласцей, раёнаў і гарадоў. 1 сакавіка на рэгіянальным форуме ЕЭК ААН у Жэневе будуць прадстаўлены вынікі сумеснай работы нацыянальных каардынатараў па мэтах устойлівага развіцця на форуме ў Мінску. У рэзюмэ, аднагалосна адобраным усімі ўдзельнікамі форуму, звернута ўвага на інавацыйныя падыходы краін да дасягнення мэт. Гэты вопыт будзе вывучацца ў іншых дзяржавах і распаўсюджвацца. Нацыянальныя каардынатары падтрымалі прапанову Беларусі аб стварэнні глабальнай базы даных аб лепшых практыках арганізацыі работы па дасягненні мэт устойлівага развіцця. Акрамя таго, дзяржавы і міжнародныя арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў мінскім форуме, падтрымалі ініцыятыву па стварэнні сеткі нацыянальных каардынатараў для абмену ведамі і вопытам работы работы. Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця намеснік старшыні Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна падкрэсліла: «Яго вынікі пераўзышлі ўсе чаканні. Адбылася канструктыўная размова. Узнята вялікая колькасць пытанняў, некаторыя з іх удалося вырашыць непасрэдна падчас форуму. Удалося не толькі абмеркаваць праблемы, выпрацаваць агульныя напрамкі работы, але і ўстанавіць двухбаковыя кантакты. Удзельнікі форуму звярнулі ўвагу на неабходнасць умацавання міжпарламенцкіх сувязей, бо ўключэнне парламентаў у гэту работу – важны інструмент дасягнення ўстойлівасці на нацыянальным узроўні». Беларускі вопыт на форуме атрымаў высокую ацэнку. Яго прэзентавала на сустрэчы з першым намеснікам Генеральнага сакратара ААН Амінай Махамед нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця намеснік старшыні Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна. У Беларусі рэалізацыя Мэт устойлівага развіцця знаходзіцца пад кантролем Прэзідэнта, яму прадастаўляюцца справаздачы аб праведзенай рабоце. На сярэднетэрміновую перспектыву вызначана 5 прыярытэтаў: інавацыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь. Галоўны аб’яднаўчы паказчык – павышэнне якасці жыцця насельніцтва. На яго дасягненне скіравана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця да 2030 года і Праграма сацыяльна- эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года. Сфарміравана архітэктура органаў, адказных за дасягненне мэт устойлівага развіцця. Дзейнічае савет з прадстаўнікоў 40 дзяржаўных органаў. Сектаральныя групы ўзначальваюць намеснікі ключавых міністэрстваў. Створана парламенцкая група для таго, каб законапраекты прымаліся праз прызму дасягнення мэт устойлівага развіцця. 7 рэгіянальных груп узначальваюць намеснікі губернатараў, яны адсочваюць і арганізуюць выкананне мерапрыемстваў па дасягненні Мэт. Спецыяльная група ўключае прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, дзелавых колаў, міжнародных арганізацый. Намаганні ўсіх органаў і арганізацый сёлета скіравана на стварэнне ў 2018 годзе Платформы па рэалізацыі мэт устойлівага развіцця Беларусі. А далей – на працягу дзесяцігодзяў – іх карпатлівая рэалізацыя на карысць беларускага народу.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: