
Патрыёты фарміруюцца ў пошуку герояў і гераічнага. Такую выснову я зрабіў, калі знаёміўся з арганізатарамі і ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Абліччы Перамогі», з удзельнікамі марафону «75», з членамі пошукавых груп і клубаў «Мы – нашчадкі Перамогі», якія былі на Рэспубліканскім злёце ў Цэнтры краязнаўства і экалогіі, з удзельнікамі канферэнцый, на якіх абагульняліся вынікі пошукавай работы, прымеркаванай да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У далёкім 44-ым на змучанай фашысцкай акупацыяй зямлі адгрымелі апошнія баі. Гэта была перамога над самой смерцю. Нязломная сіла савецкага народа, беларусаў, якія стаялі да апошняга за сваю свабоду, была прадэманстравана да гэтага часу. Хоць да канца Вялікай Айчыннай вайны заставалася нямала часу, вызваленне Беларусі было сведчаннем адзінства і сілы духу вялікага пакалення воінаў-вызваліцеляў. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і адзначыў, што памяць пра гераізм удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – частка нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.
Завяршылася рэспубліканская акцыя «Беларусь памятае», якая ўключыла шмат ініцыятыў. Ствараўся першы том нацыянальнага альбома памяці «Беларусь памятае. Родныя абліччы перамогі». Падчас патрыятычнага праекта «75» было сабрана больш за 2 тысячы фатаграфій вызваліцеляў Беларусі. У асноўную частку ўвайшло каля 700. Увесь унікальны хранікальна-дакументальны матэрыял пра воінаў-вызваліцеляў, партызанаў-падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу акумулюе мультымедыйны варыянт альбома, які стаў неад'емнай часткай створанай моладдзю рэліквіі.
Мяне захапіў вопыт пошукавай работы, які склаўся ў гімназіі №1 горада Любані. Яго на рэспубліканскім злёце пошукавых груп і клубаў «Мы – нашчадкі Перамогі» прэзентавалі дзесяцікласніцы Ганна Кавалеўская і Віталіна Пархімовіч. Дзяўчаты ўзнаароджаны дыпломам за абагульненне вопыту пошукавай работы папярэднікаў і свайго. Любаншына – партызанскі край. Зыслаў востраў – цяжкадаступны ўчастак сушы сярод балот у Любанскім раёне Мінскай вобласці. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў перыяд з 1941-га па 1944-ы гады – адна з галоўных баз партызанскага руху ў Мінскай вобласці. Унукі і праўнукі тых, хто ўдзельнічаў у партызанскім руху, вучацца ў гэтай гімназіі. Бацькі і дзяды настаўнікаў таксама ваявалі. Нехта ва ўстанову патрапіў з іншых мясцін. У іх таксама родзічы ваявалі. Кола ўдзельнікаў вайны, абмежаванае сваякамі людзей, якія маюць дачыненне да гімназіі, і ўзялі пад увагу юныя следапыты. Бывала, знаходзілі найцікавейшыя звесткі, пра якія не ведалі дасюль у сем’ях.
Узнавілі памяць і пра вядомых у Любані людзей. Знайшлі інфармацыю пра земляка Сцяпана Пажарыцкага, які ўдзельнічаў у парадзе Перамогі 24 чэрвеня 1945 года ў складзе зводнага батальёна 4-га Украінскага фронту. На парад адбіралі лепшых, у тым ліку і па колькасці ўзнагарод. А ў старшага сержанта яны былі яшчэ за ўдзел у савецка-фінскай і ў Вялікай айчыннай. У поле зроку юных следапытаў ветэран трапіў па тых жа крытэрыях. Адна з дачок Сцяпана Раманавіча – Ніна – іх настаўніца гісторыі. Як сама прызнавалася, урокі пра Вялікую Айчынную вайну не магла весці без слёз.
Аднавілі памяць следапыты і пра ўдзельніка вайны, які меў баявыя ўзнагароды, пазней на роднай ніве хлебаробам заслужыў званне Героя Сацыялістычнай працы і быў уганараваны ордэнам Леніна. Уся інфармацыя належным чынам аформлена, захоўваецца ў музеі, далучана да той, што назапашваецца за дзясяткі гадоў пошукавай работы ў СШ №2, а зараз гімназіі №1 горада Любань.
Так захоўваецца сувязь паміж пакаленнем пераможцаў і сённяшнім. Пошукавая работа моладзі на гэта і скіравана.
Мы 75 гадоў жывём пад чыстым небам. У імя святой памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны абавязаны захаваць мір і незалежнасць сваёй зямлі, перадаць гэтую самую вялікую каштоўнасць у нашым жыцці наступным пакаленням. Выканаць гэтую важную місію – значыць годна супрацьстаяць выкліку новых глабальных канфліктаў – ваенных, інфармацыйных, эканамічных.