Падзяліцца:
13 студзеня 2017
Шлях да педагагічнага майстэрства пачынаецца са школы, з любімых настаўнікаў і ўпадабанага прадмета. А вяршыні майстэрства дасягаюць педагогі праз шматступеньчатую сістэму прафесійнай падрыхтоўкі і ўдасканалення, павышэння кваліфікацыі. Дзве падзеі мяне натхнілі на роздум пра ўзыходжанне педагога. Першая – Шосты рэспубліканскі фестываль педагагічнага майстэрства, арганізаваны Беларускай акадэміяй паслядыпломнай адукацыі і Беларускім педагагічным таварыствам. Ён прайшоў у канікулярны час і ахапіў 450 педагогаў з усёй рэспублікі. І другі факт – зацвярджэнне ў правілах прыёму пры паступленні ў педагагічныя ВНУ пераваг для выпускнікоў педагагічных класаў. Разумная ініцыятыва педагагічных навучальных устаноў знайшла ўвасабленне ў нарматыўным акце Прэзідэнта. Яно і правільна. Калі мы жадаем атрымаць матываванага выпускніка педВНУ ці каледжа, працу трэба пачынаць са школы. Лепшыя калектывы так і робяць. Знаходзяць сярод вучняў арыентаваных на педагагічную прафесію і апякаюць іх. І шмат у якія школы вяртаюцца свае ж выпускнікі пасля набыцця прафесіі. Вопыт стварэння педагагічных класаў у рэспубліцы ўжо ёсць. У верасні 2015 года адбыўся першы набор у педагагічныя класы. Першы выпуск якраз будзе сёлета. Такія класы працуюць у школах Мінска, Магілёва, Мінскай і Гродзенскай абласцей. У Бабруйскай СШ №4 гэта пакуль першы педагагічны клас у горадзе. Дырэктар школы Валянціна Алімбачкова лічыць важным, што выпускнікі будуць паступаць у педагагічныя ВНУ ўсвядомлена і з пэўным узроўнем падрыхтоўкі. А тыя, хто такім чынам прыйдзе ў прафесію, не сыдуць са школы праз год-два ў іншыя сферы. Профільнае навучанне зробіць бліжэйшай прафесію педагога для тых, хто ёю захапіўся ў школе. За тое, што старшакласнік арыентаваны на паступленне ў педагагічныя каледжы і ВНУ, будзе адказваць педагагічны калектыў сваёй рэкамендацыяй. Гэты вопыт, безумоўна, прынясе плён. Тым больш, што змяненні ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўтрымліваюць вельмі значнае для адукацыйнай сферы новаўвядзенне, якое звязана з асаблівымі ўмовамі залічэння выпускнікоў педагагічных класаў. Яны пры асваенні адпаведнай праграмы ў профільным педагагічным класе павінны мець высокую паспяховасць: ацэнкі па профільных прадметах не ніжэй за 8 і не ніжэй за 7 - па ўсіх астатніх прадметах. Пры залічэнні гэтая катэгорыя абітурыентаў будзе праходзіць прафесійную гутарку. Можна быць упэўненымі, што такія абітурыенты будуць цалкам усведамляць, што яны хочуць і могуць зрабіць у прафесіі. Мае значэнне і прадугледжаная для іх дадатковая абарона. На працягу пяцігадовага тэрміну пасля заканчэння ВНУ за імі будзе замацоўвацца працоўнае месца. А за гэты час творчыя педагогі могуць заявіць пра сябе, павысіць кваліфікацыю, атрымаць катэгорыю. Ды і ўвогуле ў адукацыі няма межаў для ўдасканалення, што паказаў Шосты рэспубліканскі фестываль педагагічнага майстэрства. Да ўдзелу ў ім былі запрошаны педагагічныя работнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі – настаўнікі пачатковых класаў і ўсіх школьных прадметаў. У фестываля педагагічнага майстэрства ўжо склаліся свая гісторыя і традыцыі. Кожны год ён праходзіць пад пэўным дэвізам. Сёлетні – найбольш масавы – прысвечаны тэме спалучэння навучання і выхавання. Члены асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў, удзельнікі клуба “Хрустальны журавель” правялі 77 майстар-класаў, педагагічных студый, урокаў для дарослых. Усе яны скіраваны на інтэнсіфікацыю працэсу пошуку, атрымання і назапашвання новых ведаў, уменняў і прафесійных кампетэнцый, прымнажэнне творчага патэнцыялу настаўніка. Роздум мяне прывёў да такіх высноў. Новая норма ў правілах прыёму дасць магчымасць рыхтаваць добрых педагогаў, пазбегнуць памылак у выбары прафесіі і змены прафесійных арыенціраў на паўдарозе да дыплома. А бесперапыннае самаўдасканаленне педагога азначае траекторыю жыцця чалавека, які знайшоў сваё шчасце ў прафесіі. З такімі педагогамі я пазнаёміўся падчас фестывалю педагагічнага майстэрства. Ім пад сілу рэалізаваць сацыяльны заказ на выхаванне чалавека адукаванага, маральнага, прадпрымальнага, крэатыўнага, здольнага самастойна прымаць рашэнні...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: