Клопат пра маладых спецыялістаў стаў асабліва актуальным у апошні час. Гэта і стала тэмай майго радыёблога. А інфармацыйная нагода такая. Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 19 студзеня 2017 года №48 прадугледжана, што маладым спецыялістам з катэгорыі педагагічных работнікаў, якія ўжо адпрацавалі па размеркаванні два гады, але працягваюць працаваць у данай установе адукацыі, яшчэ на год падаўжаецца выплата даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду.
На брыфінгу ў Міністэрстве адукацыі нам, журналістам, патлумачылі, што такая мера дасць магчымасць замацаваць маладых спецыялістаў ва ўстановах адукацыі і не дапусціць зніжэння іх зарплаты. Пастанова ўступае ў сілу з 1 студзеня 2017 года.
Вядома, замацаванне маладых спецыялістаў сацыяльнай сферы залежыць і ад якасці працы мясцовых органаў улады, ад той увагі, якой акружаны маладыя спецыялісты ў працоўных калектывах. Пытанне замацавання спецыялістаў сацыяльнай сферы (ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту) па-ранейшаму застаецца актуальным і вострым. На мой погляд, мясцовым органам пад сілу стварыць умовы, каб маладыя спецыялісты працягнулі працаваць па спецыяльнасці ў мясцовасці, куды размеркаваны. У першую чаргу, іх варта забяспечваць годным жыллём. Магчыма, у некаторых выпадках кіраўніцтву гаррайвыканкамаў трэба працаваць у звязку з кіраўнікамі мясцовых прадпрыемстваў, на балансе якіх знаходзяцца інтэрнаты, каб прадугледзець нейкі працэнт выдзялення месцаў для маладых работнікаў сацыяльнай сферы. Многія пытанні могуць быць адрэгуляваны праз калектыўны дагавор, які заключаецца установай і прафсаюзамі.
У цяперашні час кадравае пытанне можа быць вырашана і праз больш шырокае выкарыстанне мэтавых накіраванняў на вучобу. Тады гарантаваны спецыяліст, які выехаў з канкрэтнай мясцовасці, вернецца, каб працягнуць працу. Такая практыка найбольш плённая ў Гомельскай вобласці. І гэта тычыцца не толькі адукацыі. Да прыкладу, Чачэрскі раён, адкуль я родам. Сфера аховы здароўя тут, нягледзячы на складанасці, якія ў свой час былі выкліканы аварыяй на ЧАЭС, імкліва развіваецца. Гэта пацвярджаюць тэндэнцыі нараджальнасці, скарачэнне "дэмаграфічных нажніц”. У школах раёна палепшылася паспяховасць, павысілася доля забеспячэння аздараўленнем, рэканструявана паліклініка. Вядома, гэтага ўдалося дабіцца, у тым ліку стварэннем сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай база рэгіянальных медыцынскіх устаноў. Як адзначыў на снежаньскай нарадзе па сацыяльных пытаннях у Жлобіне першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч, матэрыяльна-тэхнічная база рэгіянальных медыцынскіх устаноў Гомельскай вобласці ставіць іх у адзін шэраг з рэспубліканскімі.
Вядома, і клопат дзяржавы пра маладых спецыялістаў, адлюстраваны ва ўзгаданай Пастанове Савета Міністраў, паспрыяе замацаванню іх па месцы размеркавання і яны адыграюць сваю ролю ў развіцці сацыяльнай сферы краіны.