Падзяліцца:
Вердыкт. Працоўная матывацыя. Радыёблог Леаніда Новікава (аудыё)
5 Кастрычніка 2016
Вердыкт. Працоўная матывацыя. Радыёблог Леаніда Новікава (аудыё) Сёння мы пагаворым аб працоўнай матывацыі. Абвешчана аб мяркуемым павышэнні заработнай працы настаўнікаў. Гэта добра, матэрыяльны стымул важны ў любой працы. Дарэчы, я сказаў бы, што ў гэтым плане заробкі выкладчыкаў вышэйшай школы ўжо не дасягаюць настаўніцкіх. І ўжо калі гаварыць пра матэрыяльныя стымулы, дык трэба ахапіць усіх педагогаў гэтымі мерамі. Да матэрыяльных фактараў можна аднесці і прафесійны рост ад катэгорыі да катэгорыі, які дабаўляе зарплату. І ў гэтым плане абмежаванні для настаўнікаў знятыя: не трэба чакаць па тры гады новай атэстацыі. Гатовы – заяўляй свае амбіцыі, здавай на больш высокую катэгорыю і атрымлівай большую зарплату. Новы крок у гэтым напрамку робіцца - катэгарыяльныя надбаўкі будуць распаўсюджвацца і на працу ў сістэме дадатковай адукацыі. Прафесійны рост гарантуе не толькі дабаўку ў зарплаце, але і прэстыж высокакваліфікаванага педагога сярод калег, аўтарытэт у бацькоў, прызнанне грамадства. Матывацыя датычыцца не толькі матэрыяльнага боку. І вось тут варта пагаварыць пра найважнейшыя матывы - маральныя. Шмат зроблена ў рэспубліцы для таго, каб настаўніцтвая праца ў нас шанавалася, каб падтрымліваўся аўтарытэт педагога ў грамадстве: конкурсы прафесійнага майстэрства розных узроўняў - аж да рэспубліканскага - выяўляюць лепшых настаўнікаў па прадметах. Прысвойваецца званне заслужанага з савецкіх часоў. А зараз плануецца ўвесці ганаровае званне народнага настаўніка Беларусі. Я ўжо не гавару пра дошкі гонару, як ва ўстановах, так і ў раёнах. Ну і канечне ж, ушанаванне прафесіяналаў падчас свят. Чалавек працуе не толькі за грошы, але і за грамадскае прызнанне. Сучасны кіраўнік выразна ўяўляе, што для дасягнення пастаўленых мэт яму неабходна спланаваць дзеянні, арганізаваць умовы працы работнікаў, прадумаць, якімі матывамі можна заахвоціць чалавека на іх дасягненне і якаснае, своечасовае выкананне абавязкаў. Разумная матывацыя дапаможа і ў кантролі працоўнага працэсу. У педагагічнай дзейнасці, на мой погляд, вельмі важны такі кампанент як матывацыя. У менеджменце ён азначае механізм, што прадугледжвае ўстанаўленне адпаведнасці паміж матывам і стымулам. Матывацыя звязана з пераадоленнем парога абыякавасці, наладжваннем сістэмы суадносін матэрыяльных і маральных стымулаў, з рацыянальным падыходам да сістэмы стымулявання. Пад матывамі маюцца на ўвазе прычыны паводзін чалавека, пабуджэнне яго актыўнасці. Прымяненне іх павінна ўлічваць індывідуальнасць чалавека. Выбар спосабаў дзейнасці, скіраванасць паводзін абумоўлены матывамі чалавека. У выніку ён робіць і дзейнічае менавіта так, а не інакш. Справа чалавека падахвочваецца, як правіла, не адным, а шматлікімі матывамі, таму яны могуць знаходзіцца паміж сабой у розных адносінах. У аснове таго ці іншага ўчынку можа ляжаць барацьба учынкаў, матывы могуць ўзмацняць ці аслабляць адзін аднаго, сярод іх можа вылучыцца асноўны ці вядучы матыў, які падпарадкоўвае сабе іншыя. Навукоўцы падзяляюць людзей на пяць тыпаў па матывацыі да працы. Для людзей інструментальнага тыпу праца сама па сабе не ўяўляе ніякай каштоўнасці: для іх галоўны стымул - матэрыяльны. Людзі з прафесійнай матывацыяй, наадварот, шануюць не столькі грошы, колькі змест самой працы. Такія шукаюць магчымасці даказаць, што здольныя выконваць працу, якая не кожнаму пад сілу. Чалавек з гаспадарскай матывацыяй імкнецца браць на сябе поўную адказнасць за справу. Ён выконвае працу з максімальнай аддачай, не настойваючы на яе асаблівай цікавасці ці высокай аплаце. Але такі чалавек не церпіць кантролю і залішняй апекі. Работнік патрыятычнага тыпу ў першую чаргу хоча быць патрэбным сваёй арганізацыі. Ён больш за ўсё цэніць выніковасць агульнай справы і прызнанне кіраўніцтвам сваіх заслуг, чым грошы ці прэстыжнасць працы. А ёсць катэгорыя людзей, якія наогул не імкнуцца працаваць і робяць толькі тое, за што іх не пакарае начальнік. Такія працуюць з-за неабходнасці, з-пад палкі. Матывы для іх маладзейсныя. Як для заахвочвання прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, так і для педагогаў стымуламі могуць быць матэрыяльныя - заработная плата, выплаты з фонду аплаты працы адукацыйнай установы, прызначанай для заахвочвання, грашовыя ўзнагароды (прэмія) - за стварэнне аўтарскіх праграм і метадычных матэрыялаў, удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства і г.д. Дзейснае і маральнае заахвочванне, грамадскае прызнанне асобнага педагога - каштоўныя падарункі, ганаровыя значкі, паездкі на адпачынак, падзякі, граматы, публікацыі ў СМІ, альбо грамадскае прызнанне дзейнасці творчай групы - ўручэнне сувеніраў ўсім членам групы. Важнае значэнне ў матывацыі працы мае прызнанне кіраўніцтва - падзяка, ліст на дом, паштоўкі ў дзень нараджэння, хадатайніцтва перад вышэйшым кіраўніцтвам аб узнагароджанні. Чалавечы патэнцыял - галоўны здабытак нашай краіны. Сур’ёзныя інвестыцыі ў яго прадугледжвае праект бюджэту на наступны год. У пошуку магчымасцей актывізаваць чалавечы патэнцыял, напрыклад, у педагагічнай сферы важна не толькі павысіць заробкі, але і выкарыстаць напрацаваныя дзесяццігоддзямі меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: