
Давайце сёння паразважаем пра розныя аспекты ўступнай кампаніі; у тым выглядзе, як яна ідзе зараз, – з удзелам Камітэта дзяржаўнага кантролю, дэпутатаў, дзяржслужачых, – праводзіцца ўжо сем гадоў. І вынік станоўчы: ніводнага выпадку карупцыі. Сацыяльная справядлівасць ажыццёўлена. Ні кум, ні брат, ні сват сёння не можа паўплываць на ход і вынікі ўступных іспытаў. Абітурыент сам-насам са сваімі ведамі дамагаецца поспеху.
Каб адносіны ў гэтай сферы былі больш справядлівымі, рабочая група з найбольш прафесійных настаўнікаў школ перагледзела змест тэстаў, каб яны не напаміналі ліцэйскія і гімназічныя заданні. Зроблена гэта з адной мэтай – каб старанныя школьнікі, нават сельскія, маглі паспяхова здаць тэсты без дадатковай падрыхтоўкі.
На 1-е чэрвеня зарэгістраваліся для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні 82 тысячы 471 абітурыент. Летась такіх было 92 тысячы 274. Памяншэнне колькасці звязана з тым, што сёлета ўступілі ў сілу нормы аб прыёме вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, якія дзейнічаюць на працягу двух гадоў.
Сістэма адбору абітурыентаў, безумоўна, удасканальваецца. Што ж трэба ведаць абітурыентам і бацькам? У жыццё пайшоў эксперымент з педагагічнымі класамі. Хто мае схільнасць да педагагічнай працы і прадэманстраваў яе ў школе, і, да таго ж, добра вучыцца, – педагагічны калектыў школы можа паручыцца за такога выпускніка. Педсавет рэкамендуе такіх для паступлення ў педагагічныя ВНУ без іспытаў. Меркавалася, што такім чынам запоўняцца месцы па спецыяльнасцях “фізіка”, “матэматыка”, “руская і беларуская філалогія” і іншыя. Практыка рэалізацыі задумы высветліла супярэчнасць. Ці трэба гэты вопыт распаўсюджваць на псіхалогію, лагапедыю, калі там і без таго конкурсы. Зараз гэтыя спецыяльнасці выключаны з пераліку льготнага паступлення.
Іншыя навелы сёлетняй прыёмнай кампаніі наступныя. Прадугледжана павелічэнне парогавага значэння па ўсіх першых прадметах прафесійных іспытаў, што праводзяцца ў ВНУ для тых, хто паступае на скарочаны тэрмін навучання. Пашыраны пералік спецыяльнасцей пры паступленні ў ВНУ на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што прадастаўляе абітурыентам магчымасць выбіраць сваю далейшую адукацыйную траекторыю.
Дзяржаўная камісія па кантролі за ўступнай кампаніяй будзе працаваць у два этапы. Першы пачнецца 12 чэрвеня – кантроль за падрыхтоўкай і правядзеннем тэсціравання. На другім этапе непасрэдна ў навучальных установах будзе весціся кантроль за ўступнымі іспытамі па прафесійных дысцыплінах тых, хто паступае на скарочаную форму навучання.
Алгарытм работы камісіі строга рэгламентаваны. Ні ў корпус, ні ў памяшканні, дзе праходзяць іспыты, ніхто не зможа прайсці, акрамя прадстаўнікоў камісіі, экзаменатараў і абітурыентаў. Нельга праносіць з сабой тэлефоны і іншыя гаджэты, бо яны могуць толькі нашкодзіць. Здавалася б, добры вучань, але для падстрахоўкі ўзяў з сабой тэлефон. І той зазваніў падчас іспытаў. Юнака выдалілі з аўдыторыі. Такую меру не абскардзіш, бо ўсё рэгламентавана нарматыўнымі дакументамі. І такіх выпадкаў летась было шэсць, калі тэлефон нашкодзіў абітурыентам. Працэнт падобных парушэнняў мізер, калі ўлічваць, што абітурыентаў было больш за 90 тысяч.
Ну і скаргі, звароты, запыты. Летась іх было 16. Адну з сёлетніх разгледзелі на першым пасяджэнні дзяржкамісіі. Разгляд вядзецца аператыўна, аб’ектыўна, з максімальна карэктным стаўленнем да людзей, якія звяртаюцца ў камісію. Так было заўсёды. Па гэтых прынцыпах камісія працуе і зараз. Як адзначыў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, аб'ектыўнасць пры разглядзе зваротаў абітурыентаў, іх бацькоў падчас уступнай кампаніі будзе забяспечана. Арганізавана работа гарачай лініі, будзе праводзіцца асабісты прыём. Ва ўсіх ВНУ створаны пакоі для прыёму наведвальнікаў. Прадугледжаны медпункт на выпадак, калі спатрэбіцца медыцынская дапамога.
Прыняць лепшых абітурыентаў – у гэтым галоўная мэта ўступнай кампаніі, падчас якой рэалізуецца прынцып сацыяльнай справядлівасці. Кантроль дасягненню гэтай мэты толькі паспрыяе.