
Сёння пачынаецца ІV Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва, які будзе доўжыцца да 24 сакавіка. Так супала, што тым ліберальным нарматыўна-прававым актам, накіраваным на разняволенне бізнесу ў краіне, споўніўся год. За гэты час, дзякуючы аптымізацыі нарматыўнай базы, дзелавая актыўнасць грамадзян павысілася. І на мерапрыемствах Тыдня будуць падведзены папярэднія вынікі лібералізацыі адносін у гэтай важнай сферы.
Напярэдадні ў Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва прадстаўлена праграма, партнёры і праекты ІV Тыдня беларускага прадпрымальніцтва. Чакаюцца сустрэчы бізнесу і ўлады з мясцовай тэматыкай, акцыі ў навучальных установах “Прадпрымальнікі аб прадпрымальніцтве”, “Дэманструем свой бізнес”. 20 сакавіка Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва ў Нацыянальнай бібліятэцы арганізуе Рэспубліканскі дзелавы форум “Прадпрымальніцтва ў Беларусі: стратэгія і тактыка”.
Важна, што мерапрыемствы разгортваюцца па ўсёй рэспубліцы. Напрыклад, Гродзенская абласная асацыяцыя прадпрымальніцтва арганізуе прафарыентацыйны КВЗ “Я выбіраю”. У Брэсцкім абласным цэнтры садзейнічання малому бізнесу і ў СШ-27 Гродна будуць арганізаваны індывідуальныя кансультацыі “Практычныя аспекты дзейнасці вучнёўскіх бізнес-кампаній” і дапамога ў адкрыцці бізнесу. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце і 27-й СШ Гродна пройдзе акцыя “Прадпрымальнікі аб прадпрымальніцтве”. У 37-й, 46-й, 186-й школах Магілёва пройдуць вэбінары “Школьнае прадпрымальніцтва: актуальнае пытанне” і акцыя “Адкрыты ліст прадпрымальніку”.
Падрыхтоўка да ІV Тыдня беларускага прадпрымальніцтва выявіла шэраг ініцыятыў. Флагманскія праекты – новая форма работы Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. Адзін з такіх праектаў – як ператварыць Беларусь у ІТ-краіну – прэзентаваў у Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва яе старшыня, генеральны дырэктар Закрытага акцыянернага таварыства “БелХардГруп” Ігар Мамоненка. Другі праект, які ў канфедэрацыі вылучылі ў флагманскія, – удасканаленне заканадаўства ў галіне інвесціравання АПК. За яго рэалізацыю адказвае заснавальнік таварыства з абмежаванай адказнасцю “Сельгасінвест” Антон Касынкін.
І за межамі Тыдня Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва ў красавіку правядзе ў “Чыжоўка-Арэне” маштабную акцыю “Абуджэне-2” па далучэнні моладзі да прадпрымальніцтва з удзелам пяці тысяч чалавек. А яшчэ ў планах канфедэрацыі прапановы ў “Нацыянальную платформу бізнесу Беларусі-2019”, правядзенне рэспубліканскага конкурсу на лепшыя горад, вобласць, раён для бізнесу ў Беларусі, развіццё вучэбных бізнес-кампаній, стварэнне рэспубліканскай дзелавой сеткі Канфедэрацыі.
Дэкрэт №7 Прэзідэнта Беларусі і спадарожныя нарматыўна-прававыя акты дазволілі многія завалы на шляху разняволення бізнесу расчысціць. Але нямала працы ў гэтым накірунку яшчэ застаецца. Памятаю, калі прымаліся гэтыя дакументы ў Беларусі, нехта Андрэй Новікаў з Усурыйска паслухаў ці пачытаў мой радыёблог і адгукнуўся рэплікай: “Новікаў, сам ты ў гэта верыш?” Вядома, перамены адбудуцца не адразу. У ліку мер па лібералізацыі бізнесу ў Беларусі мяркуецца ўдасканальваць і падатковае заканадаўства. І ўжо ў 2019 годзе Падатковы кодэкс стане больш простым і зразумелым у параўнанні з папярэдняй рэдакцыяй. Але ён усё роўна застаецца досыць складаным для разумення дакументам, адзначае дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч. На прыняцці новай рэдакцыі кодэкса працэс удасканалення фіскальнай сістэмы не спыніцца. Па прапанове Мінфіна ствараецца кансультатыўны савет, як пастаянна дзеючы орган, у рамках якога бізнес зможа ўносіць прапановы па паляпшэнні падатковага заканадаўства і фіскальнай сістэмы.
У ідэале з рэалізацыяй дзяржавай мер падтрымкі прадпрымальніцтва павінен павысіцца ўзровень даверу прыватнага бізнесу да органаў дзяржкіравання. Ад гэтага залежыць паляпшэнне дзелавога клімату ў краіне. Дзяржава пачала надаваць большую ўвагу прыватнаму бізнесу, развіццё якога можа прынесці ў казну дадатковыя даходы. Гэта адзін з пунктаў росту эканомікі.
У бізнес-колах не выключаюць, што пры пэўных умовах уклад малога бізнесу ў эканоміку можна ў бліжэйшы час давесці да 50%. Эканоміцы сёння вельмі патрэбны прыватныя ініцыятывы.