
100-годдзе Васіля Аляксандравіча Сухамлінскага святкуе педагагічная супольнасць. У Грамадскай палаце Расійскай Федэрацыі прайшла канференцыя «Навукова-педагагічная спадчына Сухамлінскага і сучасная адукацыя». Украінскі банк выпусціў да юбілею памятную манету. Педагагічнае таварыства Беларусі рыхтуе свае мерапрыемствы. Часопіс “Воспитание. Лічность. Профессия” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі адгукнуўся артыкулам “Золотой фонд педагогики”.
У Беларусі пра Сухамлінскага стала вядома дзякуючы Міхаілу Апанасавічу Дзмітрыеву. Дырэктар Кармянскай школы-інтэрната ў пошуках перадавога педагагічнага вопыту наладзіў на рэгулярнай аснове абмен дэлегацыямі кармянскіх педагогаў і вучняў з калектывам Паўлышскай школы ва Украіне, дзе дырэктарам быў Васіль Аляксандравіч Сухамлінскі. Узначаленая ім у 1948 годзе ўстанова была звычайнай, да таго ж яшчэ і амаль разбуранай за гады вайны. Асабліва тонкая, можна сказаць, філігранная праца Сухамлінскага па кіраванні педагагічным калектывам на працягу 22 гадоў зрабіла яе знакамітай. Нам, вучням школы-інтэрната пашанцавала бываць там і прымаць паўлышскіх школьнікаў у Карме. Мы адчувалі радасць ад зносін з украінскімі сябрамі ў Паўлышы і на беларускай зямлі. У апошні на маёй памяці візіт дэлегацыі ў Паўлыш ў 1971 годзе мы пасадзілі паблізу школы алею памяці Сухамлінскага – прывезеныя з Беларусі бярозкі і рабіны. І Дзмітрыеў, і Сухамлінскі былі перакананыя, як шмат для развіцця дзяцей даюць такія падарожжы, сустрэчы і зносіны.
У газеце «Знамя юности» тады была надрукавага мая нататка «Зашумят листвой берёзки». Уяўляю, якімі сталі дрэвы сёння! Гэта сімвал нашай дружбы, інтэрнацыяналізму, якія для нас, юных, быў напоўнены рэальным зместам. Пасля гэтай публікацыі я з Украіны атрымаў сотні лістоў. Такім вялікім было жаданне ў дзяцей сябраваць і перапісвацца. Як важныя гэтыя чалавечыя кантакты. Патрэба ў зносінах закладзена ў прыродзе чалавека. Шанаваць гэта навучыў нас Міхаіл Апанасавіч, у тым ліку і сваім прыкладам зносін з Сухамлінскім. Свае крокі на педагагічнай ніве ён звяраў з творчасцю самога Сухамлінскага, уплыў якога на нашага настаўніка быў відавочны. Многія гады зносін – іх асабіста і па перапісцы, а таксама кантактаў нашых вучнёўскіх і педагагічных калектываў – плённая педагагічная вучоба і ўзаемаўзбагачэнне.
І Дзмітрыеў, і Сухамлінскі былі не толькі адміністратарамі, а педагогамі з вялікай літары. Абодва падкуплялі даверам у зносінах, былі патрабавальнымі і ўважлівымі да патрэб іншых, валодалі педагагічным тактам і аналітычным розумам. Усё гэта было іх агульным здабыткам, таму што трывалай духоўнай асновай была вялікая чалавечая дружба, агульнасць лёсу, апаленая вайной маладосць, любоў да дзяцей, якую яны пранеслі праз усё жыццё. Іх дзейную любоў, якая матэрыялізавалася ў працы, нельга было не заўважыць. Яны абодва ў розны час сталі Героямі Сацыялістычнай працы, ўдастоены вышэйшых дзяржаўных узнагарод на ніве педагогікі.
Кажуць аб харызме палітычных дзеячаў. І сапраўды, без яе нельга ў палітыцы. Харызму ў педагогіцы ўсёй сваёй дзейнасцю уяўляў Сухамлінскі, гэты на дзіва адкрыты, на рэдкасць душэўны і працавіты, плённы чалавек. Ён шчодра дзяліўся ідэямі. У сваіх лістах Дзмітрыеву і ў размовах з ім раіў звярнуць увагу на тыя метады і прыёмы выхавання ў школе-інтэрнаце, якія б маглі кампенсаваць адсутнасць мацярынскага цяпла, бацькоўскага клопату: многія з нас, выхаванцаў былі сіроты або паўсіроты. Ён параіў Дзмітрыеву заняцца даследаваннем ролі працоўнага выхавання ў фарміраванні асобы. І Міхаіл Апанасавіч абараніў у сталым узросце кандыдацкую дысертацыю, а на 73-м годзе – доктарскую.
Праз сваё жыццё нясу вобраз выдатнага педагога Васіля Аляксандравіча Сухамлінскага. Мне пашчасціла бачыць яго, чуць яго голас, пабываць на яго ўроках – сумесных, для беларускіх ўкраінскіх дзяцей. У гады працы ў газеце “Савецкі настаўнік" я апублікаваў нататкі "Сустрэчы з Сухамлінскім", дзе выкладзены ўражанні тых дзён. Мне запомнілася адна акалічнасць. У школьнай цяпліцы Паўлыша вырошчвалі хрызантэмы. І калі вучань крыўдзіўся за нешта на настаўніка ці парушаліся даверныя адносіны, то ў класе з'яўлялася фіялетавая хрызантэма. Такое тонкае папярэджанне аб магчымым педагагічным промаху. Як элегантна пададзена! Гэта перайшло і ў адносіны паміж педагогамі. Да свята жадалі, каб у жыцці не было фіялетавых хрызантэм.
Крыніца педагагічнага таленту Сухамлінскага – любоў да дзяцей, бацькоўскі клопат пра іх, дараванне дзецям слабасцей, разуменне тонкіх пабуджальных матываў і прычын дзіцячых свавольстваў, чуласць, глыбокая вера ў магчымасць выхавання кожнага дзіцяці так, каб не трэба было выпраўляць дапушчаныя ў раннім дзяцінстве памылкі – усю гэтую мудрасць Сухамлінскі спазнаў праз уласны вопыт і перадаў як спадчыну новым пакаленням педагогаў у сваёй публіцыстычнай творчасці. А гэта дзясяткі кніг, сотні артыкулаў і паўтары тысячы казак і апавяданняў для дзяцей. «Верце ў талент і творчыя сілы кожнага выхаванца!» Гэтыя словы Сухамлінскага можна было б паставіць эпіграфам да ўсяго, што было ім напісана. Яго шматгадовы вопыт, абагульненне ім вялізнай педагагічнай спадчыны мінулага пераконваюць у невычэрпнасці магчымасцей выхавання.
Ва ўмовах рэфармавання адукацыі ў нашай краіне важна звяртацца да педагагічнай творчасці Сухамлінскага. Ён лічыў настаўніцкую прафесію чалавеказнаўствам, а ў адной з галоўных сваіх кніг “Сэрца аддаю дзецям”, вядомай ва ўсім свеце, напісаў: « Што самае галоўнае было ў маім жыцці? Без роздуму адказваю: любоў да дзяцей». І назва яе – зусім не метафара, а чыстая праўда. Колькі створана! А чалавек не дажыў і да 50.