Дарожную карту развіцця сістэмы адукацыі прымуць на рэспубліканскім педсавеце, які пройдзе ў жніўні з удзелам кіраўніка дзяржавы. У ёй будуць вызначаны прыярытэты, напрамкі, куды павінна рухацца сістэма адукацыі ў бліжэйшай перспектыве да 2020 года і стратэгічна да 2030 года.
Сістэма адукацыі ў Беларусі мае шмат пераваг, прызнаных у свеце. Гэта дэманструюць нашы школьнікі і студэнты, ды і навучэнцы ўстаноў прафтэхадукацыі на сусветных алімпіядах, конкурсах. А выпускнікі вну па многіх спецыяльнасцях запатрабаваныя не толькі ў нашай краіне. Ды і прарыўныя навуковыя даследаванні, якія мае Беларусь, ажыццёўлены тымі, хто вучыўся ў нашых школах і закончыў нашы прафесійныя навучальныя ўстановы.
Да сістэмы адукацыі ў той ці іншай ступені я маю дачыненне на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці. І хацелася б выказаць некаторыя думкі з нагоды абмеркавання ў грамадстве мер па ўпарадкаванні гэтай сферы.
Дашкольная адукацыя і першая ступень адукацыі ў Беларусі склаліся досыць якаснымі. Важныя пытанні, якія патрабуюць сур'ёзнай увагі і сістэматызацыі, звязаны з другой і трэцяй ступенямі навучання ў школе. Чаму гэта важна? У ідэале ў 10-11 клас павінны ісці дзеці, нацэленыя на паступленне ў ВНУ, хто жадае вучыцца і здольны да паспяховага засваення праграмы. Там павінны вучыцца лепшыя. Гэта не павінен быць вал, які затым накіроўваецца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Такое становішча мы назіраем цяпер. І вышэйшая адукацыя становіцца масавай і не заўсёды якаснай. Гэта не дадае ёй прэстыжу. У сувязі з гэтым, хутчэй за ўсё, будзе перагледжаны пераход з другой на трэцюю ступень навучання ў школе з арыенцірам на паступленне выпускнікоў у ВНУ. Будзе абмяркоўвацца пытанне, як гэта зрабіць пры ўмове, што заканадаўча мяркуецца замацаваць усеагульнасць сярэдняй адукацыі.
Адна з актуальных тэм – празмернасць вышэйшай адукацыі ў краіне. У Беларусі больш за паўсотні вну. Колькасць жадаючых атрымаць вышэйшую адукацыю не памяншаецца. Урад не мае намеру штучна скарачаць колькасць тых, хто паступае ў вну. Тым не менш, ужо сёлета ў вну паступіла на 7% менш, чым у мінулым годзе, затое ў прафесійна-тэхнічныя вучылішчы і ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы паступіла больш, чым летась. Зараз вырашана, што кантрольныя лічбы прыёму павінна вызначаць эканоміка – у адпаведнасці з колькасцю, неабходнай для той ці іншай галіны. Раней жа набор планавалі рэктары. Інстытутам і ўніверсітэтам выгадная большая колькасць студэнтаў-платнікаў. Зараз жа будзе зроблены ўпор на рэалізацыю інтарэсаў дзяржавы ў падрыхтоўцы патрэбных кваліфікаваных спецыялістаў.
Наконт завочнага навучання ёсць прапанова дзяржаўнай камісіі, якая назірала за прыёмнай кампаніяй, зрабіць завочнае навучанне ў асноўным платным, за выключэннем некаторых спецыяльнасцей. Выпускнікоў сярэдніх школ, калі прапановы будуць прыняты, мяркуецца дапусціць на гэтую форму навучання толькі праз год працы, каб склалася разуменне прафесійных прыярытэтаў. Заўважу, завочная адукацыя ў нас настолькі масавая, што калі яе рэфармаваць, можна проста патануць у праблемах. Лепш звярнуць увагу на яе змест і прымяненне новых тэхналогій і методык.
Цэнтралізаванае тэсцірававанне падчас дзесяцігадовага прымянення паказала сябе як рэальная сістэма ацэнкі ведаў, якая выключае карупцыйныя праявы. Яна аднолькава справядлівая ў адносінах да ўсіх абітурыентаў, у гэтым несумненны яе плюс. Мінус жа, як заўважаюцць эксперты, толькі ў тым, што за тэстамі не бачна асоба абітурыента. Заўважу, там, дзе не бачыць асобы нельга, укаранёны творчыя іспыты. Ну, а што да зместу тэстаў, ён паспяхова карэкціруецца з улікам школьных навучальных праграм. Альтэрнатывы тэстам не знаходжу. Сістэма працуе.
У краіне будзе абмяркоўвацца тэма: а ці не вярнуцца да пяцібальнай сістэмы адзнак. Дзесяцібальная сістэма за час прымянення прыжылася ў нашай адукацыі. Яна дае шырокі прастор для вар'іравання настаўніку. Пры гэтым заўважу, што творчы настаўнік паспяхова ўжываў бы любую з сістэм. Усе мы, людзі старэйшага пакалення, вучыліся па пяцібальнай сістэме. Паказальная размова бабулі з унукам, якi атрымаў у школе «васьмёрку», падслуханая ў транспарце:
– Твая «васьмёрка» – гэта «пяцёрка» або «чацвёрка»?
– Бабуля, гэта «васьмёрка»!
Навучэнцы канчаткова перайшлі на дзесяцібальную сістэму ацэнак, прынялі яе. І, верагодна, ніякай неабходнасці паварочваць назад няма. Іншая справа, што неабходна больш выразна распрацаваць крытэрыі ацэнкі ведаў.
Школьнікі сёння – інфармаваныя людзі, якія атрымліваюць веды з розных крыніц. Гэта стымулюе школу і настаўнікаў быць на ўзроўні: і ва ўзбраенні новымі ведамі, і ва ўкараненні новых методык, тэхналогій, і ў працы з адоранымі дзецьмі.