Падзяліцца:
«Вердыкт. Самы абаронены аб'ект!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
15 кастрычніка 2019
«Вердыкт. Самы абаронены аб'ект!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Чым бліжэй час пуску першага блока Беларускай АЭС, тым больш пільная ўвага да бяспекі нашай атамнай электрастанцыі. Гэта і стала тэмай майго радыёблога. Станцыя праектавалася з некалькімі ступенямі абароны. Усе яны ў час будаўніцтва рэалізаваныя. Пройдзены стрэс-тэсты ў перадпускавы перыяд. Праводзяцца вучэнні падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ратавальнікі адпрацоўваюць сцэнарыі і мерапрыемствы на выпадак надзвычайных сітуацый. Захаванне бяспекі Беларускай атамнай электрастанцыі – прыярытэтная задача Узброеных Сіл. Напярэдадні беларускія вайскоўцы паказалі, як ахоўваецца атамны аб'ект. Яны лічаць, што сістэмы супрацьпаветранай абароны гарантуюць бяспеку Беларускай АЭС на 100%. Адна з пазіцый, адкуль ахоўваюць неба над станцыяй, знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад яе. Батарэя зенітнага ракетнага комплексу «Тор-М2» кантралюе неба над стратэгічным аб'ектам, баявое дзяжурства нясуць кругласутачна. Да баявой гатоўнасці комплекс разгортваюць усяго за тры хвіліны. Ён гатовы шукаць паветраныя цэлі, суправаджаць іх і па камандзе знішчыць. Супрацьпаветраная абарона – адзін з напрамкаў захавання бяспекі БелАЭС. Ваенныя канстатуюць: комплекс «Тор-М2» – найбольш эфектыўны сродак малой далёкасці, што пацвярджаецца яго тэхнічнымі характарыстыкамі і дзеяннямі баявых разлікаў на палігонах. Ён можа працаваць у аўтаматычным рэжыме: тэхніка сама выявіць цэль, возьме яе на суправаджэнне, класіфікуе, што за ёй хаваецца. «Гэта не проста машына, а баявы рабатызаваны комплекс, амаль робат», – адзначаюць ваенныя. 1146 гвардзейскі зенітны ракетны полк заступіў на баявое дзяжурства 1 снежня 2018 года. За гэты час пазаштатных сітуацый не было. На ўсіх пазіцыях вядзецца кругласутачнае візуальнае назіранне за паветраным становішчам паблізу АЭС. Для якаснага выканання задач баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне арганізавана ўзаемадзеянне з падраздзяленнямі радыётэхнічных войскаў. «Тор-М2» здольны знішчыць верталёты, самалёты, элементы высокадакладнай зброі, беспілотныя лятальныя апараты на далёкасці да 12 кіламетраў на вышыні да 10 кіламетраў на хуткасцях палёту да 2 500 км/г. Пры гэтым далёкасць выяўлення цэлі складае 32 кіламетры. Інтэрвал пуску ракет 2-3 секунды. Лічыцца, што не выслізне нават шарык дыяметрам 5 сантыметраў. І гэта праверана на палігоне. Полк штогод павышае баявую гатоўнасць на стрэльбах па ракетах-мішэнях дыяметрам ад 9 да 12 см і даўжынёй больш за метр. На ўзбраенні падраздзяленняў, якія ахоўваюць Беларускую АЭС, знаходзіцца перадатчык перашкод «Навальніца Р2» для процідзеяння мультыкоптарам. Гэта беларуская зброя для барацьбы з несанкцыянаваным пранікненнем дронаў. Калі гаварыць пра блізкасць БелАЭС ад дзяржаўнай граніцы, у палку падкрэсліваюць, што спецыфіка дзеянняў адна – нясенне баявога дзяжурства. Гэта адзіная баявая задача, якая выконваецца ў мірны час і не прынцыпова, 100 або 5 кіламетраў да граніцы – адказнасць аднолькава высокая. Яшчэ адзін стратэгічны для бяспекі атамнай станцыі аб'ект – пажарная аварыйна-ратавальная часць, якую ў 2015 годзе абнавілі сучаснай тэхнікай. Падраздзяленне ўкамплектавана ўсім неабходным пажарна-тэхнічным узбраеннем. У яго штаце служба хімічнай і радыяцыйнай абароны. Работнікі яе рэгулярна выязджаюць на практычныя заняткі ў чарнобыльскую зону. Трэніроўкі праходзяць у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку. У часці працуюць людзі з Брэста, Віцебска, Гомеля, Оршы, Барысава, Мінска, Гродна. Збор і выезд па трывозе – 1 хвіліна. Падчас трэніровак ратавальнікі адпрацоўваюць, як будуць рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі. Фізічны пуск першага блока БелАЭС запланаваны на студзень 2020-га. Ядзернае паліва паступіць на пляцоўку сёлета да канца года. Яго вырабілі на Новасібірскім заводзе хімканцэнтратаў. У наступным годзе плануецца ўвесці ў строй і другі энергаблок. Найбуйнейшы аб'ект энергетыкі запрацуе на поўную моц. «Гэта будзе самы абаронены аб'ект», – сцвярджаюць будаўнікі, ваенныя і ратавальнікі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: