Падзяліцца:
5 Красавіка 2017
Дзейнасць першадрукара Францыска Скарыны – тэма года, бо мы сёлета адзначаем 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
Падступіцца да Cкарыніяны з нетрадыцыйнага боку мяне натхніў разгляд у Савеце Рэспублікі пытання аб нарматыўна-прававым рэгуляванні выдавецкай дзейнасці, святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года навукі. А яшчэ больш  –  разгорнутая там выстава, на якой экспанаваліся ўзноўленыя па тэхналогіі ХVI стагоддзя  скарынаўскія кнігі, творы пра дзейнасць беларускага мысліцеля і першадрукара, адпаведныя энцыклапедычныя выданні, сучасная навуковая літаратура, якая сведчыць пра дасягненні Беларусі ў розных навуковых галінах.
Цікавасць сенатараў і запрошаных да ўдзелу ў пасяджэнні другой сесіі Савета Рэспублікі шостага склікання выклікала друкарская майстэрня, у якой адноўлены скарынаўскія тэхналогіі вырабу кніг. Тут жа дэманстравалася, як выраблялася льняная папера па старадаўнім метадзе вычэрпвання. Яе так і называлі чарпак. Матэрыял і тэхналогія спрыялі яе даўгавечнасці. Многія паспрабовалі, як працуе станок, створаны беларускім гісторыкам і калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым. Прысутныя на выставе змаглі сабе надрукаваць старонку скарынаўскай Бібліі. Дзейнасць узноўленага ўзора друкарскага станка паспрабаваў і я. І пра гэта з гонарам расказваў студэнтам журфака і паказваў гэты цудоўны адбітак.
Дык вось пра друкарскі станок, выраблены з дубу, хачу расказаць асобна, бо гэта ўнікальная старонка Скарыніяны. Задуму стварыць такі станок няўрымслівы  даследчык скарынаўскай дзейнасці Уладзімір Ліхадзедаў выношваў даўно. Паглыбіўся ў вывучэнне друкарскай справы. Аб’ездзіў еўрапейскія музеі, знаёміўся з друкарскай тэхнікай мінулых стагоддзяў. Звярнуўся да дакументаў, у якіх апісвалася тэхналогія стварэння паперы і працэс друкавання. Па гравюрах часоў Скарыны быў выраблены станок, для якога спецыяльна адлілі матрыцы і формы з тэкстам Бібліі. На ім 3 гады таму з дапамогай тэхналогій XVI стагоддзя на самаробнай ільняной паперы ўзноўлена Біблія першадрукара Францыска Скарыны. Кніга практычна не адрозніваецца ад арыгінала. Вядома, пры сённяшнім развіцці аргтэхнікі зрабіць факсімільнае або рэпрынтнае выданне нескладана, у той час як надрукаваная такім чынам кніга – рэдкасць.
У свеце адноўлена ўсяго некалькі такіх станкоў. На прасторах СНД ён, цалкам драўляны, зроблены з дубу – адзіны, з’яўляецца вялікай рэдкасцю. Тыя, хто заняты аднаўленнем даўніны, звяртаюцца да беларускіх майстроў.
Як у скарынаўскія часы, уручную  наносіцца фарба на падрыхтаваную форму, адным рухам карэткі накладваецца аркуш паперы – і пад прэс. Вывераны на паўабароту рух рычага на чарвячнай перадачы і… адбітак гатовы. І мы маем поўнае ўяўленне, як працаваў наш славуты зямляк першадрукар Скарына ў Празе, а затым і ў Вільні. Дадам, гэты друкарскі станок разборны. Разбіраецца па дэталях і можа быць сабраны ў іншым месцы. І падчас Славянскага базару ў Віцебску, Дня беларускага пісьменства дэманструецца гэта тэхналогія.
Узноўленае сённяшнімі беларускімі майстрамі паліграфічнае абсталяванне тых часоў – своеасаблівы ўклад у Скарыніяну да юбілею беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
Сучаснымі тэхналогіямі выдадзены факсімільна ўсе 23 кнігі, надрукаваныя ў свой час Скарынам. У арыгінале не ўсе яны ёсць у беларускіх бібліятэках. А пошукі, перш за ўсё, спецыялістаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, навуковыя даследаванні дазволілі гэту скарынінскую спадчыну ўзнавіць і пашырыць у свеце. Найкаштоўнейшыя кнігі да юбілею беларускага і ўсходнееўрапейскага  кнігадрукавання атрымаюць буйнейшыя бібліятэкі многіх краін. Так беларусы шануюць сваю духоўную спадчыну. Скарыніяна – наш нацыянальны здабытак і гонар!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: