Падзяліцца:
«Вердыкт. Спорт – дзейны сродак дыпламатыі міру!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
21 Чэрвеня 2019
«Вердыкт. Спорт – дзейны сродак дыпламатыі міру!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Сёння пачынаюцца II Еўрапейскія гульні. З 21 па 30 чэрвеня ў Мінску будуць спаборнічаць 4000 атлетаў з 50 краін, барацьба будзе ісці за 200 камплектаў узнагарод па 15 відах спорту. Гэта падзея натхніла мяне паразважаць пра імідж Беларусі, як спартыўнай дзяржавы, пра народую дыпламатыю, бо бязвізавы рэжым, спартыўныя арэны і патокі замежных гасцей спаборніцтваў ствараюць для гэтага найлепшыя ўмовы. Значэнне спорту з пункту гледжання ўплыву на сусветную палітыку цяжка пераацаніць. Праз спорт фарміруецца цікавасць да вандраванняў, людзі лепш пазнаюць іншыя краіны. Палітыкі таксама наведваюць такія мерапрыемствы. А гэта дадатковая магчымасць на свае вочы ўбачыць, чым жыве краіна, якая прымае спаборніцтвы, сустрэцца з яе кіраўніцтвам. Калі краіна здольна ладзіць такія маштабныя мерапрыемствы, а Беларусь паспяхова ўжо прыняла Чэмпіянат свету па хакеі, наступны таксама будзе прымаць разам з Латвіяй, арганізуе іншыя міжнародныя спаборніцтвы, гэта дадае іміджу краіне, дае гасцям большыя перспектывы зведаць Беларусь не толькі як спартыўную дзяржаву. Узяць хоць бы адзін з сімвалаў II Еўрапейскіх гульняў – «Полымя міру» і яго палітычнае значэнне. Як алімпійскі агонь, яно дастаўлена ў Мінск з Баку – папярэдняй сталіцы Еўрапейскіх гульняў. На гэтым шляху «Полымя міру» і сцяг спаборніцтваў пабывалі ў многіх беларускіх гарадах, на флагманскіх беларускіх прадпрыемствах. Так з розных ракурсаў паказана Беларусь. І назва «Полымя міру» невыпадковая. Мір – тое, чаго не хапае планеце, і Еўропе ў тым ліку. Безадказнасць кіраўніцтва буйных дзяржаў, і ў першую чаргу ЗША, не ўлічваючы, што свет змяніўся і становіцца шматпалярным, спрабуе дыктаваць свае ўмовы міжнароднай палітыкі, аб’яўляе гандлёвыя войны, дыктуе саюзнікам, каб накладвалі санкцыі. Напрыклад, уведзеныя супраць Расіі санкцыі прынеслі еўрапейскім краінам у пяць разоў большыя страты, чым Расіі. Гэта выклікае напружанасць, правакуе сур’ёзныя крызісныя сітуацыі, а не спрыяе рашэнню крызісаў у міжнародный палітыцы. З пачатку алімпійскага руху дзейнічаў дэвіз «Спорт, ты – мір». На час правядзення алімпійскіх гульняў у даўнейшыя часы перапыняліся ваенныя дзеянні. II Еўрапейскія гульні як сімвал міру ўяўляюць сабой яшчэ адзін шанец абразуміць «мужоў вайны» і напомніць аб прыярытэце міру. Спорт ва ўсе часы быў паслом міру. У гэтым яго сэнс, як сродку народнай дыпламатыі, што звязвае розныя краіны кантынента. Такую думку выказала факеланосец алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер, чыя кар’ера ў спорце – самая працяглая. Яна адзначыла, што Беларусь выдатна падрыхтавалася да II Еўрапейскіх гульняў. Беларусы здольны прадэманстраваць не толькі сваю арганізаванасць, адкрытасць, добразычлівасць і гасціннасць, але і высокія спартыўныя вынікі. Спорт не чужы для нас. Рэспубліка вядомая на сусветных спартыўных арэнах па многіх відах спорту. З улікам медалёў, заваяваных у складзе каманд БССР і Рэспублікі Беларусь, гонар нашай краіны складаюць 193 чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў. Спадзяёмся, што і на гэтых спаборніцтвах поспех будзе спадарожнічаць нашым спартсменам. Бо на кану разыгрыванне ліцэнзій на Алімпіяду. У Беларусі добрыя адносіны з вядучымі міжнароднымі спартыўнымі арганізацыямі, цэнтрамі спартыўнага руху. Яны цэняць патэнцыяльную гатоўнасць Беларусі ўдзельнічаць у буйных спаборніцтвах і арганізоўваць іх у сябе. Пабудаваныя сусветнага ўзроўню спартыўныя аб’екты, вопыт правядзення сусветных першынстваў, атмасфера гасціннасці, тысячы падрыхтаваных добраахвотнікаў-валанцёраў, здольных прыйсці на дапамогу гасцям краіны, – усё гэта паспрыяе арганізаванаму правядзенню II Еўрапейскіх гульняў. Выканаўчы дырэктар II Еўрапейскіх гульняў Сайман Клег на прэс-канферэнцыі адзначыў высокі ўзровень арганізацыі на спартыўных і культурных пляцоўках у Мінску. Ён назіраў за падрыхтоўкай да мерапрыемства з самага пачатку і з упэўненасцю адзначыў, што Мінск стаў святочным. Высокім узроўнем арганізацыі адрозніваюцца спартыўныя і культурныя пляцоўкі мультыспартыўнага форуму. Ён таксама адзначыў вялікую цікавасць да спаборніцтваў беларускіх гледачоў. Старшыня каардынацыйнай камісіі Еўрапейскага алімпійскага камітэта па правядзенні II Еўрапейскіх гульняў Спірас Капралас у размове з журналістамі адзначыў, што ў Беларусі ёсць вопыт правядзення буйных спартыўных спаборніцтваў. Дзякуючы Еўрапейскім гульням, пра Беларусь змогуць пачуць у многіх кутках свету. На гэта мы і разлічваем, бо адна з мэт правядзення мультыспартыўнага форуму – ўмацаванне іміджу Беларусі ў свеце, у тым ліку і як прыхільніка народнай дыпламатыі праз спорт.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: