Напярэдадні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе заслухаў, як выконваюцца яго даручэнні, што датычацца стымулявання дзелавой ініцыятывы. Нагадаю, падрыхтоўкай адпаведных дакументаў са студзеня займалася спецыяльна створаная рабочая група. Па выніках праведзенай работы падрыхтаваны пакет дакументаў, мэта якіх - павышэнне дзелавой актыўнасці ў Беларусі.
Гэтыя падзеі і факты натхнілі мяне на роздум пра свабоду прадпрымальніцтва як адну з асноўных канстытуцыйных эканамічных свабод чалавека ў дэмакратычным грамадстве. Яна ўключае права выкарыстоўваць свае здольнасці і маёмасць для прадпрымальніцкай і іншай незабароненай законам гаспадарчай дзейнасці, права ствараць фірмы і кампаніі, выкарыстоўваць эканамічныя рэсурсы для вытворчасці тавараў па ўласным выбары і прадаваць іх на выбраных рынках. Гэта абагульненае ўяўленне пра свабоду прадпрымальніцтва паводле юрыдычнага і эканамічнага энцыклапедычных слоўнікаў.
Рэалізаваная свабода прадпрымальніцтва нясе карысць не толькі тым, хто займаецца прадпрымальніцтвам, але і дзяржаве, грамадству, бо ідзе пераразмеркаванне даходаў праз падаткі, ствараюцца дадатковыя працоўныя месцы, сацыяльна адказны бізнес бярэ на сябе пэўныя абавязацельствы і ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўных праграм. Доля прыватнага бізнесу ў валавым унутраным прадукце развітых краін дасягае трох чвэрцяў і больш. У нас пакуль гэта не так, і такіх задач не ставім. Але ж давесці долю малога бізнесу да больш-менш прымальных лічбаў імкнёмся. І адзін з напрамкаў гэтай дзейнасці менавіта разняволенне і заахвочванне дзелавой ініцыятывы.
Прэзідэнт даручыў да кастрычніка дапрацаваць пакет адпаведных дакументаў. Плануецца, што ўсе залішнія адміністрацыйныя бар'еры, з якімі сутыкаюцца бізнесмены, будуць скасаваныя. Разам з тым, павысіцца адказнасць прадпрымальнікаў. У пакет дакументаў па пытаннях стымулявання дзелавой ініцыятывы ўвойдзе каля дзесяці нарматыўна-прававых актаў. Прапанаваныя дакументы ў поўнай меры павінны адпавядаць інтарэсам нашай краіны, каб дзяржава не страціла кантроль над эканамічнымі працэсамі.
Прадстаўленыя да разгляду нарматыўныя акты ўтрымліваюць шэраг даволі сур'ёзных навацый для эканамічнай сферы – ад уведамляльнага прынцыпу пачатку вядзення эканамічнай дзейнасці да сістэмы выбарачных праверак. Гэта можна разглядаць як сур'ёзны крок на шляху павышэння даверу да дзелавой супольнасці. Усе непатрэбныя адміністрацыйныя бар'еры і працэдуры будуць ліквідаваны. Пасля прыняцця дакументаў любы чалавек зможа адкрыць сваю справу і працаваць, кіруючыся мінімальным наборам патрабаванняў. Не тое, што было раней.
У свой час я далучыўся да прадпрымальніцтва ў будаўнічай сферы. У 90-я гады гэта было рабіць проста, не існавала ліцэнзавання. На пэўным этапе справу так зарэгламентавалі, увялі ліцэнзаванне, што многія прадпрымальнікі пакінулі будаўнічую сферу. Ну, мяркуйце самі, каб атрымаць ліцэнзію, трэба было набраць дыпламаваных спецыялістаў і пацвердзіць кваліфікацыю работнікаў. Пазней ліцэнзаванне адмянілі. Гэта быў першы крок да лібералізацыі. Але ж да сённяшняга дня застаюцца патрабаванні: атэстацыя прадпрыемства, сертыфікацыя будаўнічых работ, атрыманне пасведчання аб тэхнічнай кампетэнцыі. У выніку, на думку прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, гэта галіна застаецца вельмі зарэгуляванай. Новыя нарматыўныя акты разняволяць і гэту сферу.
Звернем увагу на асноўныя новаўвядзенні будучых нарматыўных актаў па стымуляванні бізнес-актыўнасці. У свой час, калі я адкрываў прадпрыемства, пячатку выраблялі месяц. Банкі прымалі дакументы з пазнакай “б/п” – без пячаткі. Усе плацяжы праходзілі. Зараз Расія, Украіна, Літва не патрабуюць наяўнасці пячаткі юрыдычнай асобы, дзейнічае прынцып добраахвотнасці. Такі крок будзе прадугледжаны і ў нас. Асабліва гэтага рашэння чакаюць удзельнікі знешнегандлёвых здзелак.
Плануецца мінімізаваць умяшанне асобных дзяржаўных органаў у дзейнасць суб'ектаў гаспадарання, адначасова павялічыўшы адказнасць бізнесу перад грамадствам. Адзіныя тэхнічныя патрабаванні пажарнай і санітарна-эпідэміялагічнай бяспекі, патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі, максімальна сістэматызаваныя і скарочаныя, будуць зацвярджацца кіраўніком дзяржавы. У той жа час азначанае паслабленне не распаўсюджваецца на асабліва небяспечныя сферы дзейнасці і аб'екты.
Уводзіцца таксама паведамляльны парадак ажыццяўлення відаў дзейнасці, пералік якіх замацоўваецца ў праекце дэкрэта. Сюды ўключаны бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання і некаторыя іншыя віды бізнесу, у якіх засяроджана 95% мікра- і малых прадпрыемстваў. Каб распачаць дзейнасць у гэтых сферах, будзе дастаткова апавясціць выканкам, і суб'ект гаспадарання будзе мець права весці свой бізнес ужо на наступны дзень.
Як памятаю, адкрыццё сваёй справы ў мяне зацягнулася не на адзін месяц. І пакуль рэшэнне райвыканкама не было вынесена, я не мог прыступіць да дзейнасці. Сёння проста зарэгістравацца. Але ж пры адкрыцці аб'ектаў бытавых паслуг або грамадскага харчавання толькі рэгістрацыя ў рэестры займае восем рабочых дзён, а з улікам неабходнасці атрымання розных узгадненняў і дазволаў пачатак працы адцягваецца як мінімум на паўгода.
Нямала і іншых перашкод на шляху да справы захоўваецца сёння. Прымаемыя дзяржавай меры па стымуляванні дзелавой актыўнасці насельніцтва закліканы развіваць ініцыятыву, самазанятасць грамадзян, гарантаваць ім канстытуцыйную свабоду прадпрымальніцтва.