
Той факт, што мы паміж двума святамі – міжнародным Днём дзяцей-вынаходнікаў і Днём беларускай навукі – мяне натхніў паразважаць пра ўмовы, якія ствараюцца для творчасці юных вынаходнікаў Беларусі.
17 студзеня абраны днём дзіцячых вынаходак невыпадкова. Гэта дзень нараджэння аднаго з выдатных амерыканцаў – дзяржаўнага дзеяча, дыпламата, навукоўца, вынаходніка Бенджаміна Франкліна, які сваё першае вынаходства – пару ластаў для плавання на рукі – зрабіў ва ўзросце 12 гадоў. У кар'еры вынаходніка – навуковыя даследаванні і эксперыменты, якія ўнеслі неацэнны ўклад у сусветную навуку, на шмат дзясяткаў гадоў апярэдзілі эпоху. Франкліну належыць абазначэнне электрычна зараджаных станаў «+» і «-», доказ электрычнай прыроды маланкі і праект маланкаадвода, ужыванне электрычнай іскры для выбуху пораху, патэнты на канструкцыю крэсла-качалкі і біфакальных акуляраў. І гэта толькі невялікая частка вынаходніцкай спадчыны вучонага.
Сцяг Аляскі – таксама дзіцячае вынаходніцтва: 13-гадовы Бенні Бенсан у 1926 годзе адправіў свой эскіз на конкурс Дзяржаўнага сцяга Аляскі. Сіні колер, які сімвалізуе неба, і афіцыйная кветка штата – незабудка, выявы сузор'я Вялікай Мядзведзіцы і Палярнай зоркі прывялі хлопчыка да перамогі.
Можна пералічваць дзіцячыя вынаходкі, успамінаючы і папяровы пакет з квадратным дном, і калькулятар, і водныя лыжы – усё гэта прынесла ў наша жыццё геніяльная думка юных вынаходнікаў.
Мы ведаем, што пальчаткі без пальцаў – з гэтага шэрагу, хоць вынаходніцтва даўняе. А вось пальчатка, якая дапамагае распрацоўваць руку пасля інсульту, – вынаходніцтва майго земляка, навучэнца Гомельскага машынабудаўнічага каледжа. З пальчаткай Максіма Кір’янава для пасляінсультнай рэабілітацыі хворых і іншымі экспанатамі я пазнаёміўся на выставе падчас 15-га Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў – навучэнцаў устаноў адукацыі.
Заўважу, трэндам апошніх гадоў у Беларусі стала далучэнне моладзі да вынаходніцтва і рацыяналізатарства. У тым ліку праз такія злёты і мэтанакіраваную работу ў абласцях пры падрыхтоўцы да іх. Студэнтам, магістрантам, аспірантам, маладым вучоным і спецыялістам ВНУ, навукова-даследчых арганізацый, інавацыйных прадпрыемстваў Беларусі і Кітая дае магчымасць прадэманстраваць свае напрацоўкі Беларуска-кітайскі маладзёжны інавацыйны форум “Новыя гарызонты-2017”, які чацвёрты раз прайшоў у навукова-тэхналагічным парку БНТУ “Палітэхнік”. Невыпадкова завяршыўся ён наведваннем Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку і прэзентацыяй яго магчымасцей па далучэнні творчай моладзі да супрацоўніцтва. Створаны тут навуковы цэнтр стане інкубатарам інавацыйных ідэй і першым крокам да іх камерцыялізацыі.
Мне пашчасціла сустрэцца з удзельнікамі конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «Таленты XXI стагоддзя». Фінал яго летась праходзіў у дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубронак". Тут маладыя вынаходнікі – каманды з 15 рэгіёнаў Расіі і ўсіх абласцей Беларусі – прадставілі свае распрацоўкі ў васьмі навуковых секцыях. Мне спадабалася, як каардынуе рух юных даследчыкаў Таццяна Наўяніс у дзіцячай акадэміі творчасці "Сонечны горад" (Кабардзіна-Балкарыя, Расійская Федэрацыя). Яе вучні ўдзельнічаюць у конкурсе ўвесь час яго правядзення і неаднаразова станавіліся ўладальнікамі грантаў. Правядзенне конкурсу Саюзнай дзяржавы «Таленты XXI стагоддзя" прыводзіць да таго, што тры чвэрці яго ўдзельнікаў мінулых гадоў сёння студэнты тэхнічных ВНУ.
Як выказаўся на з'ездзе вучоных Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, «сапраўдны вучоны і ў дзіцячы садок пойдзе, каб знайсці сваіх вучняў», і звярнуў увагу на тое, што ланцужок паміж школай і ВНУ перарываецца. Каб ўчарашнія школьнікі сталі студэнтамі, удзельнічалі ў навуковых даследаваннях, а пазней – аспірантамі і маладымі навукоўцамі, выкладчыкі павінны надаваць увагу літаральна кожнаму з тых, хто заявіў аб сваім патэнцыяле. Для гэтага нават не трэба хадзіць па школах. Створаныя прэзідэнтам фонды адоранай моладзі маюць банк даных з імёнамі маладых людзей, якія паспелі ўжо пра сябе заявіць у тых ці іншых сферах. А каб такіх людзей было больш, па прапанове Прэзідэнта будзе створаны Цэнтр, які прапануе пляцоўку для вынаходніцтва і навукова-тэхнічнай творчасці маладых талентаў. Белдзяржуніверсітэт ўжо распрацаваў канцэпцыю такога цэнтра.
Падчас пераўтварэнняў у навуковай сферы, Прэзідэнт на з'ездзе вучоных прапанаваў вярнуцца да правіла, якое дзейнічае яшчэ з савецкіх часоў: акадэмікам чалавек можа стаць толькі тады, калі не толькі напісаў манаграфіі, дысертацыю абараніў, але і стварыў навуковую школу і падрыхтаваў таленавітых вучняў. Адвечная праблема настаўнікаў і вучняў павінна вырашацца з самага ранняга ўзросту.