
Завяршаецца Год навукі - вынікі яму падведзены на II з'ездзе вучоных Беларусі: здабыткі ў беларускай навуцы вялікія і задачы немалыя. Пра іх на навуковым форуме ёмка сказаў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка нацэліў інтэлектуальную эліту грамадства на вырашэнне найбольш актуальных праблем, навуковыя арганізацыі – на вялікую настойлівасць у пашырэнні новаўвядзенняў, а айчынныя прадпрыемствы – на вялікую зацікаўленасць ва ўкараненні інавацый. Пра тое, як вырашаць існуючыя навуковыя і арганізацыйныя праблемы, таксама гаварылася на з’ездзе.
Выніковасць беларускай навукі адлюстроўваюць паказчыкі міжнародных рэйтынгаў. Так, па індэксе ведаў Беларусь займае 45-е месца сярод амаль 200 краін, палепшыўшы гэты паказчык за апошнія пяць гадоў на 14 пунктаў. За пяць гадоў у нашай краіне больш чым удвая павялічыўся аб’ём выпуску навукова-тэхнічнай і інавацыйнай прадукцыі. Мадэрнізацыя беларускай энергасістэмы дазволіла ўтрая скараціць імпарт электрычнай энергіі. Беларусь дастойна канкурыруе на сусветным рынку тэхналогій у галіне радыёлакацыі, ракетных сістэм, беспілотных лятальных апаратаў і аўтаматызаваных комплексаў. Далёка за межамі вядомы распрацоўкі беларускіх вучоных у галіне плазменных тэхналогій, аптычных і лазерных прыбораў, новых матэрыялаў з адмысловымі ўласцівасцямі, радыёэлектронікі, інфарматыкі, функцыянальных прадуктаў харчавання. Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае з многімі арганізацыямі і краінамі ў рамках міжнародных навуковых праграм і праектаў, у тым ліку з Расіяй, Кітаем, Індыяй, Турцыяй, Францыяй і іншымі.
Пакуль жа дынаміка развіцця ў краіне высокатэхналагічных вытворчасцей недастатковая. Не заўсёды прыносяць аддачу затраты на навуковую сферу. Існуе праблема ўцечкі мазгоў: адбываецца не толькі знешняя, але і ўнутраная інтэлектуальная міграцыя. Многія маладыя людзі, застаючыся ў нашай краіне, мяняюць навуковую дзейнасць на больш высокааплатную працу ў сферы бізнесу. У сувязі з гэтым актуальным з'яўляецца стварэнне для маладога пакалення спрыяльных умоў творчасці і рэалізацыі пачынанняў. Паступова будуць павялічвацца асігнаванні на навуку пры адначасовым патрабаванні эфектыўнага выкарыстання капіталаўкладанняў, аддачы ад затрат на навуку.
Падчас з'езда прынята стратэгія "Навука і тэхналогіі: 2018-2040". Пры яе распрацоўцы быў праведзены сістэмны аналіз тэндэнцый развіцця новых тэхналогій, вывучаны аналагічныя доўгатэрміновыя стратэгіі іншых краін.
Праект стратэгіі да з’езда прайшоў грамадскае абмеркаванне. Будучыня Беларусі з пазіцыі стратэгіі бачыцца ў тым, каб нарошчваць перавагі ў прыярытэтных галінах і выходзіць на лідарскія пазіцыі па ключавых перспектыўных напрамках навукі і тэхналогій, павялічваць выніковасць інавацый і інтэгравацца ў міжнародную навукова-інавацыйную прастору. Стратэгія арыентуе на мадэль "Беларусь інтэлектуальная", у аснове якой – фарміраванне інтэлектуальнай эканомікі. Вялікая ўвага нададзена далейшаму развіццю галін і відаў дзейнасці, якія будуць забяспечваць жыццёвыя патрэбнасці чалавека, – прамысловасці, АПК, энергетыкі, будаўніцтва. Прадугледжана паскоранае развіццё тых галін і відаў дзейнасці, якія фарміруюць новую якасць вытворчых працэсаў, маюць мульты- і міжгаліновы характар, адпавядаюць самым прагрэсіўным сусветным навукова-тэхнічным патрабаванням. Стратэгія будзе рэалізоўвацца ў тры этапы: да 2020-га, да 2030-га і да 2040-га гадоў. На першым з іх прадугледжана актуалізацыя існуючых напрацовак; на другім – завяршэнне лічбавай мадэрнізацыі традыцыйных галін, фарміраванне пераваг па ключавых галінах эканомікі; на трэцім – нарошчванне кампетэнцый у мэтавых сегментах эканомікі, інтэлектуалізацыя грамадства.
Мэтавыя паказчыкі на 2040 год – давесці навукаёмістасць ВУП да 3 %, долю высокатэхналагічных сектараў у эканоміцы – да 10 %, долю інавацыйнай прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў – да 25 %, долю прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак – да 30 %.
Я згодны з афарызмам нашых дзён: “Роля навукі можа быць незаўважнай, але яе адсутнасць у нашым жыцці будзе адчувальнай”. Стратэгія "Навука і тэхналогіі: 2018-2040" – ключавы дакумент, рэалізацыя якога павінна больш эфектыўна злучыць навуку і вытворчасць, вызначаць дзяржаўную палітыку развіцця не толькі навуковай сферы, але і ўсёй краіны. З рэалізацыяй Стратэгіі будзе нададзены дынамічны тэмп інавацыйнага развіцця Беларусі і наша краіна зможа выйсці на перадавыя пазіцыі навукова-тэхнічнага прагрэсу.