Падзяліцца:
«Вердыкт. У пошуку духоўнага азарэння і творчасці». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
13 лістапада 2017
«Вердыкт. У пошуку духоўнага азарэння і творчасці». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Мы напярэдадні сусветнага дня філасофіі, які быў абвешчаны на 33-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА: з сярэдзіны 2000-х гадоў ён праводзіцца штогод ў трэці чацвер лістапада з мэтай далучыць сусветную супольнасць да багацця філасофскай думкі. Гэты дзень адзначаюць больш чым у 70 краінах-членах ЮНЕСКА. Сёння ў беларускім грамадстве, як і ў многіх іншых, адраджаецца цікавасць да навуковых і філасофскіх ідэй, выпрацоўваюцца прадукцыйныя падыходы да спалучэння традыцый і наватарства ў палітыцы, эканоміцы і культуры. Філасофскае асэнсаванне падзей і з’яў можа і павінна надаць новы імпульс інавацыйным пераўтварэнням ва ўсіх сферах жыцця грамадства, міжнародным супрацоўніцтве і інтэграцыі. Менавіта такія чаканні ад навукі, у цэлым, і ад гуманітарных ведаў, у прыватнасці, закладзены ў сістэму прыярытэтаў 2017-га – Года навукі ў Беларусі. У 1970-1980-я гады існавала Беларускае аддзяленне філасофскага таварыства СССР. У свае аспіранцкія гады я таксама стаў членам гэтага таварыства. Сёлета створана Беларускае філасофскае таварыства, якое аб'яднала інтарэсы навукоўцаў-даследчыкаў, выкладчыкаў, аспірантаў і магістрантаў. Старшынёй абраны акадэмік Яўген Бабосаў. Галоўная задача – спрыяць развіццю філасофскіх ведаў і павышэнню іх статусу ў сацыякультурнай прасторы Беларусі, стаць пляцоўкай міждысцыплінарнай дыскусіі, правядзення навуковых форумаў, выданні кніг, выканання даследчых праектаў. У кастрычніку прайшоў Першы беларускі філасофскі кангрэс “Нацыянальная філасофія ў глабальным свеце”. У ім прынялі ўдзел каля 500 прадстаўнікоў філасофскай навукі з 20 краін. Амаль палова ўдзельнікаў – замежныя госці. Гэта навукоўцы з Расіі, Кітая, Францыі, Італіі, Польшчы, Румыніі, Балгарыі, Малдовы, краін Балтыі і іншых. Кангрэс стаў адным з самых значных форумаў Года навукі ў Беларусі і найбуйнейшым у гісторыі краіны навуковым форумам у галіне філасофіі, сацыяльных і гуманітарных навук. У прывітанні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам кангрэса гаворыцца: “Беларусь ганарыцца багатай гісторыяй школы філасофскіх ведаў. Наша зямля спрадвеку славілася мысліцелямі, чыімі намаганнямі створаны ўзоры праніклівага навуковага пошуку, духоўнага азарэння і творчасці”. Першы беларускі філасофскі кангрэс сабраў кіраўнікоў міжнародных навуковых арганізацый і фондаў, лідараў нацыянальных філасофскіх школ шэрагу дзяржаў. Зроблены новы крок да кансалідацыі вучоных вакол вырашэння актуальных задач развіцця дзяржавы, грамадства і культуры. Яго правядзенне – наглядная дэманстрацыя дасягненняў беларускай навукі, спадчыны айчыннай духоўнай культуры, інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі, укладу краіны ў мірны працэс і вырашэнне глабальных праблем сучаснасці. Развіваючыся ў пастаянным дыялогу з брацкімі народамі, беларуская культура ўнесла свой адчувальны ўклад у стварэнне сістэмы светапогляду людзей. Духоўныя памкненні нацыі ўвасобіліся ў такіх традыцыйных для кожнага беларуса каштоўнасцях, як добрасуседства, гуманізм і сацыяльная справядлівасць. Ажыццяўляючы іх у няпростых сучасных умовах, Беларусь заслужыла рэпутацыю рэгіёна стабільнасці і згоды, паспяхова пашырае мірныя ініцыятывы на міжнароднай арэне і міжнароднае супрацоўніцтва. Супрацоўніцтва Лінаньскага ўніверсітэта КНР з Інстытутам філасофіі НАН Беларусі прывяло да стварэння Беларуска-кітайскага філасофска-культурнага цэнтра, які адкрыты падчас кангрэса і будзе не толькі арганізоўваць сумесныя даследаванні, але і забяспечыць падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі для Кітая на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, стажыроўку маладых беларускіх даследчыкаў у Кітаі, а таксама паспрыяе будаўніцтву эканамічнага пояса Шаўковага шляху. На думку генеральнага сакратара Міжнароднай федэрацыі філасофскіх таварыстваў Лукі Марыі Скаранціна, правядзенне філасофскага кангрэса пазіцыянуе Беларусь як пляцоўку для камунікацыі міжнароднай супольнасці навукоўцаў. Высокі госць кангрэса адзначыў, што з 2017 года Інстытут філасофіі НАН Беларусі стаў паўнапраўным членам арганізацыі, якую ён узначальвае. А гэта значыць, што будуць пашыраны магчымасці супрацоўніцтва па правядзенні буйных міжнародных філасофскіх форумаў. У сучасным свеце філасофія мае не толькі тэарэтычнае, але і практычнае значэнне. Прадстаўнікі беларускай філасофскай навукі ўносяць важкі ўклад у вырашэнне актуальных праблем, усведамляючы, якую ролю яна адыгрывае ў рэагаванні на выклікі сучаснасці, у наладжванні інтэграцыйных працэсаў. Філасофскія веды закліканы спрыяць міжнароднаму ўзаемадзеянню і інтэграцыі. Ім належыць ключавая роля у развіцці інтэлектуальнай культуры Беларусі, папулярызацыі духоўнай спадчыны, у актуальных напрацоўках навуковых школ і забеспячэнні ўстойлівага сацыякультурнага развіцця.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: