Падзяліцца:
24 жніўня 2017
Завяршыўся Рэспубліканскі педагагічны савет - мне давялося пабываць на пасяджэннях некалькіх секцый падчас яго правядзення, пазнаёміўся я з ідэямі і меркаваннямі, агучанымі падчас пленарнага пасяджэння. Уражаннямі і думкамі пасля іх я і хацеў бы падзяліцца. Мяне радуе, што асоба педагога, характар яго працы, дыферэнцыяцыя заробкаў, адбор у педагагічныя навучальныя ўстановы і ўдасканаленне падрыхтоўкі настаўнікаў не засталіся па-за ўвагай удзельнікаў педагагічнага форуму. Адзначу, фігура педагога, настаўніка – галоўная ў рэалізацыі ўсіх інавацый, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі. Якія б вучэбныя планы, праграмы, падручнікі мы не ўкаранялі, поспех пераўтварэнняў залежыць ад прафесіяналізму, матывацыі і жадання педагога. У нашай краіне педагогі карыстаюцца асаблівай павагай. У кожнага з нас былі настаўнікі, якія не толькі захапілі сваім прадметам, але і шмат у чым вызначылі жыццёвы шлях, паказалі прыклад адданасці сваёй справе. Гэтая прафесія не для выпадковых людзей. Менавіта ад асобы школьнага педагога, яго прафесіяналізму залежыць фарміраванне будучых пакаленняў. Ён не толькі дае веды, але і выконвае нялёгкую місію выхавальніка, а гэта не проста праца. Прэзідэнт яе назваў падзвіжніцтвам і звярнуў увагу на тое, што менавіта асоба педагога, яго пазіцыя і светапогляд асабліва важныя, бо сёння ўстойлівасць развіцця дзяржаў вызначаецца не толькі і не столькі рэсурсамі (радовішчамі нафты, газу або залатым запасам). Галоўнымі становяцца прарыўныя тэхналогіі, новыя галіны, якія ствараюць эканоміку ведаў. Гэтыя працэсы аб'ектыўна прыводзяць да дамінавання ролі адукацыі ў свеце. Менавіта эканоміка ведаў, а таксама прафесіяналы, хто любіць сваю радзіму, забяспечваюць канкурэнтаздольнасць краіны. Чалавеку ўсё цяжэй знайсці сваё месца ў грамадстве, зразумець, што такое сапраўдныя каштоўнасці, і не згубіцца ў інфармацыйным патоку. І тут настаўнік са сваімі ведамі, светаўспрыманнем, жыццёвай пазіцыяй выконвае найважнейшую ролю ў дасягненні мэт, якія ставіць дзяржава. З дзіцячага садка, з першага класа школы дзеткам трэба прывіваць гонар за сваю краіну. У гэтым павінны ўдзельнічаць усе – і ўлада, і школа, і сям’я. Важна выхаваць асобу з высокімі маральнымі якасцямі, навучыць моладзь адрозніваць праўду ад хлусні, даць пакаленню такія арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам. Выключна важна, каб на першы план у адносінах “сям’я - школа - дзяржава” быў пастаўлены тэзіс, што кожнае дзіця адоранае, а задача дарослых – раскрыць і развіць яго здольнасці і таленты. На педагагічным форуме агучаны слушныя думкі аб неабходнасці ўзнімаць прэстыж настаўніка, дыферэнцыраваць зарплату педагогаў, вызваліць іх ад неўласцівых функцый, бюракратычнай пісаніны, непатрэбнай справаздачнасці. Сапраўды, педагог – ключавая фігура ў сістэме адукацыі ў любым яе звяне. Таму падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў – адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі і адна з надзённых задач. Удасканаленню адбору абітурыентаў у педагагічныя навучальныя ўстановы, падрыхтоўцы настаўнікаў, якія б адпавядалі сучасным патрабаванням, здольных творча мысліць, рэалізаваць інавацыі ў сістэме адукацыі, ствараць новыя перспектыўныя электронныя сродкі навучання паспрыяе створаны пад эгідай БДПУ імя Максіма Танка вучэбна-навуковы кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі, у які ўваходзяць педагагічныя навучальны ўстановы краіны. Такая арганізацыйная форма дапамагае творча вырашаць задачы, якія стаяць перад сістэмай адукацыі: навуковай абгрунтаванасці, практыкаарыентаванасці навучальна-выхаваўчага працэсу, вывучэння і распаўсюджвання на ўсе рэгіёны краіны перадавога вопыту школ-лабараторый, патэнцыялу педагагічных дынастый. Сотні выступленняў і прапаноў, якія агучаны падчас пленарнага пасяджэння Рэспубліканскага педагагічнага савета, работы 9 секцый, шэрагу круглых сталоў дадалі педагагічнай мудрасці, якая праз рэкамендацыі форуму паспрыяе ўдасканаленню сістэмы адукацыі, перш за ўсё школьнай.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: