Падзяліцца:
Вердыкт. Усё больш неабыякавых людзей... Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
5 Студзеня 2018
Вердыкт. Усё больш неабыякавых людзей... Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Дабрачыннасць – у характары беларускага народа, вытокі яе – у нашай саборнасці, у той узаемадапамозе, якую назвалі ёмістым беларускім словам “талака”. Відаць, і ў тых маёмасных адносінах, якія складваліся падчас неўраджаю, калі трэба было пазычаць зерне на насенне. Я доўга не ведаў, што ў слова “магазін” ёсць іншы сэнс, які вядомы этнографам ды культуролагам. Толькі пасля гутаркі ў адной з маіх перадач з прафесарам культуралогіі Аляксеем Рагулем я даведаўся, што “магазін” у нашых продкаў быў месцам, дзе гаспадар, якому не хапіла зерня для пасеву, мог пазычыць збожжа, каб потым з ураджаю вярнуць пазыку. А гэта, на мой погляд, мае прамое дачыненне да фарміравання традыцый дабрачыннасці ў нашым народзе. Зараз у дабрачыннасці новыя формы, новыя спосабы яе праяўлення, сур’ёзная падтрымка грамадскіх ініцыятыў дзяржавай, нават дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Яркі прыклад – будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Заклік паўдзельнічаць у гэтым велізарным праекце быў пачуты. Шмат што зроблена грамадскасцю ў ажыццяўленні буйнога праекта. Гэты гонар падзяляюць многія працоўныя і студэнцкія калектывы. Дабрачыннасць у дачыненні да тых, хто адчувае патрэбу ў клопаце і дапамозе, здавён жыве ў нашым народзе. Калі я працаваў у Беларускім інстытуце правазнаўства, давялося далучыцца да дабрачынных акцый у Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнаце Докшыцкага раёна. Ініцыятарам іх больш за два дзесяцігоддзі таму стала загадчыца кафедры філасофіі Святлана Рацько. Сама яна ўжо даўно на пенсіі, а ініцыятыва падхоплена ўсімі кафедрамі і падраздзяленнямі. Перад святамі студэнты і выкладчыкі выязджаюць да абдзеленых лёсам дзяцей з падарункамі і канцэртамі, для іх арганізуюць наведванне цырка і тэатра. Валанцёры працуюць тут увесь год. У свой час Святлана Рацько заклала традыцыю міжнароднай дапамогі выхаванцам і выпускнікам Бягомльскай школы-інтэрната. Дзякуючы сувязям з італьянскай дабрачыннай арганізацыяй “Кабала б’янка” сталі магчымымі выезды бягомльскіх дзяцей у Італію. “Кабала б’янка” ўдзельнічала ў наладжванні быту выпускнікоў у Бягомлі. Шырокі маштаб набыла дабрачыннасць у нашай краіне падчас правядзення рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Увагай да дзяцей, якія маюць праблемы са здароўем, абумоўлена стварэнне Беларускага дзіцячага хоспіса «Лясная паляна», што непадалёку ад Бараўлян. Гэта грамадская дабрачынная арганізацыя працуе з Міністэрствам аховы здароўя на ўмовах прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Аказвае медыцынскую, псіхалагічную, сацыяльную і духоўную дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з цяжкімі хваробамі. Дзейсны ўдзел у стварэнні хоспіса прыняла Вольга Кабякова, нязменны старшыня апякунскага савета з першага дня яго існавання. Мне давялося пабываць з дабрачыннай місіяй Выканкама Садружнасці незалежных дзяржаў, офіс якога знаходзіцца ў Мінску, у гэтай установе. Выканкам СНД штогод падтрымлівае дзейнасць Беларускага дзіцячага хоспіса сродкамі. Дакладны паказчык маральнага здароўя грамадства і дзяржавы – клопат пра дзяцей. Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” дае шырокую магчымасць праявіць дабрачыннасць, падзяліцца чалавечай цеплынёй, ахапіць клопатам тых, хто ў ім асабліва адчувае патрэбу. У дзіцячым доме №5 горада Мінска, які падчас акцыі “Нашы дзеці” наведаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, 75 выхаванцаў. Вучацца яны ў розных школах. Пакуль не споўніцца 18 гадоў, тут могуць выхоўвацца і навучэнцы іншых устаноў адукацыі. Што я вынес з гэтых сустрэч? Дзяржава забяспечвае падобныя інтэрнатныя ўстановы ўсім неабходным. Але ж каб жыццё выхаванцаў было паўнавартасным, трэба пашыраць чалавечыя адносіны, звяртаць увагу на сацыялізацыю выхаванцаў. Няхай да іх часцей і больш прыходзіць людзей неабыякавых, майстроў сваёй справы, каб падзяліцца сваімі ўменнямі, цеплынёй сваіх сэрцаў. Грамадства сталее, калі ў ім становіцца больш людзей, якія не пакідаюць па-за ўвагай абдзеленых лёсам дзяцей. Хоць яны людзі сціплыя, пра іх павінна ведаць краіна. Шлях да сэрцаў дзяцей ляжыць праз клопат. І гэта вельмі добра разумеюць у нашай Беларусі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: