Падзяліцца:
«Вердыкт. Узгадайце людзей з ваеннай біяграфіяй!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
8 Мая 2018
«Вердыкт. Узгадайце людзей з ваеннай біяграфіяй!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне савецкаму народу далася вялікай цаной. Нялегкі быў пачатак вайны з-за залішняй даверлівасці вышэйшага кіраўніцтва СССР ці то нявер’я, што Гітлер рашыцца да зімы распачаць усходнюю кампанію ва ўмовах, калі вайна вялася з Брытаніяй. Залішняя даверлівасць: маўляў, ёсць дагавор і Гітлер яго не парушыць. Самаўпэўненасць: выдаючы жаданае за сапраўднае, Сталін будаваў планы вайны на чужой тэрыторыі і ашукаўся, не паверыўшы, што Гітлер рашыцца на бліц-крыг. Было як было. Па-рознаму зараз інтэрпрэтуюць пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Адны лічаць нечаканасцю парушэнне Германіяй Пакта Молатава-Рыбентропа. Іншыя схільны вініць Сталіна за тое, што не верыў разведданым. Дакладна дату называлі многія крыніцы, у тым ліку савецкі разведчык Рыхард Зорге (Рамзай), які першым і з дакладнасцю да дня і гадзіны папярэдзіў пра напад Германіі на СССР і якому толькі ў 1964 годзе (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А паведамленне, перададзенае з велізарнай рызыкай радыстам Максам Клаўзенам за пяць дзён да вайны, выклікала выбух гневу ў Сталіна: "Панікёр!" Вайну Германія распачала раптоўна, нахабна, па-зладзейску. Ахвяры былі незлічоныя. Па-сучаснаму гэта называецца гуманітарная катастрофа: тры гады нястачы, галечы, голаду. Усё гэта перажыў, перацярпеў наш народ. Кожная сям’я на алтар перамогі прынесла ахвяры. Мала якую савецкую сям'ю абышло гора. Больш за паўтары сотні мужчын прызыўнога ўзросту з нашага Палескага сельсавета Чачэрскага раёна 24 чэрвеня пешшу адправіліся да месца збору ў Навабеліцу. Сярод іх быў мой бацька Новікаў Іван Міхайлавіч, яго брат Пётр і чацвёра зяцёў маіх дзеда з бабкай па бацькоўскай лініі. Нялёгка было тым, хто застаўся ў вёсцы Палессе ў гады вайны. Калі пачалася масіраваная карная аперацыя, у красавіку 1942 года, фашысты спалілі 135 двароў, забілі 11 жыхароў. Тады людзі сем'ямі сыходзілі ў лясы і жылі там, прыстасоўваючыся да новых умоў, пакуль партызаны не разграмілі створаны акупантамі апорны пункт у Палессі. Мае дзед Міхайла з бабкай Марыяй па бацькавай лініі і маці з трыма дзецьмі ў такіх умовах перажылі акупацыю. Майму брату Васілю тады было пяць, сястры Марыі – чатыры. Старэйшая сястра Таццяна – у той час ёй было 12 гадоў, – і цяпер выразна памятае той жудасны час, калі на роднай зямлі даводзілася так хавацца ад ворагаў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 178 жыхароў Палескага сельсавета. У памяць аб загінуўшых усталяваны абеліск у цэнтры вёскі Палессе. З маіх родных з вайны вярнуліся толькі бацька і дзядзька Пятро. Мае цёткі – Анастасія, Еўдакія і Паладдзя заўдавелі. Імёны іх мужоў на тым абеліску. Падзеі адлюстраваны ў кнізе "Памяць" Чачэрскага раёна. Цікавыя паралелі высветліліся зусім нядаўна. Дзень Перамогі мой бацька сустрэў разам са сваімі франтавымі таварышамі ў Празе. У нашай сям’і ёсць фота, на якім ён зняты разам з лётчыкамі. На віньетцы адбіта: 8 мая Прага. Як расказваў мой старэйшы брат, бацька ў авіяпалаку выконваў гаспадарчыя работы. Буду ў Гомелі ў сястры гляну яшчэ раз на тую фатаграфію. Можа, на ёй і дэкан факультэта журналістыкі Рыгор Булацкі часоў маёй вучобы? Напярэдадні яго сын Вячаслаў Булацкі падараваў мне кнігу пра бацьку, я знайшоў у ваенай біяграфіі вось гэту акалічнасць. Вячаславу бацька паспеў шмат што расказаць. А мой загінуў у мірны час, калі я быў першакласнікам. Рыгор Васільевіч Булацкі меў легендарную ваенную біяграфію. Разам з саслужыўцамі ў гады вайны яны адгукнуліся на заклік дапамагчы фронту, выпусціць больш самалётаў. Тэлеграмай на імя Булацкага Галоўнакамандуючы Іосіф Сталін вітаў ідэю “экіпажа дружных”, як яны сябе называлі, аб набыцці самалёта на свае зберажэнні. Неўзабаве ў часць прыслалі новенькі самалёт. На ім экіпаж паваяваў нядоўга. У адным з баёў быў падбіты. І толькі вопыт штурмана дапамог у аварыйным стане пасадзіць машыну на нейтральнай тэрыторыі. Да месца пасадкі байцы чырвонай арміі дабеглі першымі і выратавалі лётчыкаў. А маглі трапіць і ў рукі фашыстаў. Траўмы, атрыманыя тады, не зусім загаіліся. І калі пытанне паўстала на камісіі, лятаць ці не лятаць Булацкаму, камісавалі з другой групай інваліднасці. Затым была вучоба на аддзяленні журналістыкі. Сімвалічна, што Рыгор Васільевіч нарадзіўся ў дзень Друку – 5мая. І журналістыка стала яго лёсам, а ён стаў яе гісторыкам. Неўзабаве ён абараніў кандыдацкую, а пазней доктарскую дысертацыі. Стаяў ля вытокаў факультэта журналістыкі БДУ і кіраваў ім дзясяткі гадоў, за што мы, яго вучні, называем школай Булацкага. Цяжкасці, якія б не сустракаліся на шляху людзей з кагорты пераможцаў, пераадольваліся, як і на вайне. Для людзей ваеннай біяграфіі няма вышынь, што не ўдалося б пакарыць.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: