
Кожная паездка беларускага лідара ў Азербайджан мае свае адметнасці. Нагадаю, Аляксандр Лукашэнка наведваў з афіцыйнымі візітамі Азербайджан у 2007, 2010 і 2013 гадах. У чэрвені 2015 года кіраўнік дзяржавы ажыццявіў рабочы візіт у гэтую краіну, падчас якога прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця I Еўрапейскіх гульняў.
Як і ранейшыя, цяперашняя сустрэча праходзіла ў традыцыйнай сяброўскай і давернай атмасферы. Пацверджана прыхільнасць духу і прынцыпам адносін, замацаваных у Дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікай ад 2 мая 2007 года. Прэзідэнты выказалі задавальненне паступальным развіццём беларуска-азербайджанскіх сувязей ва ўсіх сферах міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, высока ацанілі пазітыўную дынаміку супрацоўніцтва ў двухбаковым і шматбаковым фарматах, а таксама рэалізацыю дамоўленасцей, раней дасягнутых на вышэйшым узроўні.
Як заўважыў падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, за 25 гадоў незалежнасці нашы краіны досягнулі высокіх вяршынь. І параіў усім грамадзянам Азербайджана паехаць і ўбачыць добрую душу беларускага народа, цудоўны горад Мінск, які сёння з’яўляецца адной з лепшых еўрапейскіх сталіц па архітэктуры, па чысціні, па інфраструктуры.
І едуць, і знаёмяцца з Беларуссю азербайджанцы. Памятаю, пасля першай паездкі нашага прэзідэнта ў братнюю краіну ў 2007 годзе, у развіццё дамоўленасцей, на вучобу ў Камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (зараз гэта Універсітэт грамадзянскай абароны) вучыцца ратавальнай справе прыехала група азербайджанскіх курсантаў. Зараз ужо колькі выпускаў адбылося. Гэта сур’ёзная дапамога братняй краіне, пакуль там стваралася падобная навучальная ўстанова. Спецыяльнасць складаная, патрабавала намаганняў, вынослівасці, бо побач з вучобай адпрацоўваліся навыкі тушэння пажараў падчас дзяжурства ў вучэбнай пажарнай частцы.
У свой час я меў дачыненне да гуманітарнай падрыхтоўкі азербайджанскіх курсантаў. Памятаю іх першакурснікамі, калі яны слаба ведалі мову міжнародных зносін на постсавецкай прасторы, і выпускнікамі – былі ў мяне заняткі па міжнародным гуманітарным праве на 4 курсе. Уразлівыя перамены!
І Беларусь яны пазналі і палюбілі. І было пра што з імі пагаварыць. Ад іх я даведаўся, што азербайджанская мова, хоць падобная на турэцкую і мае агульныя карані, не перанесла столькі рэформ і захавалася як першародная. Шмат ведаюць яны пра сваю гісторыю і гісторыю мусульманскага свету. Ведаюць сваіх герояў, якія ў Вялікую Айчынную вайну вызвалялі Беларусь. Цэняць, што ў нашай краіне міжканфесійны мір і згода, верацярпімасць і талерантнасць. Тады яны яшчэ ў размове паскардзіліся: усё добра ў Мінску, вось толькі мячэці няма, дзе б можна было хоць раз на тыдзень у пятніцу памаліцца. Сёння і гэта ўжо магчыма. У адкрытай нядаўна саборнай мячэці могуць адначасова маліцца 1500 мусульман.
Мне заўсёды трапляліся душэўныя юнакі. Дый дарослыя курсанты завочнага аддзялення, з кім падоўгу размаўляў, бо іх жыццёвы вопыт, паездкі па розных краінах Усходу і Захаду ўзбагачалі ведамі з розных крыніц. Гэта было цікава і мне. Ну, і чуллівыя. Адзін толькі прыклад. Я заўзяты садоўнік. У мяне на дачы расце і пладаносіць персікавы сад. Ёсць у садзе і абрыкосы. Я пацікавіўся пра агратэхніку гэтых культур ў Азербайджане. Сярод маіх курсантаў былі вясковыя хлопцы, з падрабязнасцямі дзяліліся сакрэтамі. Гэта ад іх я даведаўся, што пладанашэнню спрыяе жалеза, пакладзенае пад карэнне – ржавыя цвікі і кансервавыя банкі. Так зацікаўлена пагаварылі і разышліся. Хто б мог падумаць – і для мяне гэта было вялікай нечаканасцю - ў наступны прыезд адзін з маіх новых сяброў прывёз з дому саджанцы абрыкосавых і гранатавых дрэўцаў і падараваў са словамі: “З граната пладоў наўрад ці дачакаецеся, але ж цудоўнае цвіценне ўпрыгожыць сад”. На жаль, абрыкос я не ўпільнаваў – вымерз. Канешне ж, у нас не азербайджанскі субтрапічны клімат. Тым не менш, гранат расце і зараз, нягледзячы на нашы зімы.
Беларусь шмат зрабіла не толькі ў падрыхтоўцы ратавальнікаў-пажарных для Азербайджана, але і для метадычнага і інфармацыйнага забеспячэння створанай ў гэтай краіне навучальнай установы падобнага профілю, наладжванні стажыровак, сумеснага правядзення навуковых канферэнцый. Азербайджан – краіна нафтаздабываючая, мае вопыт як у перапрацоўцы нафты, так і ў тушэнні пажараў на падобных аб’ектах. Гэта цікава нашым спецыялістам.
Падчас цяперашняй паездкі ў Азербайджан беларускі лідар падкрэсліў гатоўнасць Беларусі супрацоўнічаць з Азербайджанам у нафтавай сферы на доўгую перспектыву і садзейнічаць Азербайджану ў рэалізацыі яго інтарэсаў на рынку ў Еўропе. Яго словы, што Азербайджан можа разлічваць на Беларусь як на самага блізкага сябра, сугучныя словам Ільхама Аліева пра вяршыні дружбы, якіх дасягнулі нашы краіны...