Падзяліцца:
«Вердыкт. Вяртанне да роднай зямлі». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
4 красавіка 2019
«Вердыкт. Вяртанне да роднай зямлі». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Роднай зямлі, малой радзіме мы абавязаны сваім стартам у жыцці, хоць і незаўсёды гэта ўсведамляем. Каб звярнуць увагу беларусаў да сваіх каранёў, у краіне быў абвешчаны Год малой радзімы. Цяпер гэта ўжо трохгоддзе, каб людзі змаглі больш зрабіць для сваіх родных мясцін. І прыкладаў такіх шмат. Пра іх мы часта распавядаем у перадачах Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Беларусы здавён шануюць свае карані. Зараз жа, ва ўмовах урбанізацыі і экалагічнага крызісу, людзі паходжаннем з вёскі пацягнуліся да родных мясцін. Цікава, што і гараджане, якія зразумелі карысць экалагічна чыстай прадукцыі, сталі перасяляцца ў вёску, заняліся арганічным земляробствам. З такімі прыкладамі мы, журналісты, знаёмімся ледзь не кожны дзень. Лёсы ў людзей розныя, а скіраванасць адна – знайсці сваё месца на зямлі. І ў маёй сям’і так павялося. Дзяды – сяляне з Палесся. У дзеда, у дзядзькі Пятра і цёткі Еўдакіі нават свае пчаліныя гаспадаркі былі. Я, хоць пчаляром-аматарам не стаў, садавод заўзяты. Нават цудоўныя персікі вырошчваю ў нашых суровых умовах. 25 жніўня выспяваюць. У сем’ях старэйшых дачок свае дачы і прага да зямлі праявілася, дарэчы рэдкая для моладзі цяперашняй. І ўнукі цягнуцца да заняткаў бацькоў. Іншая справа – зусім пакінуць горад і перасяліцца ў вёску. І такія прыклады ёсць. Вось які цікавы вопыт у Алены і Віталя Сідаравых. Іх сялянская фермерская гаспадарка “Сідсад” – не толькі сад, але і арганізацыя арганічнага земляробства. Яны мінчане. Калі ж інжынерныя спецыяльнасці сталі незапатрабаванымі, пераехалі ў вёску. І не шкадуюць. Гаспадарка выпускае экалагічна чыстую прадукцыю. Зусім яны не выкарыстоўваюць мінеральныя ўгнаенні. Толькі арганічныя. З цягам часу сертыфікавалі сваю прадукцыю па еўрапейскіх стандартах экалагічнасці. На яе зараз попыт. Канечне, ёсць і цяжкасці. Фермерам і арандатарам пад закупку мінеральных угнаенняў выдаткоўваюцца крэдыты. А на арганічныя – чамусьці не прынята. Я задаваў гэта пытанне кіраўнікам Мінсельгасхарча. Адказ просты. На арганічныя ўгнаенні і дзяржаўным установам крэдыты не выдаюцца. Чаго толькі не паспрабаваў у сваім жыцці прадпрымальнік Эдуард Кахавец. Розныя хобі – ад дарагіх матацыклаў і аўтамашын да модных рэлігійных вераванняў. Заспакаенне знайшоў, калі пабудаваў дом у экалагічным паселішчы «Росы» на Валожыншчыне, дзе з сям’ёй займаецца арганічным земляробствам і ганчарным рамяством. Там нарадзіліся яго дзеці і закладзены пладовы сад. Андрэй Цітоў – бізнес-кансультант са ступенню кандыдата юрыдычных навук і ступенню магістра эканомікі. Пераехаў з горада ў родавы маёнтак і адрадзіў той хутар, на якім жылі яго бацькі і дзед. Зараз ён разгортвае ў youtube канал, дзе будзе расказваць, якія магчымасці для пераезду ў вёску ёсць у Беларусі, там будуць і прававыя аспекты закранацца. Лічыць, што такая інфармацыя будзе запатрабавана. Ёсць цяга да зямлі ў беларускіх людзей. Андрэй Цітоў падлічыў, што каля 150 відаў дзейнасці можна выконваць, калі жывеш у вёсцы, не наведваеш офіс. Такія прыклады ён прыводзіў нам, журналістам. Садоўнік Яніс Дзаблс доўга займаўся ўпарадкаваннем садоў заможных людзей. Гэтаму адмысловаму рамяству навучыўся ў Латвіі, даглядаючы бабулін сад. Але ж спахапіўся, што ў самога няма і пераехаў з Брэста ў аграгарадок Цімкавічы Івацэвіцкага раёна. Закладзены там сад у мінулым годзе даў першыя цэнтнеры яблыкаў. І за іх кошт папоўніўся сямейны бюджэт. Анатоль Ганец у свой час падтрымаў дзейнасцю прыгожую беларускую ідэю – ствараць аграсядзібы. Яго аграсядзіба “Ганка” – адна з лепшых у раёне. Таму Анатоля выбралі намеснікам старшыні кааператыва ”Валожынскія гасцінцы”, куды за прыкладам гаспадарання на зямлі едуць з іншых аграсядзіб і кааператываў. Цяперашні трэнд – увага да малой радзімы для многіх людей стаў вяртаннем да каранёў, заклікам пакінуць звыклы гарадскі ўклад. Да мерапрыемстваў у гэтым напрамку далучаны СМІ, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, кіраўнікі аграсядзіб, фермеры, рамеснікі, уладальнікі родавых маёнткаў. Вяртанне да малой радзімы – аддушына для сучаснага чалавека. Знаёмства з людзьмі, неабыякавымі да зямлі, якія сваёй працай ператвараюць яе, а сваім прыкладам натхняюць іншых, пераконвае: ёсць будучыня ў нашай радзімы, калі сваім імкненнем быць бліжэй да зямлі аб’яднаны розныя людзі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: