Падзяліцца:
Вердыкт. Выхавай вучня, каб было ў каго потым вучыцца... Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
19 Лістапада 2016
Вердыкт. Выхавай вучня, каб было ў каго потым вучыцца... Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Мінула чарговая гадавіна Беларускага радыё... Ужо колькі пакаленняў радыёжурналістаў змянілася за гэты час. Палепшыліся ўмовы працы, як у тэхнічным, так і ў творчым плане. Аднак па-ранейшаму застаецца нязменным патрабаванне да журналістаў быць аператыўнымі, аб’ектыўнымі, высокапрафесійнымі, патрыятычна настроенымі, сацыяльна адказнымі. Памятаю, як мы прыйшлі на радыё, яшчэ засталі "Рэпарцёры 3" – такі масіўны металічны чамадан з вялікімі катушкамі плёнкі. Пазней з’явіліся пятыя рэпарцёры венгерскай вытворчасці, а пазней і сёмыя. Новым крокам было аснашчэнне журналістаў касетнымі магнітафонамі. З ферамагнітнай стужкай колькі марокі было перапісаць на МЭЗ, каб на вялікай хуткасці манціраваць. За секунднае гучанне лішняй рэплікі, якую трэба было выразаць натуральным чынам, плёнка прабягала метры. Пальцы пасля склейвання мелі пах воцату. А калі дадаць, што ўсё, што наманціравана, павінна быць адслухана, надрукавана і ўкладзена ў мікрафонную папку! Усё гэта шматкроць візіравалася. І толькі тады ішло ў эфір. Нязручна, няспрытна, марудна... Як бачым, праца радыёжурналістаў была тытанічнай. Можа з-за таго я доўгі час працаваў у іншых сферах. Калі ж блудны сын журналістыкі вярнуўся на радыё, яно ў пачатку 2000-х было зусім іншым. Тэхналагічная рэвалюцыя ў рыдыёвяшчанні і пераход на камп’ютарныя тэхналогіі, электронны запіс і мантаж працу ў радыёжарналістыцы зрабілі больш прывабнай, прадукцыйнай. Але ж ўлюбёныя ў справу тут працавалі ва ўсе часы. З тых, з кім мы вучыліся яшчэ ў старым корпусе журфака ва ўніверсітэцкім гарадку, і сёння на радыё працуюць - Яўгенія Арцюшкевіч, Наталля Баўкалава, Валерый Радуцкі, Валянціна Стэльмах, Алена Швайко. Яны і сёння ў журналісцкім страі. Некаторыя маюць дзяржаўныя ўзнагароды, падзякі... Сёння Беларускае радыё - гэта сучасная высокатэхналагічная структура. "Візітная картка" Беларускага радыё - Першы нацыянальны канал - найбуйнейшы радыёканал Беларусі. Адзін з прыярытэтаў вяшчальнай палітыкі Беларускага радыё - папулярызацыя нацыянальнай і сусветнай культуры. З гонарам гэту функцыю рэалізуе канал "Культура". Праграмы Міжнароднага радыё "Беларусь" гучаць у эфіры на васьмі мовах: беларускай, рускай, польскай, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай і кітайскай. Сёння Радыё "Беларусь" можна пачуць у рэжыме рэальнага часу і ў Інтэрнэце. Развіццё радыё прывяло да адкрыцця FM-вяшчання. Так, з'явілася радыёстанцыя "Радыус-FM". FM-радыёстанцыяй стала і "Сталіца", якая карыстаецца папулярнасцю ў слухачоў усёй краіны. Без радыё цывілізаваны чалавек не можа пражыць. Яно спадарожнічае людзям штодня і ў адрозненне ад тэлебачання можа праслухоўвацца не на шкоду іншым заняткам. У новым вяшчальным сезоне мы распачалі аўтарскія радыёблогі. Пачынальнікам стаў наш калега Навум Гальпяровіч. Не праходзіць і тыдня, каб не было водгукаў. Заўважу, прыходзяць такія пісьмы, што хоць ты выязджай у камандзіроўку з журналісцкім расследаваннем. Алена Бут з Гомеля, вычарпаўшы ўсе свае рэсурсы, напісала 4 старонкі ў імкненні адстаяць праўду, як яна піша, на мясцовым узроўні. Вераць у сілу радыё людзі! Людміла Несцяровіч і ўвогуле прыехала з Рагачова, бо ў адным з радыёблогаў пачула карысную для дачкі настаўніцы інфармацыю і асабіста звярнулася да мяне. Давялося накіраваць па адпаведных інстанцыях. Крыкам душы можна лічыць пісьмо Святланы Пяскоўскай з Мінска. Ёсць і іншыя прыклады. Каб гэту веру людзей у магчымасці радыёжурналістаў падтрымаць, трэба быць чуллівымі, шмат ведаць і мець грамадзянскую пазіцыю. Мы, старэйшае пакаленне журналістаў, так і прывыклі працаваць. А як перадаць гэта моладзі? Я выкладаю на факультэце журналістыкі. Прыемна бачыць апантаных, захопленых журналістыкай маладых людзей. Вікторыя Прыгодская на мой заклік пайсці на экскурсію ў Дом радыё сабрала 23 добраахвотнікі з розных спецыяльнасцей Інстытута журналістыкі. Многія з гэтага спіса сталі супрацоўнічаць з нашымі творчымі калектывамі. Алену Салапура на радыё “Беларусь” за тры месяцы прынялі працаваць па дагаворы. Сама Вікторыя папрасілася да нас на практыку. У такіх якраз і бачу нашу змену. І таму імкнуся вучыць іх ацэньваць і адбіраць навіны, каб аператыўна паведамляць пра важнае, даражыць даверам слухачоў, гаварыць ясна і пра канкрэтнае, вучыцца слухаць і фармуляваць пытанні. І гэтага будзе дастаткова напачатку. Пазней яны навучацца аналізаваць і каменціраваць з’явы рэчаіснасці і падзеі... Вучу і спрачацца. Калі іншы раз, не ўдаецца распачаць дыскусію ў студэнцкай аўдыторыі, я прыводжу афарызм ад Казьмы Пруткова “няма такой заезджанай тэмы, якую немагчыма было б ударыць яшчэ раз”. Неабыякавасць – вось што важна для журналіста. Сённяшняя дапытлівасць студэнтаў з цягам часу прывядзе да прафесійных кампетэнцый, якія набываюцца неадразу. І добра, калі побач з будучымі журналістамі прафесіяналы старэйшага пакалення. І такіх у нашым калектыве больш за паўдзясятка, для каго важнай падаецца педагагічная запаведзь: “Настаўнік, выхавай вучня, каб было ў каго потым вучыцца”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: