Наведванне XV Рэспубліканскага злету вынаходнікаў і рацыяналізатараў навучэнцаў і супрацоўнікаў устаноў адукацыі, знаёмства з пастаянна дзеючай выставай дасягненняў у Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці натхнілі мяне звярнуцца да тэмы навукова-тэхнічнай творчасці моладзі.
Далучэнне да вынаходніцтва і рацыяналізатарства, тэхнічнай творчасці – своеасаблівы трэнд у рабоце з моладдзю ў нашай краіне. Такая дзейнасць віталася і раней. Памятаю, у нашай Кармянскай школе-інтэрнаце (а яна існавала з 1961 па 1986 год, пакуль не апынулася Карма ў зоне радыяцыі з-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС) гурток “Умелыя рукі” быў найбольш запатрабаваны ў вучняў. Вёў яго наш любімы настаўнік, былы танкіст часоў Вялікай Айчыннай вайны Яўген Мікалаевіч Лашкевіч. Што толькі не выраблялі ўмельцы: ад макетаў крэйсера “Аўрора” і Маўзалея Леніна да авіямадэлей.
60-я гады былі часам інтэнсіўнага асваення космасу. І самыя цікавыя заняткі ў гуртку былі звязаны са стварэннем мадэлі ракеты. На агульнашкольнай лінейцы пад святы запускаліся ў неба ракеты. Мы захапляліся майстэрствам Івана Варанчука, Івана Дыдалева, Валерыя Жаркіна, Мікалая Вавілава, Васіля Арлова. Вось хто выйшаў у жыццё падрыхтаваным. Уменні абодвух Іванаў былі запатрабаваны падчас службы на падводных лодках. З Варанчуком я нейкі час перапісваўся. А Дыдалева сустрэў у Гомелі, мічман прыехаў на радзіму ў адпачынак. Уменні астатніх маіх сяброў Валерыя, Мікалая і Васіля былі запатрабаваны ў Чачэрскай райсельгастэхніцы. А Васіль Арлоў за працоўныя дасягненні і грамадскую актыўнасць нават быў абраны дэпутатам. У сесіі Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў прымаў удзел разам з дырэктарам нашай школы Міхаілам Апанасавічам Дзмітрыевым.
Мне імпануе, што і цяпер на Гомельшчыне тэхнічная творчасць, вынаходніцтва і рацыяналізатарства ў пашане. На тым жа Рэспубліканскім злёце вынаходнікаў і рацыяналізатараў каманда Гомельскай вобласйці заняла першае месца, бо па кожнай з дзясятка намінацый выставіла свае напрацоўкі.
Па большасці з іх вырабы аказаліся лепшымі. Найбольш цікавы і карысны выраб – пальчатка для пасляінсультнай рэабілітацыі хворых. Гэта вынаходніцтва навучэнец Гомельскага машынабудаўнічага каледжа Максім Кір’янаў падаў на патэнтаванне. Напярэдадні я быў на Радуніцы ў Чачэрску, і ў размове з раднёй, калі ўголас захапляўся вынаходніцтвам земляка, я даведаўся, што ён родам з Чачэрска. І прыйшоў да такой ідэі невыпадкова: у сям’і быў інвалід. І Максім часта бываў у бальніцы і назіраў за хворымі. А зараз задума ўвасобілася ў вельмі карысны выраб.
Не адзін Максім Кір’янаў прывёў да поспеху гомельскую каманду. Гэта справа калектыўная. Важна адзначыць заслугі і намесніка дырэктара па тэхнічнай творчасці Гомельскага абласнога Дома навучэнцаў і супрацоўнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Генадзя Воранава.
Сярод іншых адзначаных дасягненняў – вырабы ў напрамку “сельская гаспадарка” Сямёна Самойлы з Гродзенскага электратэхнічнага каледжа імя Шчаснага. У конкурсе “эканомія энергіі і матэрыяльных рэсурсаў” перамог Аляксей Максіменка з Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічанага каледжа. Мікіта Кароль з Барысаўскага дзяржаўнага каледжа перамог у конкурсе “Найлепшы сродак навучання”. У намінацыі “машынабудаванне” найлепшым быў Аляксандр Унуковіч з Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ліцэя. На злёце адзначаны многія іншыя вырабы.
Заўважу, і іншыя конкурсы будзяць ініцыятыву гомельскіх творцаў. 8 праектаў гомельскіх бізнесменаў пазмагаюцца за выхад у фінал рэспубліканскага конкурсу прадпрымальніцкіх ідэй. Такі конкурс другі раз праводзіцца ў Беларусі. Аўтар аднаго з праектаў стварыў “разумную сумку”, якая з дапамогай усталяванай светлавой прылады зробіць бяспечнай язду веласіпедыста. А распрацоўка “Рэгенератыўная медыцына” дапамагае аднаўляць пашкоджаныя тканкі, актывізуючы стваловыя клеткі. Адна з напрацовак – дадатак у дапамогу студэнтам пры напісанні канспектаў. На конкурс выстаўлены і кулінарны праект Original donuts – новы спосаб выпякання пончыкаў.
XV Рэспубліканскі злёт вынаходнікаў і рацыяналізатараў навучэнцаў і супрацоўнікаў устаноў адукацыі і Рэспубліканскі конкурс прадпрымальніцкіх ідэй, – пляцоўкі, якія дапамагаюць раскрыць творчы патэнцыял моладзі, пачаткоўцаў у галіне інавацыйнай творчай дзейнасці незалежна ад месцазнаходжання. Усе падобныя мерапрыемствы адыгрываюць ролю сацыяльнага сервісу па падтрымцы творчага мыслення і дапамагаюць трансфармацыі інавацыйных ідэй у паспяховыя праекты.