“Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці” – такі знак будзе ўстаноўлены ў гэтым старажытным горадзе да Дня беларускага пісьменства на цэнтральным праспекце. Гэты факт, а таксама чарговая гадавіна абвяшчэння БССР, натхнілі мяне на роздум пра станаўленне дзяржаўнасці на нашых землях.
Многія гісторыкі лічаць: не было б БССР, а затым і ўваходжання яе з 1922 года ў склад СССР, наша гісторыя склалася б па-іншаму. Правільнае ўяўленне пра мінулае, захаванне гістарычнай памяці, нацыянальнай ідэнтычнасці скіраваны на ўмацаванне веры ў будучыню нацыі, адстойванне яе самабытнасці. Веданне сваёй гісторыі, каранёў дапамагае асэнсаваць сучаснасць і зазірнуць у будучыню.
У нашай краіны багатая гісторыя. Узнікненне першых дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі Беларусі цесна звязана з каланізацыяй Еўропы і рассяленнем славян. То быў час апошняга Вялікага перасялення народаў, калі пад ударамі качавых плямёнаў у IV–VI стагоддзях славяне рушылі на поўдзень, захад і ўсход Еўрапейскага кантынента. Паступовае перамяшчэнне іх на поўнач ад ракі Прыпяць ўздоўж Дняпра, Дзвіны, Бярэзіны і Нёмана прывяло да запаўнення славянамі ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі. З часам яны асімілявалі балцкія плямёны.
У IX ст. ва Усходняй Еўропе ўтварылася велізарнае і гістарычна важнае для ўсіх усходніх славян тэрытарыяльна-палітычнае аб'яднанне – Старажытнаруская дзяржава з цэнтрам у Кіеве. Кіеўская Русь на перыяд з пачатку IХ стагоддзя да 1132 года ўяўляе, вобразна кажучы, юнацтва і маладосць трох усходнеславянскіх народаў – беларускага, рускага і ўкраінскага.
На нашых землях свая дзяржаўнасць была ўжо ў IХ стагоддзі і на Полацкай зямлі. Былі вызначаны яе мяжы, зацвердзілася палітычная сістэма, унутраныя гаспадарчыя адносіны. І хоць да XII стагоддзя яна перажывала раздробленасць, па-ранейшаму разглядалася як цэласная дзяржава. Грамадска-палітычнае жыццё характарызавалася актывізацыяй агульных сходаў гараджан. Вышэйшай судовай інстанцыяй было Веча. Развівалася шматукладная гаспадарка. Родаплемянныя адносіны і рабаўладанне саступалі месца феадальнаму ладу. З'явіліся вотчыны і воласці, разбураўся патрыярхальны ўклад, ствараліся першыя цэхавыя арганізацыі. Гарады Полацкай зямлі былі не толькі цэнтрамі княжацкай адміністрацыі, але і выконвалі сакральныя, абарончыя, гандлёвыя і рамесныя функцыі. Эканамічнай асновай княства, акрамя традыцыйнага земляробства, было рамяство, гандаль і выгаднае геапалітычнае становішча, развіваліся гандлёвыя адносіны Полацка з Еўропай, Візантыяй, краінамі арабскага Усходу, Персіяй. Але самастойнасць Полацкай зямлі не была доўгай: выстаяць перад знешняй агрэсіяй не атрымалася. Яна перайшла пад кіраўніцтва літоўскага князя Таўцівіла. Так пачаўся новы перыяд існавання ў складзе Вялікага княства Літоўскага. У канцы XIII – пачатку XIV стагоддзяў да ВКЛ была далучана і Тураўская зямля. Дзяржаўныя ўтварэнні складваліся і ў беларускім Панямонні вакол Наваградка і Гродна.
Калі праводзілі самастойную палітыку, наваградскі і гродзенскі князі, час ад часу выступалі ў якасці саюзнікаў то Полацка, то Кіева, то галіцка-валынскіх князёў. Запрошаны на княжанне ў Наваградак у 1253 годзе Міндоўг прыняў хрышчэнне ад Рымскай каталіцкай царквы, з чым звязваюць новы перыяд яднання славянскіх зямель у Вялікім княстве Літоўскім. Такім чынам, ВКЛ – другая гістарычная форма дзяржаўнасці, якая склалася на тэрыторыі нашай краіны. Яна ў роўнай ступені была ўласцівая ўсім народам, якія ўваходзілі ў склад дзяржавы. А значыць, Беларусь разам з Украінай і Літвой з'яўляецца гістарычнай пераемніцай дзяржаўнасці ВКЛ. Прычым сцвярджэнне справядліва і для перыяду Рэчы Паспалітай, федэрадыўнай дзяржавы, часткай якой было Вялікае княства Літоўскае..
Працэс кансалідацыі беларусаў у асобную нацыю быў аб'ектыўнай і заканамернай з'явай Новага і Найноўшага часу. Аднак па шэрагу натуральна-гістарычных прычын беларусы ўключыліся ў гэты працэс некалькі пазней за іншыя народы. Афіцыйны палітыка-прававы статус тэрміны “беларусы” і “Беларусь” набылі ў канцы XVIII – пачатку XIX ст. У 1796 г., пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пры Кацярыне II, былі аб'яднаны Полацкая і Магілёўская губерні ў адну з цэнтрам у Віцебску. Яна – адзіная ў Расіі – мела нацыянальную афарбоўку, атрымаўшы назву “Беларуская”. Яшчэ праз стагоддзе тэрмін “Беларусь” замацаваўся за Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губернямі Расіі, дзе большасцю насельніцтва былі беларусы. Але ўсё ж прававым статусам самастойных нашы землі не былі надзелены. Яны былі “Паўночна-заходнім краем”.
Першая сусветная вайна змяніла геапалітычную сітуацыю ў Еўропе. З падзеннем самадзяржаўя, ў перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны на першае месца ў палітычным жыцці нашай краіны выйшла пытанне практычнага стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці.
Ініцыятары абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўмовах акупацыі германскімі войскамі ў час Першай сусветнай вайны задумвалі яе як буржуазную рэспубліку. Альтэрнатывай стала ўтварэнне 1 студзеня 1919 года Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, пазней перайменаванай у БССР. Яе ўваходжанне ў 1922 годзе ў СССР – сур'ёзная вяха на шляху да цяперашняй незалежнай дзяржавы.
Пачатак найноўшай канстытуцыйнай гісторыі незалежнай дзяржавы паклала Дэкларацыя “Аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”, прынятая 27 ліпеня 1990 года і нададзены ёй праз год статус канстытуцыйнага закона. 19 лістапада 1991 года БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. Нельга не пагадзіцца з думкай: не было б Савецкай Беларусі – не было б і незалежнай Рэспублікі Беларусь.