Падзяліцца:
26 Чэрвеня 2017
Прайшлі выпускныя балі ў школах. Перад выпускнікамі паўсталі пытанні: “Кім быць, які шлях у жыцці выбраць?” Так супала, што роўна 45 гадоў наш клас Кармянскай школы-інтэрната пасля выпускнога вечара сустракаў зару над Сожам. А назаўтра ў рэдакцыі раённай газеты “Зара над Сожам” быў мой першы працоўны дзень. Шлях мой у журналістыку быў вызначаны маім захапленнем фатаграфіяй. З пятага класа я займаўся ў фотагуртку. У старэйшых класах мне ўжо хацелася пра ўсё, што адбывалася ў школе, напісаць у раённай газеце і праілюстраваць фотаздымкамі. Такая прафарыентацыя адбылася неўзначай. Летнія месяцы 1972 года падчас працы ў раённай газеце былі і фотарэпартажы ў раённай газеце пра нарыхтоўку кармоў, раённыя “Зажынкі”, нарыс пра Героя Сацыялістычнай працы з саўгаса “Кармянскі” Мікалая Караткевіча. Памятаю, дырэктар нашай школы-інтэрната Міхаіл Апанасавіч Дзмітрыеў спрабаваў мяне схіліць на педагагічную ніву. Маўляў, падтрымкі з дому аніякай таму раіў паступаць на завочнае аддзяленне ў педагагічны інстытут і працаваць выхавацелем у школе-інтэрнаце. Я тады адказаў настаўніку: хачу быць сапраўдным студэнтам і стаць журналістам. Ну і зразумела, летнія месяцы паміж працай рыхтаваўся да паступлення ў БДУ. Усё удалося. 1 ліпеня 45 гадоў пасля заканчэння школы мы сустракаемся ў Гомелі, дзе жыве большасць нашых аднакласнікаў. На жаль, не будзе з намі нашых любімых настаўнікаў. Яны б убачылі, кім сталі іх выхаванцы. Напярэдадні, рыхтуючы сустрэчу, мы сустрэліся з Віктарам Спадабаевым. Ён скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Усё працоўнае жыццё – у ветэрынарыі. Ёсць сярод нашых выпускнікоў настаўнікі, выкладчыкі ВНУ, медыкі, энергетыкі і проста добрасумленныя работнікі ў вёсцы, як Андрэй Ісаенка, які па сямейных абставінах не змог пакінуць родную Лебядзёўку Кармянскага раёна. У той жа мясцовасці ў 90-я гады я сустрэў Міхаіла Петрачэнку, які закончыў школу двума гадамі раней. Ён працаваў аграномам у калгасе “Кастрычнік”, зараз жыве і працуе ў Фаніпалі. А яго аднакласнік Віктар Гаўрыленка праславіўся на Брэстчыне тым, што арганізаваў аграрную вучобу для школьнікаў. Азіраючыся на далёкія школьныя гады, я прыгадваю, як паўплывалі на жыццёвы лёс нашых выпукнікоў заняткі ў гуртках. Узяць хоць бы “Умелыя рукі”, якім кіраваў былы танкіст часоў Вялікай Айчыннай вайны Яўген Мікалаевіч Лашкевіч. Мы з заміраннем слухалі яго ўспаміны пра вайну і з разуменнем ставіліся да таго, што ён крыху недачуваў. След кантузіі застаўся з ім на ўсё жыццё. Ён выкладаў у нас геаграфію, вёў урокі працы і захопленых сабраў у гуртку. Што толькі там не выраблялі гурткоўцы. Макеты караблёў, мастацкія творы шляхам выпальвання па дрэве. Ну, а самае прывабнае – макеты ракет. Запускі іх ў святочныя дня на ўрачыстай лінейцы сталі традыцыяй. Старэйшы з нас і найбольш умелы Іван Варанчук аказаўся запатрабаваны на падводным флоце. Мы перапісваліся з ім першы год яго сдужбы. На жаль, перапіска абарвалася. Пазней я даведаўся, што ён загінуў разам з экіпажам падводкай лодкі. Падводнікам стаў і Іван Дыдалеў. Я сустрэўся з ім праз некалькі гадоў пасля заканчэння школы ў Гомелі. Ён тады быў у званні мічмана. Гурток “Умелыя рукі” даў шмат умельцаў сельскай гаспадарцы. Сябры па гуртку з розных класаў Васіль Арлоў, Мікалай Вавілаў і Валерый Жаркін, працаваць сталі ў Чачэрскай райсельгастэхніцы. Акрамя таго па сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі з абвостраным пачуццём справядлівасці Васіль Арлоў стаў дэпутатам Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў. Ён прыгадваў, што на сесіях сустракаўся з нашым дырэктарам. Міхаілам Апанасавічам Дзмітрыевым. На той час ён быў рэктарам Мазырскага педінстытута і таксама дэпутатам аблсавета. Думаю, яму было прыемна, што вучні становяцца грамадскімі дзеячамі. Мы ганарымся тым, што наша школа была вядомай у Беларусі і тым, што не раз была прадстаўлена на ВДНГ СССР, а многія з нас мелі медалі “Юный участник ВДНХ СССР” і тым, што мы сябравалі з калектывам знакамітай Паўлышскай школы ва Украіне. Наш дырэктар стаў Героем Сацыялістычнай Працы, бо ад закладкі першага каменя ў падмурак яе да стварэння высокапрафесійнага педагагічнага калектыва прыклаў свае намаганні і ўклаў розум і душу, каб дзеці не вельмі шчаслівых лёсаў сталі шчаслівымі. І мы знайшлі тут утульны дом, таленавітых настаўнікаў, атрымалі пуцёўку ў жыццё...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: