Падзяліцца:
Вердикт. Как в Беларуси «реанимируют» изобретательство и рационализаторство. Радиоблог Леонида Новикова (аудио)
22 мая 2017
Вердикт. Как в Беларуси «реанимируют» изобретательство и рационализаторство. Радиоблог Леонида Новикова (аудио) Сёння пагаворым пра вынаходніцтва і рацыяналізатарства. Так супала, што за апошні месяц у Беларусі праведзены тры мерапрыемствы гэтай тэматыкі: 15-ы Рэспубліканскі конкурс вынаходнікаў і рацыяналізатараў сістэмы прафтэхадукацыі, Рэспубліканскі семінар па камерцыялізацыі інтэлектуальнай уласнасці і конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”, які трэці раз прымала Беларусь. Апошні конкурс праводзіцца кожныя два гады ў два этапы: адборачны і фінальны. З пераможцаў адборачнага этапу былі сфармаваныя каманды: яны і прыехалі ў дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр "Зубронак", каб у паказаць свае напрацоўкі ў сферы навукова-тэхнічнай творчасці. З удзельнікамі ўсіх гэтых мерапрыемстваў мне пашчасціла сустрэцца. Чаму пашчасціла? Таму што прыемна гутарыць з апантанымі творчасцю людзьмі. І тымі, хто толькі пачынае свой шлях у вынаходніцтва і хто прадстаўляў каманды з пятнаццаці рэгіёнаў Расіі і ўсіх абласцей Беларусі. Таццяна Наўяніс каардынуе рух юных даследчыкаў у Дзіцячай акадэміі творчасці "Сонечны горад" (Кабардзіна-Балкарыя, Расійская Федэрацыя). Яе вучні ўдзельнічаюць у конкурсе ўвесь час яго правядзення і неаднаразова станавіліся ўладальнікамі грантаў, а 80% удзельнікаў мінулых гадоў сёння вучацца ў вядучых тэхнічных ВНУ Расіі. Таленавітыя навучэнцы з Сонечнага горада працягваюць традыцыі папярэднікаў. Мяне ўразіла вынаходніцтва супрацьлавіннай пушкі, праект якой прадставілі школьнікі з горада Нальчыка. А Аслан-Гірэй Масаеў распрацоўвае праект змянення атмасферы Венеры. Конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” даў магчымасць аб'яднаць намаганні ўсіх педагогаў дадатковай адукацыі ў розных галінах навукі і тэхнікі. Да таго ж, многія дэлегацыі з рэгіёнаў Расіі пераймалі ў Беларусі вопыт і традыцыі далучэння падрастаючага пакалення да тэхнічнай творчасці і патрыятычнага выхавання. Па словах арганізатараў, галоўная задача гэтага саюзнага праекта - развіццё і падтрымка цікавасці навучэнцаў да навукова-тэхнічнай творчасці, прыцягненне моладзі і дзяцей да канструктарска-вынаходніцкай дзейнасці і ўмацаванне сяброўскіх сувязей паміж моладдзю нашых дзяржаў. А яшчэ больш цікава было сустрэцца з тымі вынаходнікамі, хто ўзнагароджаны падчас семінара па камерцыялізацыі інтэлектуальнай уласнасці. Былі там розныя ўзнагароды, сярод іх – залаты медаль імя Бліннікава Еўразійскай патэнтнай арганізацыі. Узнагароду Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці атрымаў Інстытут цепла- і масаабмену імя Лыкава НАН Беларусі як найлепшая ўстанова па ахове і выкарыстанні інтэлектуальнай уласнасці. Залатым медалём Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці ўзнагароджаны Аркадзь Турцэвіч, які мае больш за сто патэнтаў на вынаходніцтвы. Дарэчы, гэта чацвёрты такі медаль для Беларусі за гады нашага супрацоўніцтва з САІС. Дзясяткі гадоў Аркадзь Турцэвіч займаецца вынаходніцтвам і аўтарытэтна заяўляе: за апошнія 5-7 гадоў вынаходнікам у Беларусі стала лягчэй тварыць. Творчасць заахвочваецца, як на этапе патэнтавання, так і пры ўкараненні напрацовак. Значыць, спраўджваецца намер Міністэрства эканомікі "рэанімаваць" вынаходніцтва і рацыяналізатарства, пераламаць негатыўныя тэндэнцыі ў гэтай сферы, шырэй разгарнуць дзейнасць, каб яна прыводзіла да з’яўлення новых ці ўдасканаленых тавараў, павышала канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў. Была падрыхтавана Канцэпцыя дзяржпадтрымкі і развіцця вынаходніцтва і рацыяналізатарства, інжынерна-тэхнічнай творчасці. Шэраг мерапрыемстваў з яе ўвайшоў у Дзяржпраграму інавацыйнага развіцця Беларусі і Стратэгію ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. Рэалізацыя іх і вядзе да пераадолення негатыўных тэндэнцый у арганізацыі работы з вынаходнікамі і рацыяналізатарамі. У многіх краінах вучоныя маюць шанц стать мільянерамі, выкарыстоўваючы свой інтэлектуальны патэнцыял. Каб такое было магчыма і ў Беларусі, першачарговымі мерамі сталі ўскладанне функцый распрацоўкі і рэалізацыі дзяржпалітыкі ў гэтай сферы на Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях. Ствараецца інфраструктура падтрымкі творцаў на базе Беларускага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў і Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. Змены ў заканадаўстве дапускаюць магчымасць выкарыстання сродкаў рэспубліканскага бюджэту для фінансавання мерапрыемстваў у галіне вынаходніцтва. Прадугледжана арганізацыя навучання зацікаўленых методыкам інжынерна-тэхнічнай творчасці. Дзелавая актыўнасць вынаходнікаў зараз заахвочваецца на ўсіх этапах інавацыйнага цыкла: ад распрацоўкі тэхналогіі або прататыпа тавару да вытворчасці. Юрыдычныя асобы, якія займаюцца камерцыялізацыяй або ўкараненнем у вытворчасць вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, могуць разлічваць на дзяржаўную падтрымку. Усё робіцца дзеля таго, каб кардынальна пераламаць сітуацыю ў навукова-тэхнічнай сферы. Рэальныя інструменты і механізмы прамога дзеяння здольны перавесці нацыянальную эканоміку на шлях інавацыйнага развіцця. А тое, што моладзь займаецца вынаходніцтвам і патэнтуе свае напрацоўкі, пераконвае: справа ў надзейных руках.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: