Падзяліцца:
«Вердыкт. Якім для краіны быў год, які сыходзіць у гісторыю?» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
30 Снежня 2019
«Вердыкт. Якім для краіны быў год, які сыходзіць у гісторыю?» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Сыходзіць у гісторыю чарговы год. У апошнія яго дні прынята падводзіць вынікі - для кожнага з нас ён быў асаблівым, поўным асабістых перажыванняў, адкрыццяў, перамен. А якім быў 2019-ы для Беларусі? Насычаным! Было шмат круглых дат, грандыёзных падзей і спартыўных перамог. Давайце разам успомнім, як наша краіна пражыла гэты год і як ён змяніў наша жыццё. Якімі падзеямі год быў напоўнены, ці палепшыўся дабрабыт грамадзян? Як паўплываюць палітычныя падзеі года на наша жыццё? Ці ўдалося павысіць імідж краіны, каб яна стала больш вядомай у свеце і прывабнай для інвестараў? У гэтых пытаннях паспрабуем разабрацца разам, абапіраючыся на падзеі 2019 года, якія сталі знакавымі. 2019 год стаў адкрыццём Беларусі свету ў многіх адносінах. Пашыраны магчымасці бязвізавага рэжыму. У Нацыянальным аэрапорце ўведзена новая бетонная паласа, якой прысвоена вышэйшая эксплуатацыйная катэгорыя, што дасць магчымасць прымаць паветраныя судны ўсіх тыпаў без абмежаванняў у складаных метэаўмовах. Культурнай сталіцай стаў 1000-гадовы Брэст. Ганаровы статус даў падставу і магчымасці для правядзення звыш 30 буйных культурных мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў краін-удзельніц СНД. Актывізуюцца турыстычныя абмены, будзе дадатковая цікавасць да яго самабытнай культуры, унікальнай гісторыі. Беларусь грунтоўна падрыхтавалася і правяла II Еўрапейскія гульні. Агульнавядома наяўнасць у нас велізарнай колькасці спартыўных збудаванняў, добрай інфраструктуры, атэляў. У эстафеце агню II Еўрапейскіх гульняў, запаленага ў Рыме, на шляху яго да Беларусі прынялі ўдзел 450 факеланосцаў. Імі сталі не толькі спартсмены, але і іншыя выбітныя беларусы. Полымя пабывала на вуліцах беларускіх гарадоў, каля знакавых славутасцей, на прадпрыемствах. А самі гульні сталі незабыўным шоу, якога ў нашай краіне яшчэ не было. Адкрыццё ўразіла нават скептыкаў. Купальскае вогнішча, папараць-кветка, арнаменты, гукі беларускай дуды, народныя танцы... Гульні адкрывалі Вітаўт і Францыск Скарына, Сапега, Марк Шагал, Бакст і іншыя персанажы. Такім чынам яны нагадалі пра сябе і пра Беларусь ўсяму свету. Пастаноўка атрымалася кранальнай і сучаснай. І галаграма зубра, і Лісяня Лёсік, і ўсё шоў назаўжды застануцца ў нашай памяці. II Еўрапейскія гульні ўмацавалі імідж Беларусі як спартыўнай дзяржавы і змагара за мір. З небывалым размахам было адзначана 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў. Нязгасныя ў памяці падзеі ліпеня 1944 года, калі ў выніку бліскучай Беларускай аперацыі пры ўзаемадзеянні 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў і пры падтрымцы партызан сталіца Беларусі была вызвалена. Святочны парад у Мінску прайшоў вечарам пры ўдзеле некалькіх тысяч ваеннаслужачых, 300 адзінак баявой тэхнікі і авіяцыі з плац-канцэртам роты ганаровай варты. Асаблівасцю параду быў удзел у ім самага цяжкага звышгукавога самалёта ў свеце – ТУ-160 з Расіі. Ну, і вядома ж, сёлета краіна адзначала чвэрць стагоддзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, многіх органаў, заснаваных з яе прыняццем, у тым ліку пасады Прэзідэнта Беларусі. У 1994 годзе па выніках другога тура выбараў ім стаў 39-гадовы Аляксандр Лукашэнка. За яго прагаласавалі 80% выбаршчыкаў. За 25 гадоў у дзяржаве адбыліся тры рэферэндумы і чатыры прэзідэнцкія кампаніі. Падзеяй года сталі выбары ў парламент. Абноўлены склад Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Дэпутацкаму корпусу сёмага склікання наканавана працаваць над новай Канстытуцыяй краіны. Сёлета ж 25 гадоў беларускаму рублю як адзінаму плацежнаму сродку Рэспублікі Беларусь. І нацыянальнай даменнай зоне «by», а таксама і спецыяльна створанаму падраздзяленню «Белтэлекама» для развіцця інтэрнэту – «Белпак». Знакавымі палітычнымі падзеямі і юбілеямі, якія можна аб'яднаць дэвізам «Мы – Беларусь», сталі 100-годдзе ўтварэння БССР, 80-годдзе аб'яднання Беларусі, калі Заходняя Беларусь стала часткай БССР. Падзеяй года стаў і перапіс насельніцтва, па-сучаснаму праведзены. Амаль палова беларусаў вырашыла скарыстацца перавагай жыцця ў IT-краіне – прайшла перапіс анлайн. Першыя вынікі Белстат апублікуе да 1 лютага. Астатнія даныя будуць пазней. Адной з пошніх падзеяй года стаў маштабны інтэграцыйны саміт у Санкт-Пецярбургу, дзе абмяркоўваўся лёс СНД, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, ЕАЭС. Дарожныя карты, перспектыўныя ідэі, новае кіраўніцтва інтэграцыйных аб'яднанняў абяцаюць нам лепшае жыццё. Няхай так і будзе!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: