Падзяліцца:
«Вердыкт. З Днём нараджэння, БАМ!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
9 жніўня 2019
«Вердыкт. З Днём нараджэння, БАМ!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) У гэтыя дні адзначаецца 45 гадоў з пачатку будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі – БАМа. Гэта памятная дата для ўсіх удзельнікаў легендарнага праекта, пра які задумваліся ў пачатку ХХ стагоддзя, паспрабавалі будаваць напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, а ўсур'ёз узяліся ажыццявіць толькі ў сярэдзіне 70-х гадоў ХХ стагоддзя. Чатыры тысячы кіламетраў ад Тайшэта да Савецкай Гавані, фактычна гэта другі чыгуначны выхад да Ціхага акіяна, доступ да багатых радовішчаў Сібіры і Далёкага Усходу. Вядома, не ў лепшы час было пачата будаўніцтва: апошнія дзесяцігоддзі існавання СССР. Чыгунка была ўзведзена, карысныя выкапні Сібіры сталі бліжэй. А вось інфраструктура магістралі стала развівацца толькі цяпер. Добраахвотнікамі былі ўдзельнікі студэнцкіх атрадаў. У тым ліку з Беларусі. І мне пашчасціла двойчы паўдзельнічаць у будоўлі стагоддзя – у 1980-м і ў 1983-м гг. У мае гады на малым БАМе, у Нерунгры – цэнтры Паўднёва-якуцкага тэрытарыяльна-вытворчага комплексу, дзе здабываўся каменны вугаль адкрытым спосабам, працавалі студэнцкія будаўнічыя атрады з Беларусі – мехмата БДУ, «Атланты» Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, атрад імя Ленінскага камсамола Белдзяржуніверсітэта. Я не толькі працаваў на будоўлі, але і быў грамадскім карэспандэнтам газеты «Знамя юности» на студенческой стройке», у якой матэрыялы друкаваліся пад рубрыкай «Месца сустрэчы – Срэбраны Бор». БАМ ў 70-я – 80-я гады ХХ стагоддзя стаў сапраўды народнай будоўляй Савецкага Саюза. Кожная рэспубліка мела свой пункт на карце. У Кунерме, напрыклад, працавалі людзі 65 нацыянальнасцей і народнасцей. І ўсе жылі дружна, аб'яднаныя агульнай справай. Пасёлак будавалі прадстаўнікі Паўночнай Асеціі, чыгуначны вакзал – дагестанцы, інжынерныя сеткі – чачэна-інгушы. У Звёздным станцыю будавалі армяне, у Ніі – грузіны, ва Улькане – азербайджанцы. Зводны атрад з БССР узводзіў і даводзіў да ладу Залацінку. Саюзныя рэспублікі будавалі аб'екты ў сваім унікальным архітэктурным стылі. І не толькі рэспублікі. Ленінградцы пабудавалі цудоўны горад Северабайкальск. У гэтых месцах будаўнікі працавалі на пастаяннай аснове, з аселым ладам жыцця. Многія там завялі сем'і, засталіся жыць. Студэнцкія ж будаўнічыя атрады прыязджалі на сезон. Паток добраахвотнікаў не памяншаўся з года ў год. У Нерунгры і горадзе энергетыкаў Срэбраны Бор мы ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні, працавалі на пракладцы цеплатрасы, будаўніцтве лазні, бетанаванні пляцоўкі аўтатранспартнага прадпрыемства АТУ- 13. Кур'ёзны выпадак мы назіралі, калі бетаніравалі пляцоўку аўтатранспартнага прадпрыемства. Калі ўзімку сапсаваўся і стаў на прыкол кар’ерны самазвал, ніхто не звярнуў увагу, што можа здырыцца з гэтым гігантам улетку. Сонца ў Паўднёвай Якуціі бывае спякотным. Вечная мерзлата паціху стала адтайваць і паглынаць гіганта. Калі наш працоўны семестр закончыўся, самазвал добра ўвайшоў у зямлю. І нават Кomatsu, магутны бульдозер, не змог бы яго вызваліць. Думаю, гэты помнік стаіць і сёння ў Срэбраным Бары. Дарэчы, знак на ўездзе ў горад – справа рук байцоў нашага атрада імя Ленінскага камсамола Белдзяржуніверсітэта. Эстафета той маладзёжнай будоўлі – у руках сённяшніх будатрадаўцаў з Беларусі і Расіі, якія працуюць на ўзвядзенні Беларускай атамнай станцыі. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі прыняў эстафету будатрадаў ад камсамола. І сёння ёсць сапраўдныя справы ў студэнцкай моладзі падчас летніх канікул. На будаўніцтве Беларускай АЭС за лета праходзяць школу працоўнага семестра не менш чым дзвесце пяцьдзясят будатрадаўцаў з Беларусі і Расіі. У такіх справах моладзь набывае грамадзянскую сталасць, працоўны і жыццёвы вопыт, далучаецца да традыцый старэйшых пакаленняў.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: