Падзяліцца:
«Вердыкт. З пункту гледжання павышанай бяспекі...» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
26 красавіка 2018
«Вердыкт. З пункту гледжання павышанай бяспекі...» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Сёння спаўняецца 32 гады з дня аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ва Украіне; як цяпер вядома, на ЧАЭС адбыўся разгон ланцуговай рэакцыі ядзернага паліва пры парушэннях астуджэння актыўнай зоны. Персаналу не ўдалося ўвесці вытворчы працэс у нармальны стан і адбыўся выбух на 4-м энергаблоку з выкідам радыёактыўных рэчываў. Больш за ўсё пацярпела тэрыторыя Беларусі. Радыяцыя закранула і мой Чачэрскі раён. Вось прыклад з тагачаснага жыцця: у маёй маці на працягу некалькіх гадоў не прымалі ў чачэрскім нарыхтоўчым пункце карову – брудная. Яна яе мыла і зноў прыводзіла. Толькі з часам зразумела, што радыёактыўны бруд не адмываецца. Ва ўмовах радыяфобіі, спароджанай Чарнобыльскай аварыяй, у Беларусі дастаткова складана праходзіў працэс прыняцця рашэння аб будаўніцтве сваёй атамнай электрастанцыі. Да таго ж страсці падаграваліся звонку. Камусьці вельмі не хочацца, каб у нашай краіны была свая атамная станцыя і Беларусь зрабіла яшчэ адзін крок да энергетычнай незалежнасці. Тым не менш рашэнне аб будаўніцтве АЭС было прынята. У чацвёртым квартале 2019 года першы энергаблок станцыі дасць ток краіне. Напярэдадні сумнай гадавіны аварыі, я пабываў падчас прэс-тура на пляцоўцы Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы. Адно з пытанняў, якое я імкнуўся высветліць для сябе і расказаць радыёслухачам, чаму АЭС у Астраўцы не варта параўноўваць з Чарнобыльскай станцыяй і наколькі больш бяспечны праект, абраны для БелАЭС. Ядзерная энергетыка ў свеце бурна развіваецца. Усяго зараз працуе больш за 400 атамных рэактараў, будуюцца новыя АЭС. Ва ўмовах дэфіцыту і вычарпальнасці арганічных энерганосьбітаў атамная энергія – рэальная альтэрнатыва. Праект Беларускай атамнай электрастанцыі прынцыпова адрозніваецца ад Чарнобыльскай, у першую чаргу, з пункту гледжання павышанай бяспекі. На БелАЭС будуць працаваць дзве ўстаноўкі з магутнасцю рэактара – 3200 мегават. У якасці паліва ў актыўнай зоне выкарыстоўваецца дыяксід урану. Працаваць устаноўкі будуць як у базавым, рэжыме так і ў рэжымах манеўравання. У аснову бяспекі праекта закладзены прынцып глыбокаэшаланіраванай абароны. Сістэма бар'ераў выключае выхад прадуктаў дзялення ў навакольнае асяроддзе. Практычна ўся сусветная атамная энергетыка грунтуецца на карпусных рэактарах. Іх галоўнай асаблівасцю з'яўляецца выкарыстанне для размяшчэння актыўнай зоны таўстасценнага цыліндрычнага корпуса, які з'яўляецца адным з контураў абароны. Агрэгаты такой канструкцыі ўстаноўлены на Беларускай АЭС. У свеце назапашаны вялікі вопыт эксплуатацыі падобных энергетычных установак, лакалізацыі няспраўнасцей пры эксплуатацыі. Іх будуюць і ў густанаселеных краінах (Індыя, Кітай, Бангладэш). Пытанням бяспекі надаецца вялікая ўвага і пры падрыхтоўцы персаналу кіравання і абслугоўвання станцыі. Яна грунтуецца на прынцыпах культуры бяспекі, сістэмным падыходзе да навучання, выкарыстанні міжнароднага вопыту эксплуатацыі энергаблокаў АЭС, якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Вучэбна-трэніровачны цэнтр, які працуе з 2016 года, аснашчаны поўнамаштабным трэнажорам, што ўяўляе сабой дакладную копію блока кіравання станцыяй і аналітычным трэнажорам з графічнай імітацыяй панеляў і пультаў. Вось такія назіранні, параўнанні і высновы я зрабіў, наведаўшы будоўлю Беларускай АЭС у Астраўцы. У кардынальным вырашэнні пытанняў бяспекі праекта і эксплуатацыі Беларускай АЭС заключаецца яе асаблівасць. І гэта дае трывалую падставу лічыць, што мы будзем мець бяспечную атамную станцыю, якія зараз будуюць па ўсім свеце.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: