Падзяліцца:
«Вердыкт. З удзячнасцю да настаўнікаў». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
2 Кастрычніка 2018
«Вердыкт. З удзячнасцю да настаўнікаў». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Настаўнік быў і застанецца ключавой фігурай у сістэме адукацыі; гэтую думку я яшчэ раз узгадаў зараз, калі напярэдадні Дня настаўніка атрымаў бандэроль ад былога намесніка дырэктара нашай школы Уладзіміра Клімава з яго кнігай “Кармянская школа-інтэрнат 1961-1985”. Няўрымслівы чалавек наш педагог Уладзімір Канстанцінавіч. Ён ужо выдаў 3 кнігі пра педагагічныя і спартыўныя традыцыі на Кармяншчыне. І гэта не апошняя, як расказаў аўтар. Нам, выпускнікам, вельмі цікава было з ёю пазнаёміцца, бо акрамя цікавых звестак, успамінаў, там сабраны шматлікія фатаграфіі тых часоў. Мы ў самых розных сітуацыях: на ўрачыстасцях, у спорце, у вучобе і працы. Асабліва прыемна бачыць рэдкія фатаграфіі. Дырэктар нашай школы Міхаіл Дзмітрыеў у пошуках педагагічнага вопыту наладзіў на пастаяннай аснове абмен дэлегацыямі, вывучэнне перадавых ведаў знакамітай на ўвесь Савецкі Саюз Паўлышскай школы. Як піша Уладзімір Клімаў, гэта дазволіла Кармянскай школе-інтэрнату апярэдзіць педагагічную практыку на 10-15 гадоў. І прыводзіць таму прыклад. У 1970 годзе яе вопыт арганізацыі вучнёўскай вытворчай працы дэманстраваўся на ВДНГ СССР. І ў мяне была медаль юнага ўдзельніка гэтай выставы. А вось пра такі факт я ўпершыню даведаўся з кнігі. Тройчы школа-інтэрнат перамагала ў сацыялістычным спаборніцтве. І пераходны сцяг Міністэрства адукацыі быў перададзены назаўсёды ў школу-інтэрнат. Азіраючыся на далёкія школьныя гады, я прыгадваю, як паўплывала на жыццёвы лёс выпускнікоў сістэма працоўнага выхавання, якую абгрунтаваў у сваёй кандыдацкай дысертацыі і ўкараніў у нашай школе Міхаіл Дзмітрыеў. Узяць хоць бы гуртковую работу. Вы думаеце, адкуль у мяне навыкі садоўніка прышчэпкі пладовых дрэў? З намі ў школе працаваў вучоны, доктар біялагічных навук Барыс Пладуноў. Тады ён жыў у Хізаве і да нас у Карму прыязджаў на веласіпедзе. Яго ўрокі я запамятаў на ўсё жыццё. Хоць і магу пахваліцца сваім персікавым садам – у мяне сем дрэў, ужо чатыры гады маю плады. Але мой вопыт аматарскі ў параўнанні з тым, што зрабіў Віктар Гаўрыленка. Ён садоўнік прафесійны. У яго ў Дамачаве Брэсцкага раёна садовая гаспадарка – пладовыя і дэкаратыўныя культуры. Адкуль любоў да зямлі? Са школы-інтэрната. Гуртком “умелыя рукі” кіраваў былы танкіст часоў Вялікай Айчыннай вайны Яўген Лашкевіч. Мы з заміраннем слухалі яго ўспаміны пра вайну і з разуменнем ставіліся да таго, што ён недачуваў. След кантузіі застаўся на ўсё жыццё. Ён выкладаў у нас геаграфію, вёў урокі працы і захопленых сабраў у гуртку. Што толькі там не выраблялі гурткоўцы. Маўзалей Леніна, макеты караблёў, мастацкія творы шляхам выпальвання па дрэве. Ну а самае прывабнае – макеты ракет. Запуск іх у святочныя дні на ўрачыстай лінейцы стаў традыцыяй. Старэйшы з нас і найбольш умелы Іван Варанчук аказаўся запатрабаваным на падводным флоце. Мы перапісваліся першы год яго службы. На жаль, перапіска абарвалася. Пазней я даведаўся, што ён загінуў разам з экіпажам. Падводнікам стаў і Іван Дыдалеў. Я сустрэўся з ім у Гомелі праз некалькі гадоў пасля заканчэння школы. Ён тады быў у званні мічмана. Многія з нас сябравалі з кармянскім хлопцам Віктарам Гоцманавым, займаліся з ім у секцыі барацьбы. Ён стаў капітанам першага рангу. Гурток “Умелыя рукі” даў шмат умельцаў сельскай гаспадарцы. Сябры па гуртку з розных класаў Васіль Арлоў, Мікалай Вавілаў і Валерый Жаркін працаваць сталі ў Чачэрскай райсельгастэхніцы. Акрамя таго, дзякуючы сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі, з абвостраным пачуццём справядлівасці, Васіль Арлоў стаў дэпутатам Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў. Ён прыгадваў, што на сесіях сустракаўся з нашым былым дырэктарам Дзмітрыевым, які на той час быў рэктарам Мазырскага педінстытута і таксама дэпутатам аблсавета. Думаю, яму было прыемна, што вучні становяцца грамадскімі дзеячамі. Наш дырэктар стаў Героем Сацыялістычнай Працы на ніве педагогікі, бо намагаўся ад закладкі першага каменю ў падмурак школы-інтэрната да стварэння высокапрафесійнага педагагічнага калектыву ўкласці розум і душу, каб у дзяцей з не вельмі шчаслівым лёса было ўсё добра. І мы знайшлі тут утульны дом, таленавітых настаўнікаў, атрымалі пуцёўку ў жыццё. Калі мы з маім аднакласнікам Віктарам Спадабаевым, у якога браты і сёстры – педагогі, пачыталі кнігу Уладзіміра Клімава, шмат што ўспомнілі і выказалі аўтару падзяку. Многія з нашых выпускнікоў сталі педагогамі, з удзячнасцю нясуць эстафету вучнёўства.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: