Падзяліцца:
«Вердыкт. З юбілеям, горад-крыніца чыстай магутнай энергіі!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
27 жніўня 2018
«Вердыкт. З юбілеям, горад-крыніца чыстай магутнай энергіі!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Горад Астравец адзначыў сваё 550-годдзе. Сёння гэта горад будаўнікоў Беларускай атамнай электрастанцыі, самай буйной будоўлі Беларусі, якую мы па праве лічым гонарам нацыі. За апошняе дзесяцігоддзе адбылося дзівоснае пераўтварэнне Астраўца. Ён стаў камфортным, прыгожым і зручным. Мне пашчасціла на свае вочы бачыць грандыёзную будоўлю, якая разгорнута паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Па-гаспадарску падышлі тут да стварэння інфраструктуры. Адразу праведзены камунікацыі, дарогі. Пры забудоўванні горада энергетыкаў не сталі ўзводзіць часовыя інтэрнаты для будаўнікоў, якія невядома як потым выкарыстоўваць. У горадзе добраўпарадкаваныя дамы з камфортымі кватэрамі. Пакуль там жывуць будаўнікі. Пазней жыллё стане камерцыйным. Яшчэ больш уражанняў ад самой будоўлі. Маштаб каласальны. Для Беларусі гэта новы від работ, спецыфічны. І тут без спецыялістаў з Расіі не абысціся. Яны ўжо ўдзельнічалі ў падобных праектах ў Кітаі, Індыі, Бангладэш. І гэты вопыт прывезлі ў Беларусь. Гісторыя Астраўца бярэ пачатак з глыбіні стагоддзяў. Упершыню ўспамінаецца яго назва ў 1468 годзе ў старажытных летапісах: 550 гадоў таму Юрый Гаштольд, уладальнік Геранёнаў, адпісаў касцёлу Дзевы Марыі і Усіх Святых (цяпер гэта касцёл Космы і Даміяна) фундуш у дзве меры мёду. Зямляк астраўчан прафесар Адам Мальдзіс у архівах адшукаў арыгінал летапісу, дзе ўзгадваецца Астравец. Гэты факт стаў адпраўным ў гісторыі горада. Адсюль і пачэсны юбілей. Шматвекавая гісторыя напоўнена радаснымі і сумнымі, гераічнымі і трагічнымі старонкамі. На ўсіх этапах яго развіцця астраўчане адказна і добрасумленна выконвалі свой грамадзянскі абавязак, захоўвалі традыцыі дзядоў і бацькоў, ганарыліся іх баявой славай і працоўнымі дасягненнямі. Астравецкая зямля нарадзіла нямала знакамітых дзяржаўных і палітычных дзеячаў, паэтаў, майстроў культуры і мастацтва. Многія з іх праславілі Астравеччыну і ўсю Беларусь. У Астраўцы шануюць памяць воінаў-вызваліцеляў і тых, хто лепшыя гады жыцця аддаў пасляваеннаму аднаўленню горада і раёна. Сёння Астравецкі раён імкліва развіваецца. Горад мяняе сваё аблічча, побач з новымі жылымі дамамі будуюцца дзіцячыя садкі, аб’екты фізічнай культуры і спорту, медыцыны, культуры, гандлю. Дзякуючы маштабнаму энергетычнаму праекту – БелАЭС – Астравеччына з чыста сельскагаспадарчага раёна ператвараецца ў прамысловы рэгіён з развітой інфраструктурай. Упершыню ў гісторыі Астравецкі раён стаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва у намінацыі «За дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця» і занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. У юбілейных урачыстасцях удзельнічалі прадстаўнікі дэлегацый з гарадоў-пабрацімаў – расійскіх Обнінска і  Сасновага Бора, Лідзбарка Вармінскага з Польшчы. Найбольш захапляльнай старонкай свята стала інтэрактыўная праграма “Зялёны квадрат”, якую ўпершыню прадставіў Інжынірынгавы дывізіён “Расатама”. “Зялёны квадрат” – гэта сістэма, якая аб'ядноўвае асноўныя крыніцы чыстай энергетыкі ў свеце: атамную, сонечную, ветраную і энергію вады. На набярэжнай ракі Лошы на пляцоўцы чатыры зоны – “Атам”, “Вецер”, “Вада” і “Сонца”. Жыхары горада і госці свята ўбачылі ўзаемадзеянне стыхій і энергій і паўдзельнічалі ў інтэрактыўнай праграме. На працягу святочнага дня праводзіліся навуковыя шоу, тэматычныя майстар-класы, віктарыны і конкурсы. А яшчэ ў кожнага госця была магчымасць адчуць сябе сапраўдным атамшчыкам і пабудаваць вежавую градзірню, амаль як на Беларускай АЭС. Астравец – першы горад, дзе інжынірынгавы дывізіён “Расатама” прэзэнтаваў “Зялёны квадрат”. Сёння колькасць гарадскога насельніцтва Астраўца супастаўная з колькасцю будаўнікоў Беларускай АЭС – каля 20 тысяч чалавек. Ён стаў інтэрнацыянальным. У горадзе атамшчыкаў нараджаецца будучыня Беларусі. “Стварэнне нацыянальнай ядзернай энергетыкі – значны крок ва ўмацаванні энергетычнай бяспекі краіны, магутны імпульс паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу і інавацыйнага развіцця”, – гаворыцца ў пасланні будучым пакаленням, што ўтрымліваецца ў капсуле, закладзенай у камень на месцы будаўніцтва Беларускай АЭС 9 жніўня 2012 года. Застаецца паўтара года да таго часу, калі першы ток яе прымножыць наш энергетычны баланс. (Выкарыстаны ілюстрацыі з інтэрнэт-ресурсаў рэгіянальных СМІ).
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: