Падзяліцца:
«Вердыкт. Жыве народ – будзе жыць і мова!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
21 Лютага 2019
«Вердыкт. Жыве народ – будзе жыць і мова!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Сёння Дзень роднай мовы. І свой блог я прысвячаю нашай найстаражытнейшай мове. Разам з рускай яна з’яўляецца дзяржаўнай. Аднак, на мой погляд, не так распаўсюджана, як руская. Але цікавасць да яе адраджаецца. Пашыраць арэал выкарыстання беларускай мовы даводзіцца з-за таго, што ў СССР імкненне стварыць супольнасць савецкіх людзей, для якіх бы мовай зносін была руская, доўжылася доўгія гады. Паступова гэта прывяло да знікнення многіх беларускіх школ. Хаця сельскія навучальныя ўстановы пераважна былі беларускамоўнымі. Памятаю, у 70-я гады ў нашым Чачэрску былі і руская, і беларускамоўная школы. Мае чырвонабярэжскія аднакласнікі ў пяты клас пайшлі ў рускую школу. А мая журфакаўская адкакурсніца Наталля Новікава з Глыбочыцы скончыла беларускую школу Чачэрска. Добрае веданне ёю беларускай мовы адзначаў наш прафесар Аркадзь Наркевіч. Пазней Наталля паспяхова працавала на Магілёўскім абласным радыё. Прыгадваецца такі факт з параўнання двух піянерскіх лагераў. Пасля першага курса журфака камсамольская арганізацыя накіравала мяне і аднакурсніц Раісу Бруцкую, Людмілу Нікуліну і Валянціну Стэльмах важатымі ў піянерскі лагер імя Валянціны Церашковай, які належаў заводу “Ударнік”. Там не было дзяцей, якія б гаварылі па-беларуску. Яно і зразумела – дзеці мінчан. А вось праз месяц я быў накіраваны падчас практыкі на адкрыццё змены ў піянерскім лагеры вёскі Янушкавічы Лагойскага раёна. І падзівіўся. Усе дзеці на радзіме Ніла Гілевіча размаўлялі па-беларуску! Што ж тычыцца адраджэння цікавасці да роднай мовы, спробы пачаліся падчас перабудовы і дэмакратызацыі жыцця ў краіне з увядзення класаў з беларускамоўным навучаннем і груп у дзіцячых садках з адпаведным зместам выкладання на беларускай мове многіх прадметаў у ВНУ. Уявіце сабе клас з адной Насці, дачкі мастака Алеся Цыркунова, які ў канцы 80-х дабіўся, каб яна вучылася на роднай мове. У другім класе да яе далучыліся яшчэ чацвёра дзяцей, у тым ліку і мая дачушка Аксана. У чацвёртым класе ў сталічнай 158-й сярэдняй школе іх ужо было дзесяць. Завяршалі вучобу яны ў чацвёртай гімназіі. І зараз мы ведаем, што ў школах існуюць такія класы. Адраджаюцца і беларускамоўныя школы. Калі трэндам стала выкладанне ў ВНУ на беларускай мове, кафедра паліталогіі Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, дзе мне ў той час давялося працаваць, выдала падручнік “Асновы паліталогіі”, я пераклаў яго на беларускую мову. Тады я яшчэ лекцыі не чытаў, вёў семінарскія заняткі на курсе прафесара Эмануіла Іофе. Студэнты вучыліся дыскутаваць па-беларуску. Дэкан факультэта Лідзія Алексіна тады падахвоціла мяне, сказаўшы, што такія заняткі даюць у веданні беларускай мовы не менш, чым па лінгвістычных дысцыплінах. Яно і зразумела, моўная практыка, адпаведнае асяроддзе і сёння застаецца праблемай у авалоданні беларускай мовай. Мяне радуе, што беларускую мову можна пачуць у зносінах маладых людзей. Яе любяць і цэняць. Вы паслухайце водгукі аб перадачах Беларускага радыё. Для ўдзелу ў палітычных праграмах няцяжка знайсці беларускамоўных палітолагаў. Не кажу ўжо, што культурная эліта, якая прыходзіць у эфір Беларускага радыё, валодае мовай, уяўляе сабой прыклад для іншых. Калі ў мае праграмы прыходзіць старшыня грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова, яна сама просіць, каб пытанні ёй задавалі на беларускай мове. Цікава, што захапляюцца нашай мовай і ў іншых краінах. Мне пашчасціла сустрэцца са студэнтамі Бакінскага славянскага ўніверсітэта, якія ўдзельнічалі ў Зорным паходзе са студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка. Высветлілася, што ў сваім універсітэце яны вывучаюць беларускую мову. Добра я знаёмы з выбітным даследчыкам, доктарам філалагічных навук, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Лукашанцам. Мы з ім у адзін год заканчвалі БДУ: ён – філалагічны факультэт, я – факультэт журналістыкі. Ён патлумачыў, што бацькі і яго аднавяскоўцы на Валожыншчыне заўжды гаварылі па-беларуску. І сфера навуковых інтарэсаў – беларускае мовазнаўства – для яго была наканавана. Бачыце, якіх вышынь у навуцы дасягнуў! Заўважу, у нас на ўсходзе Беларусі часцей асяроддзе было рускамоўным. А цэнтральныя раёны доўгі час, нягледзячы на асіміляцыйныя працэсы ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму, заставаўся і ў савецкія часы беларускамоўным. Чаму ўсяго за нейкія дзясяткі гадоў стала знікаць мова, пацікавіўся я неяк у Аляксандра Лукашанца. Вучоны мяне супакоіў, што мова не знікне, бо яна адна з дзяржаўных. Акрамя таго, больш становіцца носьбітаў беларускай мовы ў горадзе. Раней было што? Беларускую мову лічылі элементам вясковай культуры, рускую – гарадской. Зараз жа перадавая частка інтэлігенцыі, моладзь ганарыцца тым, што ведаюць родную мову. Размаўляюць і пішуць на ёй, складаюць вершы, песні ствараюць… Але ж прымусам уводзіць беларускую мову нельга, каб не выклікаць адваротную рэакцыю. І палітызаваць не трэба моўнае пытанне ні ў якім разе, як гэта робяць некаторыя несумленныя палітыкі… Жыве народ – будзе жыць і мова!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: