Родная мова, матчына слова. Колькі пра гэта напісана і сказана! Захаваць мову – наша задача. У пачатку дзевяностых гадоў ХХ стагоддзя спрабавалі пашырыць беларускую мову ў вну. Мне давялося выкладаць паліталогію ў педінстытуце па-беларуску. Тады дэкан факультэта заахвоціла мяне кампліментам, маўляў, раблю для беларускай мовы не менш, чым лінгвісты. Мы вялі дыскусіі на роднай мове.
І ад школы залежыць шмат. Калі мая дачушка Аксана ў канцы 80-х пайшла ў першы клас, з ёю вучылася дачка мастака Алеся Цыркунова. Ён быў ініцыятарам, каб дзеткі вучыліся па-беларуску. І быў у пачатковай школе клас з чатырох вучняў: не ўсе бацькі тады пажадалі. У гімназіі ўжо быў поўны беларускамоўны клас. І зараз мы ведаем, што ў школах існуюць такія класы. Адраджаюцца і беларускамоўныя школы. Ёсць прапанова стварыць і вну, дзе б навучанне вялося па-беларуску.
Ад выкладчыка залежыць, ці палюбяць вучні родную мову. Я ўспамінаю сваю настаўніцу Марыю Аляксееўну Старчанка. Яна ж была і выхавацелем нашага класа ў Кармянскай школе-інтэрнаце. Адданая сваёй справе, яна вучыла нас роднай мове і літаратуры не толькі падчас заняткаў. Розныя літмантажы да свят, конкурсы на лепшае выкананне літаратурных твораў. Нас натхняла тое, як хораша яна размаўляла па-беларуску, напамяць дэкламавала мноства вершаў. Так супала, што мы былі дзесяцікласнікамі, калі адзначалі юбілеі Купалы і Коласа. І лепшыя з нас удзельнічалі ў раённым конкурсе па творчасці класікаў. Маё сачыненне было адзначана і надрукавана ў раённай газеце “Зара над Сожам”. Гэты факт і тое, што я і да гэтага друкаваўся са сваімі допісамі і фотаздымкамі, прадвызначыла мой журналісцкі лёс: назаўтра пасля выпускнога балю, мяне залічылі літсупрацоўнікам раённай газеты. Праўда, працаваў нядоўга – паступіў на дзённае аддзяленне факультэта журналістыкі.
Вось тут пачалася сапраўдная работа над беларускім словам, бо гэта ж інструмент журналіста. Шмат далі нам, будучым журналістам, беларускамоўныя выкладчыкі, дацэнты і прафесары факультэцкіх кафедр – рупліўцы нашай мовы і культуры: Барыс Стральцоў, Аркадзь Наркевіч, Васіль Пыжкоў, Яўген Радкевіч, Мікола Каваленка. Я, напрыклад, назаўсёды запомніў дэмакратычнае стральцоўскае запрашэнне да спрэчкі: “Так ці не?” На першым курсе нам пашчасціла слухаць лекцыі па беларускай літаратуры Язэпа Зазекі, па гісторыі Беларусі – Лаўрэнція Абэцэдарскага, Івана Сідарэнкі. Вось якая была школа і прыклад валодання мовай. Мяне і зараз папракаюць за фрыкатыўнае “г” у маіх рускамоўных выступленнях. Матчына мова прабіваецца праз строй рускіх слоў.
А як я люблю занатоўваць словы, якія пачуў ад маці, маіх аднавяскоўцаў. І зараз не-не ды і ўспамінаюцца яны. Некаторыя з іх – дыялекты, што можна знайсці толькі ў вялікім слоўніку Фёдара Піскунова. А пачаў я іх збіраць і занатоўваць, калі ў аднаго з ўдзельнікаў маёй перадачы, дарэчы філалага, я не атрымаў тлумачэння слова “карэц”. У нас на усходзе Беларусі – у Гомельскай і Магілёўскай абласцях яно ўжываецца здавён. Відаць, з тых часоў, калі конаўку рабілі з бярозавай кары. Больш за тое, у даследчыка літаратуры Івана Новікава ў кнізе “Пушкин в Михайловском” на 155 старонцы менавіта праз словы паэта, ён прывёў гэта слова. Значыць, і на Пскоўшчыне яно выкарыстоўвалася. І такіх дыялектаў шмат я запісаў. Напрыклад, толькі вакол печы іх шмат: чапяла, загнет, чалеснікі, запек, прыпек, комін, падпечча, чарэн, цэбар , засланка і ганчурка. Наўрад ці ўсім ім ёсць адпаведнікі ў літаратурнай мове. Вось як я працягваю спазнаваць матчыну мову. Іншы раз і думкі выстройваюцца па-беларуску. Асабліва зараз, калі яна ў актыўным ужытку і прафесійным прымяненні.
Добра я знаёмы з выбітным даследчыкам, доктарам філалагічных навук, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Лукашанцам . Мы з ім у адзін год заканчвалі БДУ: ён – філалагічны факультэт, я – факультэт журналістыкі. Ужо тады размаўляў на мове. Ён патлумачыў, што маці і яго аднавяскоўцы на Міншчыне заўжды гаварылі па-беларуску. І сфера навуковых інтарэсаў – беларускае мовазнаўства для яго была наканавана і бачыце, якіх вышынь у навуцы дасягнуў.
Заўважу, у нас на ўсходзе Беларусі часцей асяроддзе было рускамоўным. А цэнтральны рэгіён доўгі час, нягледзячы на асіміляцыйныя працэсы ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму, заставаўся і ў савецкія часы беларускамоўным. Пасля першага курса на практыку я трапіў ў Лагойскую райгазету “Ленінскі сцяг”. З адкрыцця піянерскага лагера ў Янушкавічах я рабіў рэпартаж. Я заўважыў, што ўсе дзеці гавораць па-беларуску. Маё здзіўленне не падзяліў супрацоўнік газеты Іван Сіляўка: на Лагойшчыне ўсе размаўляюць на мове.
Чаму за нейкія дзясяткі гадоў стала знікаць мова, пацікавіўся я неяк у Аляксандра Лукашанца. Ён прывёў некалькі аргументаў: і доўгае існаванне двухмоўя, і палітыка савецкай дзяржавы па стварэнні новай супольнасці – савецкі народ, дзе была б агульнай мовай міжнацыянальных зносін – руская…
Вучоны мяне супакоіў, што мова не знікне, бо яна адна з дзяржаўных. Акрамя таго, зараз назіраецца такая станоўчая тэндэнцыя: усё больш становіцца носьбітаў беларускай мовы ў горадзе. Раней было што? Беларускую мову лічылі элементам вясковай культуры, рускую – гарадской. Зараз жа перадавая частка інтэлігенцыі, моладзь ганарацца тым, што ведаюць родную мову. Размаўляюць і пішуць на ёй, складаюць вершы, песні ствараюць…
Але ж прымусам уводзіць беларускую мову нельга, каб не выклікаць адваротную рэакцыю. І палітызаваць не трэба моўнае пытанне, як гэта робяць несумленныя палітыкі. Жыве народ – будзе жыць і мова!