Падзяліцца:
Вердыкт. ЖЗЛ – жонкі знакамітых людзей. Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
7 Сакавіка 2017
Вердыкт. ЖЗЛ – жонкі знакамітых людзей. Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Жанчыны як тыл і надзейная апора, дарадцы і паплечніцы знакамітых і выбітных мужчын – вось пра што я хачу пагаварыць напярэдадні Дня жанчын. Роля ахоўніцы дамашняга ачага, стваральніцы ўтульнасці, здольнай наладзіць сямейнае жыццё і першай выхавацельніцы дзяцей – прызначэнне жанчыны. Занятаму мужчыну, апантанаму творцу, альбо рэвалюцыянеру важна адчуваць побач паплечніцу, якая незаменная, з ёй можна заўсёды параіцца, адчуць падтрымку. І тады мужчына цалкам аддаецца справе і прысвячае ёй жыццё. У многіх выдатных людзей былі такія жанчыны. Іх не пужала матэрыяльная нястача. Яны адмаўляліся ад дабрабыту, створанага бацькамі, і нават ішлі насуперак іх волі. Жонкі рэвалюцыянераў, акрыленыя ідэаламі свабоды, роўнасці, братэрства, яны кінуліся разам з любімымі мужчынамі пераўтвараць свет у адпаведнасці з тагачаснымі ўяўленнямі пра шчасце ўсяго народа. Такімі былі Жэні фон Вестфален у Маркса, Надзея Крупская ў Леніна, Вольга Лепяшынская ў паплечніка Леніна, нашага земляка Панцеляймона Лепяшынскага. Вольга, маці якой валодала шахтамі і параходамі на Урале, парвала з сям’ёй, бо лічыла багацці вынікам жорсткай эксплуатацыі чужой працы, стала рэвалюцыянеркай. Для рэвалюцыянераў другой хвалі быў яскравы прыклад у гісторыі, калі адзінаццаць любімых жанчын дзекабрыстаў, сасланых у Сібір, пайшлі ўслед за мужамі. Як і яны, цярпелі нястачу. У глыбіні сібірскіх руд даказалі сваё каханне. У пачатку ХХ стагоддзя сям’я Лепяшынскіх зведала нягоды сібірскай ссылкі. І не адной. І ці толькі яны? У канцы 19-га і пачатку 20-га стагоддзяў у тым жа Курагіне, дзе і Лепяшынскія, адбывалі ссылку сацыял-дэмакраты Віктар Курнатоўскі, Алена Стасава. Цяжкасці толькі ўмацоўвалі іх адносіны. Вольга Лепяшынская была няўрымслівай асобай. Яна не абмежавалася педагагічным вопытам у Ліцвінавіцкай школе-камуне, якую яны з Панцеляймонам стварылі на радзіме мужа ў Ліцвінавічах Рагачоўскага павета. Вучняў яе потым перавялі ў Маскву ў школу на Знаменцы, якая пазней стала насіць імя Лепяшынскага, у ёй вучыліся многія дзеці прадстаўнікоў Савецкага ўрада. Вольга Лепяшынская стала доктарам біялагічных навук, акадэмікам, лаўрэатам Дзяржаўнай (Сталінскай) прэміі, узнагароджана ордэнам Леніна і ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга. Яна прыязджала да нас, у Кармянскую школу-інтэрнат, бо Ліцвінавічы пазней апынуліся ў Кармянскім раёне. У народным школьным музеі, дзе ў старэйшых класах я быў экскурсаводам, размяшчаліся стэнды, прысвечаныя Леніну і Лепяшынскім. У мяне назіранні больш блізкія. Дзве педагагічныя сям’і, якія сябравалі, узгадваюцца мне як прыклад – Дзмітрыевых і Сухамлінскіх. Паплечнікам і сябрам для дырэктара Кармянскай школы-інтэрната была яго жонка Кацярына Васільеўна. Не сказаць, што яна заставалася ў цені выбітнага чалавека, які ў пачатку сямідзясятых стаў Героем Сацыялістычнай працы, у 80-я быў рэктарам Мазырскага педінстытута імя Крупскай. Кацярына Васільеўна сама з гонарам насіла званне Заслужанага настаўніка БССР, была дырэктарам школы ў Карме. З гадоў ваеннага ліхалецця яны былі разам. Ён – у партызанскай разведцы 10-й Журавіцкай партызанскай брыгады, яна – сувязная. Фронт яшчэ толькі адыходзіў на Захад, Міхаіла Апанасавіча прызначылі дырэктарам Журавіцкай школы. Здаралася, што ад блізкай кананады выляталі шыбы. Усё пераадолелі разам, траіх дзяцей вырасцілі, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Мы з аднакласнікамі наведвалі гэту сям’ю ўжо шмат гадоў пасля выпуску. І заўсёды пераконваліся: шчасце аднадумцаў – быць разам. Я ўзгадваю і іншую педагагічную сям’ю – Васіля Аляксандравіча і Ганны Іванаўны Сухамлінскіх. Пазнаёміліся яны ва Удмуртыі, калі пасля ранення Васіль не мог ужо вярнуцца на фронт, стаў настаўнічаць у тых мясцінах. Знаёмства з Ганнай перарасло ў каханне. І ён запрасіў з’ездзіць на Радзіму ва Украіну. Там яны затрымаліся на ўсё жыццё, стварылі знакамітую на ўвесь Савецкі Саюз Паўлышскую школу. Героем Сацыялістычнай працы стаў Васіль Аляксандравіч. Але ж я ведаю, якую ролю адыграла ў яго педагагічнай і публіцыстычнай творчасці паплечніца Ганна Іванаўна. Мне пашчасціла двойчы наведаць з дэлегацыяй Кармянскай школы-інтэрната Паўлыш, пабываць на ўроках Сухамлінскага і ў тым сціплым пакойчыку пры школе з мноствам кніг, дзе створаны ад першага радка да апошняга ўсе 500 твораў класіка савецкай педагогікі. Іх і пасля смерці аўтара працягвалі выдаваць Ганна Іванаўна і дачка з сынам. Гэта - пра жанчын у жыцці людзей заслужаных і вядомых. Але ж кожны з нас, мужчын, марыць, каб у жыцці была адзіная і каханая, якая б любіла і падтрымлівала, дзяліла радасці і гора, натхняла на выдатныя справы, была тылам і аддушынай, магла супакоіць і прыгалубіць. Гэта тайная альбо ўяўная мара кожнага мужчыны. Чаму ж толькі атрымліваецца так не ва ўсіх? Заўважу, тут і сам мужчына павінен быць варты такой жанчыны. І яе яшчэ трэба разглядзець сярод мноства навакольных і даказаць, што вы - той, хто ёй так патрэбны. І тады ў вас будзе шчасце.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: