Падзяліцца:
«Вердыкт. Зрабіць мінуўшчыну па-сучаснаму трэндавай з'явай!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
22 красавіка 2019
«Вердыкт. Зрабіць мінуўшчыну па-сучаснаму трэндавай з'явай!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Два мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню помнікаў і гістарычных мясцін, натхнілі мяне паразважаць на гэтую тэму. Я пабываў у дзяржаўнай навуковай установе “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” на круглым стале “Замкі Беларусі: пытанні рэканструкцыі і выкарыстання”. А ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэзентацыя Фэсту экскурсаводаў, таксама прысвечаная гэтаму святу. На круглым стале свае меркаванні выказалі архітэктары, мастацтвазнаўцы, гісторыкі, археолагі, дзеячы культуры, вучоныя і палітыкі. Шмат слушных і новых думак я пачуў ад спецыялістаў. Помнікі архітэктуры і абарончага дойлідства – матэрыяльнае ўвасабленне гістарычнай і культурнай памяці народа, крыніца звестак пра знамянальныя падзеі, жыццё і дзейнасць выдатных асоб, каштоўнасці і сацыяльныя нормы мінулых эпох, адлюстраванне навуковых ведаў, архітэктурных і будаўнічых традыцый нашых продкаў. Сёння ж яны разглядаюцца як адзін з элементаў устойлівага развіцця населеных пунктаў і тэрыторый Беларусі. Можна гаварыць і пра эканамічны патэнцыял замкаў Беларусі. Ён звязаны са стварэннем у іх музеяў, мастацкіх галерэй, арт-цэнтраў, атэляў і рэстаранаў. Гэтым працэсам звычайна спадарожнічае стварэнне адпаведнай інфраструктурры, рабочых месцаў для насельніцтва і ўмоў для турыстычнага бізнесу. У сферы культурнай і сацыяльнай іх можна разглядаць як сродак міжкультурнага дыялогу, захавання самабытнасці і ідынтычнасці беларускага народа, асаблівасці традыцыйнай культуры і яе папулярызацыі на міжнародным узроўні, умацавання сацыяльнай згуртаванасці мясцовых супольнасцей, усведамленне імі вытокаў беларускай дзяржаўнасці праз знаёмства з абарончым дойлідствам. Мне спадабалася дыскусія за круглым сталом людзей, неабыякавых да нашай мінуўшчыны, бо яе мэтай было вырашэнне метадалагічных і прававых пытанняў, звязаных з існаваннем помнікаў архітэктуры, абарончага дойлідства і прыстасаваннем іх да новых функцый. А рацыянальнае выкарыстанне – адна з важных умоў іх прапаганды. Канечне, важнае у сучаснай практыцы кансервацыі, рэстаўрацыі і рэканструкцыі даследаванне тых помнікаў і нават правядзенне абавязковай навуковай экспертызы праектнай дакументацыі аб’ектаў архітэктурнай спадчыны. Для гэтага неабходным патэнцыялам валодае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Каб захаваць помнік архітэктуры, як твор мастацтва і як сведку гісторыі для будучых пакаленняў, важна ўлічваць наслаенні розных культур, прыўнесеных у яго архітэктуру. І такое паняцце, як сапраўднасць і яго ўлік пры выбары праектных рашэнняў, таксама абмяркоўвалі спецыялісты. І сышліся на тым, што ахова, захаванне і выкарыстанне помнікаў абарончага дойлідства складае комплекс эканамічных, сацыяльных і іншых мерапрыемстваў для іх развіцця і гарманічнага ўключэння ў жыццё сучаснага грамадства і прадугледжвае ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, грамадскіх арганізацый, экспертаў, грамадзян. Чаму так? Напрыклад, кансервуецца сцяна Крэўскага замка. Можа, пазней і ўвесь аб’ект чакае такі лёс. Але рана яго паказваць экскурсантам. Трэба, каб у рэгіёне была створана адпаведная інфраструктура. Мне давялося пабываць у Крэве падчас адкрыцця турыстычнага цэнтра ў Смаргоні. Акцэнт быў зроблены на аграэкатурызме. На той час у раёне было больш за паўтара дзясятка аграсядзіб. Тады нам паказалі і разваліны Крэўскага замка – былой рэзідэнцыі Вялікага князя Ягайлы. Адчуванне былой велічы і цяпер не пакідае мяне. Часта ўспамінаю напалову разбураныя за тысячагоддзі таўшчэзныя сцены. А калі ўдумацца, якую ролю ён адыграў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, разумееш: экскурсійны маршрут мог бы быць красамоўны. Тут у 1385 годзе было падпісана пагадненне аб дынастычным саюзе паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ, якое атрымала назву Крэўская унія. Пазней тут адбыліся іншыя лёсавызначальныя падзеі, у тым ліку крывавыя. А ў шаснаццатым стагоддзі тут знайшоў часовы прытулак апанент рускага цара Івана Грознага князь Андрэй Курбскі, адсюль вёў перапіску з царом. Шмат гістарычных падзей звязана з Крэвам. Але ж паўнавартасны экскурсійны маршрут тут не створыш, пакуль не праведзена інфраструктура. Перадумовы ёсць – умоў няма. Дзясяты Фэст экскурсаводаў, які прайшоў на тыдні, арганізаваны захопленымі і апантанымі людзьмі, прывёў чатыры тысячы экскурсантаў на самыя розныя аб’екты не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў маленькіх паселішчах, дзе ёсць хоць якая славутасць. Нават былі экскурсіі на прадпрыемствы. Заўважу, самая папулярная – на піўзавод. Электронная рэгістрацыя дазволіла зрабіць фэст, як ніколі, масавым. Была экскурсія і ў Крэва, хоць пакуль на аматарскім узроўні. Тут распачата кансервацыя адной сцяны, бо ёсць больш важныя збудаванні, якія зараз рэстаўруюцца. Напрыклад, Косаўскі ансамбль, рэзідэнцыя караля Стэфана Баторыя ў Гродне. Але ж адзначу, рух у гэтым напрамку распачаты. І яго не спыніць, бо такім чынам Беларусь сцвярджае сябе як дзяржава з багатай гісторыяй. А замкі – найважнейшае месца гістарычнай памяці, нацыянальнай тоеснасці беларускага народа.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: