Падзяліцца:
Вердыкт. Звычкі воўчыя, а душа заячая... Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
9 Кастрычніка 2017
Вердыкт. Звычкі воўчыя, а душа заячая... Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Па рашэнні Міжнароднага кангрэса прыхільнікаў руху ў абарону прыроды ў пачатку кастрычніка вызначаны дзень, у які звяртаецца ўвага на ахову жывёльнага свету. У Беларусі падтрымліваюцца падобныя ініцыятывы. З першых гадоў незалежнасці прымаюцца меры па ахове прыроды і захаванні біялагічнай разнастайнасці. Экалагічная функцыя беларускай дзяржавы – адна з самых важных. Шмат новага і цікавага з’явілася ў заканадаўстве. Іншай стала і адказнасць: штрафы велізарныя, паўторнае парушэнне караецца як крымінальнае злачынства. Але ж браканьерства як з’ява не знікла. Нахабныя парушальнікі былі раней, ёсць і цяпер. Для мяне гэта тэма балючая. Сям’я наша жыла ў Чырвоным беразе, на Сожы. У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі да браканьераў заканадаўства яшчэ не было такім суровым, мой тата Іван Міхайлавіч Новікаў працаваў інспектарам рыбнагляду ў Чачэрскім лясгасе. Маці адгаворвала бацьку ад гэтай пасады, маўляў, рыбу некаторыя лічаць нічыйнай. А тут ахоўнік рыбных багаццяў. Сеткі, жакі, таптухі ды іншыя забароненыя прылады адымаў. А калі трывожныя сігналы пайшлі, маці тым больш настойвала. Не паслухаў. Першае папярэджанне ад браканьераў было, калі з нашай маленькай лодачкай, якой і я, сямігадовы, мог кіравіць, расправіліся сякерай, калі тата рабіў абыход па беразе. Лясгас тады даў бацьку лодку з маторам “Стрела-2”. Падсцераглі і падчас абходу матор скінулі ў рэчку, лодку пусцілі па цячэнні. Перахапілі людзі на трэцім кіламетры. А 55 гадоў таму вось такім жа кастрычніцкім вечарам нашу сям’ю напаткала няшчасце. Кажуць, конь ні ў якім разе не пойдзе ў ваду, у багну. Загналі нелюдзі. Патануў і конь, і бацька. Чулі мясцовыя людзі крыкі і валтузню між Отарам і Іпалітаўкай. 4 кастрычніка раніцай мой аднакласнік Сашка Балабашкоў, сын ляснічага, першым прынёс гэту жудасную вестку ў школу. Можна ўявіць, што перажыў я тады. Пазней былі падкінутыя пісьмы, напісаныя ці то левай рукой, ці то першакласнікам пад дыктоўку. Сястра Марыя зачытала і кажа: “Трэба аддаць у следства”. Маці забрала ліст з яе рук і – ў растопленую грубку са словамі: “Яго ўтапілі, а нас спаляць. Ты ж бачыш, колькі нянавісці”. У 1975 годзе я быў на практыцы ў рэдакцыі Чачэрскай раённай газеты “Трыбуна камунізму”, і сустракаўся з чалавекам, які ведаў вынікі пасмяротнай экспертызы бацькі. Тагачасны галоўны ляснічы Мядзелец, ён быў і сябрам бацькі, сказаў, што патапленне паследавала пасля нанесенага ўдара ў вобласці шыі. Яшчэ пазней мне давялося па справах быць у калгасе “50 гадоў БССР”, зараз гэта СПК “Отар”, размаўляў са старажыламі, якія памятаюць той жудасны выпадак. У вёсцы пазней даведаліся, чыіх рук гэта справа. Старшыня прафкама гаспадаркі Шлыкаў казаў, што таго нелюдзя праз некалькі гадоў пасля здарэння вада прыбрала. Прозвішча яго мы ведаем, але што з таго? Меў ці не меў ён дачыненне да другой выхадкі браканьераў, не менш жудаснай, ніхто не скажа. Калі на тую ж пасаду пасля бацькі перавялі з егераў Брулевіча, у яго стралялі. Прастрэлілі шыю, але застаўся жыць. Ён кінуў гэту працу і з’ехаў з нашых мясцін. Я з болем у сэрцы сустракаю інфармацыю пра браканьерства. Яно не сышло ў нябыт і сёння, хаця меры найстражэйшыя: штрафы вымушаюць плаціць велізарныя, а іншыя трапляюць за краты, у іх канфіскуюць машыны, матацыклы і лодкі. Але не перастаюць парушаць закон. І СМІ пішуць пра браканьераў-рэцыдывістаў. Бывае, што пагражаюць зброяй. Нядаўна Гомельская абласная інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету затрымала такога на Сожы ля вёскі Залессе, што за шасць кіламетраў ад Чырвонага Берага. Горш за ўсё, што сустракаюцца калектыўныя набегі на прыродныя багацці. Два гады таму была гучная справа. У Веткаўскім раёне былі затрыманы 14 чалавек. У іх ліку і тыя, хто закліканы ахоўваць прыроду. Двум з іх тэрміны зняволення прызначыў суд няслабыя. Толькі цывілізаваныя адносіны да прыроды дапамогуць захаваць яе для нашчадкаў. Заканадаўцы зрабілі суровыя перасцярогі, інспектары і праваахоўнікі робяць сваю справу. Але ж і грамадская думка павінна асуджаць браканьерства, каб пра кожны факт яго было вядома і ён не заставаўся без пакарання. Няхай кожны, хто плаціць штраф, падлічыць, колькі б рыбы купіў на тыя грошы. Відаць, на ўсё жыццё хапіла б.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: