Падзяліцца:
«Вырдыкт. Наш магутны мірны атам» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
9 красавіка 2018
«Вырдыкт. Наш магутны мірны атам» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Мне пашчасціла на свае вочы бачыць грандыёзную будоўлю, якая разгорнута паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці, – Беларускую атамную электрастанцыю. Такога арганізаванага заказчыка ўзвядзення АЭС, як Беларусь, генеральны падрадчык Адкрытае акцыянернае таварыства Інжынірынгавая кампанія «Атамбудэкспарт» раней не сустракаў, – адзначыў у гутарцы з журналістамі старшы віцэ-прэзідэнт кампаніі Сяргей Оланцаў. Па-гаспадарску падышлі тут да стварэння інфраструктуры. Адразу праведзены камунікацыі, дарогі. Пры забудоўванні горада энергетыкаў не сталі ўзводзіць часовыя інтэрнаты для бадаўнікоў, якія невядома як потым выкарыстоўваць. У горадзе добраўпарадкаваныя дамы з камфортымі кватэрамі. Пакуль там жывуць будаўнікі. Пазней жыллё стане камерцыйным. Узведзены дзіцячыя садкі і школы. Растуць сучасныя гандлёвыя цэнтры. Яшчэ больш уражанняў ад самой будоўлі. Маштаб каласальны. Для Беларусі гэта новы від работ, спецыфічны. І тут без спецыялістаў з Расіі не абыйсціся. Давялося пагутарыць з будаўнікамі з Валгадонска. Яны ўжо ўдзельнічалі ў падобных праектах у Кітаі, Індыі, Бангладэш. І гэты вопыт прывезлі ў Беларусь. Разам з 200 валгадонцамі на мантажы тэхналагічных трубаправодаў працуюць спецыялісты з Беларусі, асвойваюць і гэтыя віды работ. Вахта доўжыцца 63 дні. На яе месца заступіць новая. Работы вядуцца кругласутачна. Усяго ж на будоўлі Беларускай атамнай станцыі працуе сем тысяч чалавек мантажнікаў, наладчыкаў. Зараз будаўніцтва першага энергаблока Беларускай АЭС знаходзіцца на этапе завяршэння агульнабудаўнічых работ, актыўна вядуцца электрамантажныя і цепламантажныя работы. Год таму зманціраваны корпус рэактара першага энергаблока, завершана зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода. У турбінным цэху вядзецца мантаж агрэгата, тэхналагічнага абсталявання і трубаправодаў. Работы на першым энергаблоку на 90 працэнтаў выкананы, паралельна спецыялісты прыступілі да пусканаладачных работ. У адпаведнасці з графікам, ток першага энергаблока ў энергасетку будзе пададзены ў чацвёртым квартале 2019 года. Разбежка з пускам другога энергаблока складае 7 месяцаў. Беларуская АЭС будзе працаваць у складзе дзвюх рэактарных установак з энергетычным рэактарам магутнасцю 3200 мегават. У якасці паліва ў актыўнай зоне выкарыстоўваецца дыяксід урану. Работа ўстаноўкі прадугледжваецца як у базавым, так і ў рэжымах манеўравання. У аснову бяспекі ў праекце АЭС закладзены прынцып глыбокаэшаланіраванай абароны. Сістэма бар’ераў выключае выхад прадуктаў падзелу ў навакольнае асяроддзе. Нагадаю, у 2015 годзе ў штаб-кватэры Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) на 59-й Генеральнай канферэнцыі Рэспубліка Беларусь была прынята ў Савет кіраўнікоў МАГАТЭ. Гэтая арганізація аказвае нашай краіне эфектыўную кансультацыйную і экспертную падтрымку, метадалагічную і тэхнічную дапамогу па пытаннях, звязаных з развіццём нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы, у тым ліку ў галіне падрыхтоўкі кадраў. Наладжана падрыхтоўка спецыялістаў, якія будуць кіраваць станцыяй і абслугоўваць яе. Для гэтага ў 2016 годзе адкрыты вучэбна-трэніровачны цэнтр. Падрыхтоўка персаналу базіруецца на прынцыпах культуры бяспекі, сістэмным падыходзе да навучання, выкарыстанні міжнароднага вопыту эксплуатацыі энергаблокаў АЭС, якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Цэнтр аснашчаны поўнамаштабным трэнажорам, які ўяўляе сабой дакладную копію блока кіравання станцыяй, і аналітычным трэнажорам з графічнай імітацыяй панеляў і пультаў блочнага шчыта кіравання. Выкарыстанне гэтых трэнажораў дазваляе мадэляваць розныя рэжымы эксплуатацыі энергаблока, адпрацоўваць навыкі дзеянняў аператыўнага персаналу ў пазаштатных сітуацыях. “Стварэнне нацыянальнай ядзернай энергетыкі – значны крок ва ўмацаванні энергетычнай бяспекі краіны, магутны імпульс паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу і інавацыйнага развіцця”, – гаворыцца ў пасланні будучым пакаленням, што ўтрымліваецца ў капсуле, закладзенай у камень на месцы будаўніцтва Беларускай АЭС 9 жніўня 2012 года. Застаецца паўтара года да таго часу, калі першы ток яе прымножыць наш энергетычны баланс.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: