
“Не выключана, што зямляне – гэта нашчадкі перасяленцаў з космасу” – такую думку выказаў журналістам беларускі акадэмік Пётр Віцязь падчас нядаўняга Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.
І дадаў, што гэта яго ўласнае меркаванне. Як чалавек навукі, акадэмік падкрэсліў, што такая гіпотэза існуе і ўсё магчыма. А як чалавек адукаваны і выхаваны, ў сваім выказванні ён катэгарычным не быў.
“I think so” – я так думаю, у перакладзе з англійскай. Так звычайна пачынаюць выказванне сваёй думкі адукаваныя і выхаваныя носьбіты англійскай мовы. Зразумела, не тыя, хто развязвае інфармацыйныя і эканамічныя войны на падставе гучных заяў пра так званае атручванне.
А тыя, хто імкнецца да дыскусіі, мае ў сваім арсенале доказы і правераныя факты. І калі ў чымсці сумняваюцца ці адсылаюць да гіпотэзы, як паважаны акадэмік, то яшчэ раз канстатуюць: “I think so” – я так думаю, я так мяркую.
Вось гэтыя “I think so” не стане аўтарам розных “каментаў” на некаторых інтэрнэт-парталах і ў сеткавых выданнях.
Свежы прыклад. Не паспеў Нацыянальны банк Беларусі абвясціць пра рашэнне правесці мадыфікацыю банкнотаў, якія зараз у абарачэнні, як некаторыя заўзятыя каментатары на старонках сваіх інтэрнэт-парталаў пачалі пужаць чарговай дэнамінацыяй. Маўляў, долар расце, не за гарамі гіперінфляцыя, а пад замену банкнот – дэнамінацыя.
А за дужкамі іх разважанняў засталося галоўнае тлумачэнне рэгулятара: у 2019-2020 гадах будуць выпушчаны особныя наміналы банкнотаў замест састарэлых узору 2009 года, на некаторых зменіцца надпіс у сувязі з новай рэдакцыяй “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, будзе пазначаны новы год выпуску, а выявы архітэктурных будынкаў будуць прыведзены у адпаведнасць з актуальным знешнім выглядам. Пры гэтым Нацбанк толькі прыступіў да папярэдніх захадаў па выбары прадпрыемства-вытворцы і выпуску ў абарачэнне мадыфікаваных банкнот.
Так што ніякая дэнамінацыя тут не праглядаецца, але для ньюс-мейкераў некаторых інтэрнэт-рэсурсаў галоўнае, мабыць, не сутнасць падзеі, а свае далёка ідучыя разважанні і жаданне нанесці брудныя фарбы на рэальную карціну жыцця.
Так, новыя тэхналогіі далі нам магчымасць атрымліваць не толькі новыя веды і аператыўную інфармацыю, але і шмат чаго супярэчлівага, неправеранага, неабгрунтаванага. Тое, што раней было тэмай для абмеркавання на вузкіх дыскусійных пляцоўках, сёння льецца лавінай на шырокай інтэрнэт-прасторы. І карыстальнік сеціва часта не разумее, якія веды, якая інфармацыя дакладная, а што проста міф. Фэйк, як прынята зараз гаварыць, пра тое, што раней называлася “газетнай вуткай”.
І той, хто яе выдумляе ці проста з-за свайго невуцтва імкнецца разважаць і рабіць беспадстаўныя вывады, любіць часцей выступаць ананімна, хавацца за рознымі “нікамі”. І адказнасці за гэта не нясе.
Здаецца, прыйшоў час упарадкаваць такое становішча.
Абавязковая ідэнтыфікацыя каментатараў на форумах, якую заканадаўча мяркуецца ўвесці, заклікана станоўча паўплываць на агульны стан інтэрнэт-медыя, дзе павінна з’явіцца шырокая палітра кампетэнтных разваг, дзе факты будуць правераныя, а крытыка канструктыўная.
Я так думаю. Бо ў палажэнні аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі прадугледжана, што паведамленні ці матэрыялы карыстальнік зможа размяшчаць на інтэрнэт-рэсурсе только пасля такой працэдуры. Можа, тады чарговы каментатар добра падумае, перш чым кагосьці абразіць ці пад выглядам сенсацыі падкінуць фэйкавую навіну. Мне падаецца, што інтэрнэт-супольнасць ад гэтага толькі выйграе.
Пра адказнасць журналістаў сеткавых выданняў, супрацоўнікаў інтэрнэт-парталаў, наогул спецыялістаў медыйнай сферы шмат гаварылі на нядаўнім Беларускім міжнародным медыяфоруме “Партнёрства ў імя будучага”. Вядома, што інтэрнэт-рэсурсы сталі сёння эфектыўным інструментам фарміравання грамадскай думкі. Больш за тое, яны могуць быць каталізатарам буйных сацыяльных узрушэнняў і нават войнаў. Прыкладаў такіх, на жаль, нямала.
Таму “сёння пытанне стаіць не проста аб барацьбе з фэйкавай інфармацыяй і непрафесійнымі падыходамі да асвятлення сур’ёзнай праблематыкі, але і аб забеспячэнні інфармацыйнай экалогіі і інфармацыйнай абароне асобы” – канстатуецца ў рэзалюцыі, прынятай удзельнікамі медыяфоруму.
«I think so too» – я таксама так думаю, у перакладзе з англійскай.
А вы?