
Пачну з прыемнай навіны. Для мяне, і для многіх наведвальнікаў нашай раённай паліклінікі – у нас нарэшце з’явіўся свой участковы ўрач. Cпадзяёмся, што надоўга.
І не будзе, як раней: то да аднаго ўрача дадуць талончык, то да другога, і кожны раз тлумач, як гаворыцца, «ад печкі», якія ў цябе праблемы, чаму прыйшла на прыём.
Так, нават у сталічных паліклініках дэфіцыт участковых тэрапеўтаў. Не гаворачы ўжо пра вузкіх спецыялістаў. У нашай, напрыклад, свайго эндакрынолага, уролага, афтальмолага няма. Да неўролага трэба накіраванне тэрапеўта, а на прыём да рэўматолага ў занальную паліклініку можна трапіць толькі праз участковага ўрача.
Знаёмая карціна бадай што кожнаму з нас. А якое ж выйсце?
Галіновае міністэрства бачыць – ва ўкараненні інстытута ўрача агульнай практыкі. Гэта доктар шырокага профілю, які валодае базавымі ведамі з неўралогіі, эндакрыналогіі, кардыялогіі, хірургіі, отарыналарынгалогіі. У дапамогу яму не толькі медсястра, але і памочнік урача. На яго стале – абавязкова камп’ютар з поўнай інфармацыяй пра пацыента, вынікамі ўсіх абследаванняў, так званая электронная амбулаторная карта. А ў спецыяльнай сумцы – танометр, глюкометр, пераносны электракардыёграф і іншыя неабходныя медыцынскія прылады.
У Міністэрстве аховы здароўя абяцаюць, што ў 2020 годзе ў паліклініках не будзе ўчастковых тэрапеўтаў, іх заменяць урачы агульнай практыкі. І ў многіх паліклініках яны ўжо працуюць.
Пацыентам такія змены дапамагаюць эканоміць час: не трэба запісвацца на прыём да пэўнага спецыяліста, кваліфікаваная дапамога аказваецца ў адным кабінеце. Зразумела, у складаных выпадках без кансультацыі таго ж неўролага ці кардыёлага не абысціся.
Агульнаўрачэбная практыка – гэта сучасная арганізацыя ўчастковай медыцынскай службы. Хаця ў яе багатая гісторыя. Узгадаць можна земскіх дактароў, якія былі, па-сутнасці, урачамі шырокага профілю.
Цяпер у Беларусі вядзеца актыўная падрыхтоўка такіх спецыялістаў. Студэнты лячэбных факультэтаў медыцынскіх універсітэтаў, пачынаючы з 6 курса, пашыраюць сваю спецыялізацыю. А ўрачы-практыкі на курсах павышэння кваліфікацыі набываюць неабходныя веды. У 39-ай гарадской паліклініцы сталіцы дзейнічае кафедра агульнай урачэбнай практыкі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дзе ідзе перападрыхтоўка сталічных участковых тэрапеўтаў. Чакаецца, што сёлета 60 працэнтаў з іх стануць урачамі агульнай практыкі, а ў будучым годзе – 75 працэнтаў.
Фарміруецца і армія памочнікаў. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы, што ў Мінску, на спецыяльнасці «лячэбная справа» можна атрымаць кваліфікацыю «памочнік урача па амбулаторна-клінічнай допамозе».
Вельмі хочаца спадзявацца, што такая комплексная работа адладзіць сістэму пярвічнага звяна медыцынскай дапамогі, якое ўжо даўно чакае ўдасканалення і сучаснага падыходу.
Буду шчырая, апошнім часам зроблена нямала: заказаць талон да ўрача можна не толькі персанальна ў рэгістратуры, але і праз інтэрнэт, інфакіёск, у многіх паліклніках арганізавана анлайн-кансультаванне, працуе агульны даведачны нумар, электронная чарга ў працэдурныя кабінеты зняла многія арганізацыйныя пытанні.
Але па-ранейшаму чэргі ля кабінетаў урачоў, доўгае чаканне запісу да вузкага спецыяліста ці талончыка на розныя інструментальныя і ультрагукавыя даследаванні.
Не зніжацца нагрузка і на саміх тэрапеўтаў, якая па нарматывах зараз складае 1700 жыхароў на ўчастку. Таму ў майго новага ўчастковага ўрача на рабочым стале па-ранейшаму стосы папяровых картак пацыентаў, а апошні з іх пакідае кабінет, калі ў самой паліклініцы ўжо завершаны працоўны дзень.
Рыхтуючы гэты радыёблог, я зазірнула на спецыялізаваны сайт вакансій і знайшла цікавую інфармацыю: нямала сталічных медыцынскіх устаноў запрашаюць да сябе ўрачоў агульнай практыкі, заробак абяцаюць неблагі, некаторыя нават гарантуюць інтэрнатам забяспечыць. Значыць, такія спецыялісты запатрабаваныя, за імі будучае.
Участковы ўрач-універсал – амаль што сямейны, свой доктар, да якога можна звярнуцца па шырокім спектры праблем са здароўем і атрымаць кваліфікаваную дапамогу. Ці не пра такое мы марым?
Я думаю, так. А вы?