Падзяліцца:
Як у Аршанскім раёне выратоўваюць ад закрыцця школу? (аўдыё)
21 Чэрвеня 2017
Як у Аршанскім раёне выратоўваюць ад закрыцця школу? (аўдыё) Якасная і даступная адукацыя – адзін з прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Прычым, як у буйных гарадах, так і ў глыбінцы. Між тым, для эфектыўнага развіцця сістэмы адукацыі ў сельскай мясцовасці праводзіцца аптымізацыя. Сельскія школы не заўсёды адпавядаюць сучасным патрабаванням для навучання, вучняў становіцца менш, таму такія ўстановы закрываюцца. Толькі ў Віцебскай вобласці летась дваццаць адна школа спыніла існаванне. Праўда, вяскоўцы не заўсёды разумеюць такія рашэнні мясцовых улад. Святлана Машканава разбіралася, чаму ў аграгарадку Лісуны Аршанскага раёна бацькі і настаўнікі імкнуцца адстаяць маленькую школу.

Пра закрыццё школы жыхары аграгарадка Лісуны, што на Аршаншчыне, даведаліся яшчэ ў лютым. Зараз канікулы. Але ж дзецям, іх бацькам і настаўнікам не да адпачынку. Усе ў роспачы – няўжо сёлетні навучальны год быў апошнім у іх роднай школе? Кажа вучаніца Лісуноўскай сярэдняй школы Аршанскага раёна Вікторыя Трафімава:

«Мы жадаем у нашай школе вучыцца, бо прызвычаіліся. Тут мы ўсіх ведаем. А ў той, куды пяройдзем (калі пяройдзем), будуць незнаёмыя рабяты, там нас могуць не прыняць. І ездзіць нам будзе далёка».

У Лісуноўскай школе 36 вучняў, тут жа ў дзіцячым садку выхоўваецца яшчэ адзіннаццаць дашкалят. Школа хоць і малакамплектная, але мае свае дасягненні. З рашэннем мясцовых улад закрыць школу людзі незгодныя. Гаворыць жыхар аграгарадка Лісуны Максім Самасейка:

«Дзеці ў школу ідуць як дамоў. Для іх педагогі як бацькі. У нас атрымліваецца вялікая дружная сям'я. Дзецям тут камфортна».

Улады запэўнілі: закрыццё школы ў Лісунах – мера вымушаная, на якасці навучання гэта не адаб'ецца. Педагогі таксама не застануцца без працы. А вось дзе будуць вучыцца дзеці – у Зубрэвічах альбо Коханаве – права выбару пакінулі за бацькамі. Кажа жыхарка аграгарадка Лісуны Аршанскага раёна Іна Мярэшка:

«Варыянт прапаноўвалі Зубрэвічы – і толькі Зубрэвічы. Калі мы адпраўляем дзяцей на Коханава, значыць за іх дастаўку, здароўе адказваем мы самі, бацькі».

А бліжэйшая школа ў Коханаве Талачынскага раёна – за 9 кіламетраў. Тут навучаецца больш за 500 дзяцей, сярод іх і вучні 10-11 класаў Лісуноўскай школы. Умовы для атрымання адукацыі тут дастойныя, - запэўнівае начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хама:

«Мы за кошт зэканомленых сродкаў забяспечваем наяўнасць сучаснага абсталявання. Сёння ў коханаўскай школе абсталяваны сучасны кабінет фізікі. Ёсць іншае абсталяванне, якое дазволіць дзецям атрымліваць якасную адукацыю і на роўных канкурыраваць з выпускнікамі гарадскіх школ».

Любое новаўвядзенне, безумоўна, адразу ўспрымаецца неадназначна. Між тым, вучні і педагогі Кабішчанскай школы (у Гарадоцкім раёне) не шкадуюць, што ўліліся ў калектыў вялікай Пальмінскай сярэдняй школы. Хаця спачатку таксама былі апасенні, - прыгадвае маці вучаніцы Таццяна Прышчэпава:

«Вельмі падабаецца ў гэтай школе, таму што шмат аднагодак. Ёсць з кім паразмаўляць, ёсць на каго раўняцца. У вучобе яна падцягнулася, таму што больш магчымасцей – ёсць у іх камп'ютарны клас, вельмі шмат мерапрыемстваў праводзіцца».

Новае жыццё атрымаў і будынак школы ў Кабішчах. Тут размясціўся новы сучасны дзіцячы аздараўленчы лагер. У чэрвені ён прымае каля сотні дзяцей. Што да закрыцця малакамплектных школ, то мера гэта прадыктавана часам. Трывалыя веды атрымліваць лепш у сучасных школах з добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай і ў вялікім калектыве. Усё гэта дапамагае ўсебаковаму гарманічнаму развіццю асобы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: