
Віцебск стаў першым горадам, дзе здымачная група папулярнага японскага тэлеканала пачала ствараць фільм пра Беларусь. Славутыя мясціны старажытнага горада на Дзвіне – гэта толькі частка маштабнага японскага праекта. У аб'ектыў відэакамер трапяць шмат знакавых мясцін – у Магілёве, Мінску, Белавежскай пушчы, Мірскім і Нясвіжскім замках. Віцебск зацікавіў японскіх тэлежурналістаў як культурная сталіца Беларусі. Яны пабывалі ў гістарычным цэнтры Віцебска і наведалі мясціны, звязаныя з Маркам Шагалам. Наш карэспандэнт Святлана Машканава назірала за работай японскіх калег.
Тэлевізійная брыгада з сямі чалавек дзейнічае аператыўна і са знакамітай японскай працаздольнасцю. Віцебск багаты на славутасці, а вось часу для здымак ў прадстаўнікоў Краіны ўзыходзячага сонца - толькі дзень. Кіруе здымачным працэсам Міюкі Кавасакі.
«Я ўпершыню ў Віцебску. Найбольш уразіла мясцовая архітэктура – выглядае, як на карцінах. Праграма, якую я рыхтую для сваёй тэлекампаніі, хацела б прадставіць Віцебск як найбольш прывабнае месца для турызму для многіх японцаў».
Дамоўленасць пра тое, што японская здымачная група наведае Віцебск, была дасягнута на міждзяржаўным узроўні некалькі гадоў таму. А летась рэжысёр будучага фільма сам прыехаў у абласны цэнтр, каб вызначыцца з аб'ектамі, што трапяць у аб'ектывы камер. Іх – з добры дзясятак. Для японскіх журналістаў гэта адметнасць, па якой складваецца ўражанне ў цэлым пра краіну ў цэнтры Еўропы. Гаворыць галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак.
«Віцебск будзе прадстаўлены ў першую чаргу як горад мастакоў. Так пажадалі самі аўтары – яны папярэдне пабывалі ў нашым горадзе яшчэ ў мінулым годзе, наведалі нашы храмы, установы культуры, і спадабалася менавіта гэтая тэма. Таму што і Шагал, і УНОВИІС, і шмат іншых аб'ектаў, якія звязаны ў першую чаргу з мастацтвам, - гэта тое, што запатрабавана ў свеце, тое, што цікавіць гледача, у тым ліку японскага. Для многіх яшчэ, на жаль, Беларусь – гэта Terra Incognita, якая знаходзіцца дзесьці ў Еўропе, таму галоўная наша задача – проста заявіць пра сябе, заявіць, што мы ёсць, што ў нас ёсць культура, гістарычная спадчына».
Убачыць Беларусь ва ўсёй прыгажосці, з багатай архітэктурай і гасціннымі жыхарамі тэлегледачы ў Краіне ўзыходзячага сонца змогуць у канцы ліпеня на адным з папулярных японскіх каналаў.