Барыс Іванавіч Луцэнка пасля заканчэння Беларускага мастацка-тэатральнага інстытута працаваў рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, Тэатра-студыі кінаакцёра.
За сваю багатую творчую дзейнасць паставіў дзясяткі выдатных спектаклей паводле твораў беларускай і сусветнай літаратуры. Часта сам быў аўтарам інсцэніровак. Яго пастановачная стылістыка вельмі выразная і мае філасофска-маштабны погляд на прачытанне літаратурнай першакрыніцы. Метафарычнасць і экспрэсія, аўтарскае бачанне праблемы, якая закладзена ў аснове драматургічнага твора, і цэласнасць задумы заўсёды адрознівалі спектаклі Майстра. Многія з іх складаюць сёння залаты фонд беларускага тэатральнага мастацтва.
У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёверсій спектаклей купалаўскага тэатра і тэатра імя Максіма Горкага ў пастаноўцы Барыса Луцэнкі. Яны пастаянна гучаць у нашым эфіры.
На працягу “Юбілейнага тыдня” ў “Тэатры Беларускага радыё” слухайце наступныя спектаклі рэжысёра Барыса Луцэнкі:
11 і 12 верасня – “Макбет” Уільяма Шэкспіра,
13 і 14 верасня – “Апошняя інстанцыя” Мікалая Матукоўскага,
15 і 16 верасня – “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы,
17 і 18 верасня – “Таблетку пад язык” Андрэя Макаёнка.